У сельгаставарыствах

Нумары Сельская гаспадарка

ПАЛЕПШЫЛІ ЎМОВЫ

Для паляпшэння ўмоў утрымання буйной рагатай жывёлы на малочнатаварных фермах гаспадаркі сёлета праведзена некалькі рэканструкцый. На МТФ «Кондратавічы» старое збудаванне пераабсталявана пад утрыманне цялушак: забетанавана падлога, зроблены кармавыя сталы, устаўлены новыя дзверы і вокны з полікарбанату. Завяршаецца тут і рэканструкцыя цялятніка. На ферме ў Рудзевічах, дзе функцыянуе даільная зала, праведзена рэканструкцыя другога памяшкання пад беспрывязное ўтрыманне дойнага статка. На Рочавіцкай ферме накрылі дах кароўніка. Фермы ў Кондратавічах і Рочавічах абгарадзілі металічнай сеткай. Сярод новага будаўніцтва сянажна-сіласная траншэя на Кондравіцкай ферме, якую запоўнілі кукурузным сіласам.

 

ДАПАМОЖА АНАЛІЗАТАР

Кіраўніцтва таварыства зацікаўлена рэалізоўваць перапрацоўшчыкам малако высокай якасці. Палепшыць гатунковасць прадукцыі дазволілі набытыя сёлета тры партатыўныя сістэмы MAS-D-TEC. А нядаўна куплены на Мінскім малаказаводзе і ўстаноўлены ў лабараторыі на МТФ «Рочавічы» аналізатар саматычных клетак EKOMILK Scan.

– Закупім рэактывы, набудзем вагі і ў лістападзе будзем карыстацца прыборам, – гаворыць галоўны заатэхнік Вікторыя Касцюкевіч. – Робячы рэгулярны аналіз малака, своечасова выяўляем мастыты ў кароў і лечым гэтую хваробу.

Жывёлаводам пакуль не ўдаецца адгружаць усё малако вышэйшым гатункам, але прыкладаюцца намаганні для паляпшэння якасці малака.

 

ТАВАРНАСЦЬ НА ЎЗРОЎНІ

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў рэспублікі за першыя тры кварталы бягучага года. Па таварнасці малака наш раён займае пятае месца ў вобласці, а першае падзялілі Смалявіцкі і Чэрвеньскі. У рэспубліцы лепшы вынік у Аршанскага раёна (Віцебская вобласць). Па валавых паказчыках прадукцыі жывёлагадоўлі, сярэдніх надоях ад каровы і сярэднясутачных прывагах на вырошчванні і адкорме наш раён на 27-й прыступцы. У лідарах па-ранейшаму Нясвіжскі раён, а ў аўтсайдарах – Чэрыкаўскі (Магілёўская вобласць). Сярод комплексаў па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы вытворчыя падраздзяленні ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Дзераўное» адпаведна на 26-м і 73-м месцах. Лепшыя паказчыкі ў ААТ «Старыца-Агра»(Капыльскі раён).

 

ТАННЫ І ДАСТУПНЫ СПОСАБ

Пад ураджай будучага года ў гаспадарках раёна сёлета высеяна 3023 тоны насення азімых збожжавых культур. У прыватнасці, 1775 тон трыцікале, 911 – пшаніцы, 337 – жыта, а таксама 24,3 – рапсу і 10,1 – свірэпіцы. Высявалі насенне не ніжэй першай рэпрадукцыі. Звыш 1100 тон склала суперэліта і эліта, 20 тон – гадавальнікі размнажэння. Сартавы састаў насення разнастайны. Сортазмена з’яўляецца адным з важнейшых танных і даступных спосабаў павелічэння ўраджайнасці ўсіх сельскагаспадарчых культур.

Сярод новых сартоў жыта – «галубка», які вырошчваўся ў элітгасе ААТ «Агранёманскі» і няблага сябе зарэкамендаваў. Выведзены гэты ўстойлівы да палягання і халадоў сярэдняспелы сорт у РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве». Набылі яго пяць гаспадарак. У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» пасеяна 160 гектараў пшаніцы нямецкай селекцыи «аркціс» – сорту «моцнай пшаніцы», з высокім утрыманнем клейкавіны і бялку. У севазвароце пшаніцу ў асноўным прадставілі «сюіта»і «канвеер». Агранёманцы заклалі для размнажэння 20 гектараў сорту «мроя», а з трыцікале – перспектыўны сорт «дынама».

Асабліва разнастайны відавы састаў азімага рапсу, які адметны новымі зімастойкімі высокаўраджайнымі гібрыдамі ад ЗТАА «Рапуль Бел» – «інсперацыён», «румба», «верытас», «мінерва», «эдымак», «марафон».

 

ПЕРСПЕКТЫЎНЫ «ГІТАГА»

У ААТ «Агранёманскі» убралі на зерне 95 гектараў кукурузы – гэта адна з самых вялікіх плошчаў у раёне. Намалацілі з кожнага гектара па 108,7 цэнтнера, валавы збор склаў 1033 тоны. Дарэчы, у гэтым таварыстве штогод атрымліваюць неблагую ўраджайнасць зерня кукурузы, бо высяваюць перспектыўныя сарты. Намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі расказвае, што дзесяцігектарны ўчастак кукурузы, дзе вырошчвалі на зерне гібрыд французскай селекцыі «гітага» фірмы Syngenta seeds аддзячыў нават 146 цэнтнерамі зерня на круг. На астатняй плошчы высявалі насенне нямецкіх перспектыўных сартоў.

 

УНОСІЦЦА АРГАНІКА

Адна з важнейшых палявых работ на даны момант – унясенне ў глебу арганічных угнаенняў. У пачатку тыдня на гэтым завастрыў увагу гебурнатар вобласці Сямён Шапіра. Як адзначаюць у райсельгасхарчы, той добры гаспадар, хто ўносіць арганіку ў глебу ў летне-асенні перыяд. Гаспадаркамі нашага раёна нарыхтавана звыш 225 тысяч тон арганічных угнаенняў, вывезена звыш 212 тысяч. Унесена каля 78 тысяч тон – больш, чым за адпаведны перыяд летась. Апошнімі днямі актывізавалася работа ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе тэхнікай таварыства штодзень уносіцца ў глебу звыш тысячы тон «вітамінаў урадлівасці». Больш як па паўтысячы тон – у ААТ «Налібакі Агра» і ААТ «Каганец», якім дапамагае механізаваны атрад з райаграсэрвіса.

Надзея БАТАЛКА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *