Маладая, увішная, старанная

Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

6-4-11-5x

На раённым конкурсе тэхнікаў-асемянатараў Аксана Мельнікава з ААТ «Каганец» заняла першае месца і была запрошана на ўрачыстае мерапрыемства, арганізаванае Мінскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў у гонар пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства «Майстар Мінскай вобласці – 2016», якое праходзіла ў Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры. У зале сабраліся лепшыя ў сталічным рэгіёне прадстаўнікі розных прафесій і галін вытворчасці, якія перамаглі ў конкурсах прафмайстэрства, – усяго 21 чалавек. І сярод іх наша Аксана – маладая, прыгожая, поўная сіл і энергіі. Удзельнікаў цёпла вітаў старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі.

– Запрашэнне такога ўзроўню атрымала ўпершыню, таму вельмі хвалявалася і практычна ўсю ноч правяла з незаплюшчанымі вачыма, – сказала Аксана Аляксандраўна. – Вельмі рада і ўзрушана, бо раней практычна нікуды не ездзіла. Пастаянна ў дамашніх клопатах, ды і работа ў мяне такая, што не вырвацца. Усё вельмі спадабалася. А канцэрт, без перабольшвання, быў проста цудоўным. Засталося шмат прыемных успамінаў і задавальненне ад таго, што мая праца заўважана і ацэнена.

На сцэну для ўшанавання Аксану Мельнікаву выклікалі першай. Са словамі ўдзячнасці за нялёгкую плённую працу і майстэрства старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі ўручыў ёй ганаровую ленту, дыплом, прэмію і букет прыгожых ружаў. Жанчына гаворыць, што ўсё адбывалася нібыта ў сне. І сёння яна яшчэ пад уражаннем гэтай першай і таму вельмі значнай у яе жыцці падзеі.

Працаваць у жывёлагадоўлю Аксана прыйшла не выпадкова, бо ведала гэтую работу. Яе маці рупілася на малочнатварнай ферме даяркай, і дзяўчынка яшчэ школьніцай дапамагала ёй уходжвацца.

 – З каровамі з маленства, люблю жывёлу і другой прафесіі для сябе не ўяўляю, – працягвае размову жанчына. – Да работы звыклая. Мы і зараз з мужам на падворку хатнюю жывёлу трымаем. Як уладкаваліся на працу ў таварыства, Аляксандр працуе газаэлектразваршчыкам, то кіраўніцтва адразу ж выдзеліла нам новы дом у Засуллі. Жыць тут зручна – і школа, і сад недалёка.

Сям’я Мельнікавых – шматдзетная. Самаму малодшаму Мікітку чатыры годзікі, старэйшая дачка Віка ходзіць у сёмы клас, а сярэдняя Ліза – у чацвёрты. Клопатаў у маці хапае і дома, і на рабоце. І сапраўды, у паездку выбрацца практычна не атрымліваецца.

Пасля заканчэння школы Аксана Аляксандраўна пачынала працаваць аператарам машыннага даення на МТФ «Ячнае» КСУП «Заямнаўскае» (цяпер – ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»). Далі групу кароў. З абавязкамі сваімі спраўлялася выдатна. Дапамагала спецыялісту выяўляць кароў у ахвоце, і паступова яе прыцягвала работа тэхніка-асемянатара. Аксана хацела навучыцца асемяняць кароў. Гэта не засталося незаўважаным, і неўзабаве ёй прапанавалі паехаць на курсы ў Сенніцу. Згадзілася з задавальненнем і пасля вучобы пачала працаваць самастойна.

Так атрымалася, што вымушаны былі пераехаць на работу ў другую гаспадарку – ААТ «Каганец». І даяркай, і загадчыцай фермы была. А пасля дэкрэтнага водпуску прапанавалі ёй пайсці тэхнікам-асемянатарам на МТФ «Зарэчча». Жанчыне пашанцавала, бо прымала справу ў аднаго з самых кваліфікаваных спецыялістаў не толькі гаспадаркі, а і раёна – Раісы Жук. Раіса Леанідаўна шмат гадоў рупілася на ферме і пасля выхаду на заслужаны адпачынак, але гады бяруць сваё, і жанчына вырашыла перадаць эстафету маладзейшым.

– Вельмі ўдзячна Раісе Леанідаўне за тое, што яна многаму мяне навучыла і выходзіла дапамагала, пакуль я, калі можна так сказаць, не набіла руку, – з цеплынёй адзываецца Аксана Аляксандраўна аб сваёй настаўніцы. – І цяпер, калі сустракаемся, у нас ёсць аб чым пагутарыць, і я заўсёды прыслухоўваюся да яе парад.

Аксана Мельнікава не падвяла сваю папярэдніцу. Яна дастойна працуе і мае неблагія паказчыкі ў рабоце. На 100 кароў ад кароў яна атрымала летась 101 цяля. І сёлета плён працы спецыяліста відавочны. Дзякуючы старанням і добрасумленнай працы Аксаны Аляксандраўны ладзяцца справы ў малочнай галіне фермы і таварыства ўвогуле. Жывёлаводы атрымліваюць высокія вынікі па надоях малака.

На наступным тыдні Аксана Мельнікава будзе прымаць удзел у абласным конкурсе тэхнікаў-асемянатараў. Яна кожны дзень папаўняе свае тэарэтычныя веды і, зразумела, вельмі хвалюецца. Пажадаем ёй удачы на конкурсе і далейшых поспехаў у рабоце.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *