Апавяшчальнік. Служба 101, 112

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». Бягучы тыдзень быў асабліва багаты на сустрэчы і прафілактычныя мерапрыемствы. Аб некаторых з іх – у наступнай падборцы.

 8-4-11-5c

КАНІКУЛЫ З ВЫРАТАВАЛЬНІКАМІ

Гэты тыдзень у дзяўчынак і хлопчыкаў – тыдзень адпачынку, асенніх канікулаў. На жаль, парою ў пагоні за канікулярнай «сенсацыяй» некаторыя забываюць пра самае галоўнае – уласную бяспеку. З улікам гэтага выратавальнікі раёна не расслабляюцца – у рамках акцыі яны наведваюць школьныя аздараўленчыя лагеры, каб яшчэ раз нагадаць дзетвары: адпачываць можна і трэба бяспечна!

Выратавальнікі праводзяць з дзецьмі гутаркі бяспекі, запрашаюць на віктарыны і конкурсы, паказваюць тэматычныя відэафільмы і, безумоўна, даюць магчымасць прымераць на сябе экіпіроўку пажарнага і расказаць сябрам сваю неверагодную гісторыю з жыцця выратавальніка.

Самыя ж актыўныя і дапытлівыя не чакаюць работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у госці, а наведваюць з экскурсіяй пажарную часць. Высвятляецца, што дзецям цікава пазнаёміцца з пажарнай тэхнікай, прайсці праз адмысловыя перашкоды замест праседжвання дома за камп’ютарам.

– Кожная новая сустрэча з дзецьмі – гэта яшчэ адзін крок у накірунку бяспечнага і шчаслівага дзяцінства, – акцэнтуе ўвагу інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей. – Вельмі хочацца верыць у тое, што крокі гэтыя ажыццяўляюцца насустрач, на збліжэнне абодвух бакоў: дарослых, якія тлумачаць і вучаць, і дзяцей, якія слухаюць і выконваюць!

НА ЗДЫМКУ: канікулярныя «прыгоды» з удзелам выратавальнікаў у Навасвержанскай школе.

 

СІЛА ПРЭЗЕНТАЦЫІ

У Стоўбцах на базе цэнтральнай аптэкі адбылася сустрэча начальніка вытворча-тэхнічнага цэнтра ўстановы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» Генадзя Кульчыцкага з аптэчнымі работнікамі раёна.

Выступленне суправаджалася прэзентацыяй, з паказам рэальных фактаў пажараў. Як вядома, на Міншчыне з пачатку года здарылася больш за 1100 пажараў, у якіх загінулі 135 чалавек, у тым ліку абарвалася жыццё трох дзяцей. На Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны 34 пажары, пяць ахвяр агню. Сярод загінуўшых – і хлопчык 2007 года нараджэння з Цеснавой (ён загінуў разам з маці). Ёсць і пацярпелы на пажары падлетак, жыццё якому выратаваў сусед, былы работнік пажарнай службы.

Выступоўца нагадаў не толькі пра вогненную небяспеку. Асцярожнасць неабходна ў сувязі з выпадзеннем дзяцей з вокнаў, пры абыходжанні з незнаёмымі прадметамі і т. п.

 

У СЕЛЬВЫКАНКАМЕ ГАВАРЫЛІ ПРА АПАВЯШЧАЛЬНІКІ

У Наваколасаўскім сельвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі з удзелам прадстаўнікоў раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, адукацыі, спорту і турызму, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сярод запрошаных – і далёка не самыя законапаслухмяныя жыхары пасёлка.

Апошнія «заслужылі» да сябе пільную ўвагу па розных прычынах: злоўжыванне алкаголем, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей і т. п. Адзін з бацькоў проста ашаламіў: «Мая задача накарміць і апрануць, а пра бяспеку няхай іншыя турбуюцца».

Запрошаным на пасяджэнне грамадзянам было нагадана пра неабходнасць клапаціцца ў першую чаргу пра дзяцей, а не пра асабістае жыццё ды адпачынак. Актуальнасць мае ўстаноўка ў доме аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Прыбор каштуе нядорага, аднак у большай часткі гэтых людзей грошай на яго набыццё чамусьці не хапае.

На шчасце, пасля прынцыповай гутаркі, праведзенай членамі камісіі, былі і тыя, хто ўсвядоміў: жыццё – самае каштоўнае, і рызыкаваць ім не мае сэнсу.

 

БЯСПЕЧНЫ БЫТ, КАЛІ ЁН УЛАДКАВАНЫ

У ліку асноўных метадаў работы падчас акцыі з’яўляецца наведванне домаўладанняў грамадзян. У першую чаргу акцэнт зроблены на дамах і кватэрах, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і і сем’і, у якіх выхоўваюцца малалетнія дзеці.

Асаблівая ўвага надаецца і домаўладанням адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў, а таксама грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі.

Як паказвае практыка, з надыходам халадоў павялічваецца колькасць пажараў у жылым фондзе. Адсутнасць перадтопачнага ліста перад печчу, карыстанне самаробнымі, а падчас і няспраўнымі электрапрыборамі, пакінутыя на відным месцы запалкі ў шматдзетнай сям’і – для некаторых гэта зусім няважныя «дробязі». На жаль, статыстыка гаворыць пра адваротнае: часцей за ўсё менавіта гэтыя парушэнні прыводзяць да бяды.

У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў выратавальнікі не толькі выяўляюць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, а і прымаюць магчымыя меры па іх ліквідацыі. Акрамя таго, жыхарам раёна нагадваюць пра наступствы дзіцячага свавольства з агнём або курэння ў жылых памяшканнях.

Выратавальнікі могуць патлумачыць, даць параду і нават дапамагчы, аднак адказнасць за сваю бяспеку нясе кожны з нас самастойна. Давайце імкнуцца да таго, каб наш быт быў не проста ўладкаваны, а ўладкаваны бяспечна.

 

БУДЗЬ ГАТОЎ, ШТАБ!

На Стаўбцоўшчыне з мэтай праверкі гатоўнасці сіл і сродкаў раённага звяна Мінскай вобласці да ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару прайшлі камандна-штабныя вучэнні.

Першы этап – гэта збор сітуацыйнага штаба для выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і іх наступстваў. Менавіта ад правільных рашэнняў у экстрэмальнай сітуацыі напрамую залежыць чалавечае жыццё. Другі этап паказаў, якім чынам гэтыя рашэнні ўвасабляюцца на практыцы.

Неабходна было не дапусціць затору на дарогах падчас моцных мяцеліц, аднавіць функцыянаванне газа- і водаправода, а таксама своечасова распазнаць сімптомы віруса Эбала. Усе пытанні вырашаліся ў самыя сціслыя тэрміны.

– Мэты дасягнуты, сілы і сродкі гатовы да выканання задач па прызначэнні, – падвёў вынікі вучэнняў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын і, заглядваючы ў дзень заўтрашні, заўважыў: – Мы не спыняемся на дасягнутым, як і не ведаем, з чым можам сутыкнуцца заўтра. Нам не па сіле ўплываць на гэта, аднак звесці да мінімуму наступствы надзвычайных сітуацый – наш абавязак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

УВАГА: ДЗЕЦІ! СТАРОННІ Ў ШКОЛЕ

Міліцыя Мінскай вобласці падвяла вынікі летняй аздараўленчай кампаніі і намеціла меры бяспекі ў школах.

Мінулым летам у дзіцячых здраўніцах Мінскай вобласці адпачыла больш за 40 тысяч дзяўчынак і хлопчыкаў. Іх бяспека была арганізавана на належным узроўні. Меры прапускнога рэжыму дазволілі не дапусціць учынення ў лагерах супрацьпраўных дзеянняў з боку старонніх асоб, што мела месца ў мінулыя гады.

Разам з тым, у дзіцячых лагерах спынена больш за 50 розных правапарушэнняў: дробных хуліганстваў, фактаў курэння і нецэнзурнай лаянкі, крадзяжу работнікамі прадуктаў і т. п.

З заканчэннем сезона аздараўленчых лагераў клопаты, звязаныя з бяспекай юных жыхароў Мінскай вобласці, не закончыліся. З пачатку вучэбнага года ўзмоцнены меры бяспекі дзяцей у школах, акцэнт зроблены ў першую чаргу на недапушчэнне знаходжання ва ўстановах адукацыі старонніх асоб. З гэтай мэтай работнікі міліцыі і ўстаноў адукацыі ўкараняюць комплекс дадатковых мер. Знаходжанне ў школе старонняй асобы расцэньваецца як недапушчальная сітуацыя. Бацькі і самі вучні з разуменнем паставіліся да такіх мер бяспекі і падтрымліваюць іх.

Андрэй АМБРАЖЭЙ,намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінскага аблвыканкама

 

КУРАЦЬ НА РАБОЧЫМ МЕСЦЫ

У ходзе кантрольнай праверкі ААТ «Агранёманскі» выяўлены недапушчальны факт – пражыванне работнікаў на малочнатаварнай ферме ў Ператоках і, адначасова, факты курэння на ўсіх аб’ектах гаспадаркі. Небяспечную ў пажарным плане карціну дапаўняе тое, што пажарныя шчыты не поўнасцю ўкамплектаваны неабходным інструментам і інвентаром. З парушэннямі эксплуатуюцца цеплагенерыруючыя апараты.

У ААТ «Вялікі Двор» падчас аналагічнай праверкі выяўлены недахопы, якія могуць быць прамымі прычынамі пажару, – печы з металічнымі дымаходамі і дымаходы, якія не адпавядаюць патрабаванням. Акрамя таго, асобныя сцірты грубых кармоў размешчаны на адлегласці менш за 20 м ад дарог і менш за 50 м – ад будынкаў. Ёсць сцірты прасаванай саломы, плошча асновы якіх перасягае 500 м2. На МТФ в. Асіпаўшчына воданапорная вежа не прыстасавана для забору вады пажарнай тэхнікай.

Парушэнні зафіксаваны ў ПУП па аказанні паслуг «Крысталін Форт», ТАА «Сабук», на аб’екце «Будаўніцтва гандлёва-фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў г. Стоўбцы па вул. Магістральнай». Гэтыя прыватныя прадпрыемствы не забяспечаны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і т. п., за што іх кіраўнікі, як і кіраўнік крытага ўніверсальнага рынку «Лебедзь» УП «Лэндсэрвіс», дзе няспраўная, без абслугоўвання спецыялізаванай арганізацыяй аўтаматычная пажарная сігналізацыя, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Адміністрацыйны працэс распачаты ў адносінах да службовай асобы на аб’екце будаўніцтва па вуліцы Магістральнай, дзе дапускаецца курэнне па-за спецыяльна адведзеным месцам, не ўкамплектаваны пажарны шчыт.

Радуе тое, што добрую адзнаку па пажарнай бяспецы заслужылі Шашкоўская і Старасвержанская дзіцячыя школы мастацтваў, якія былі правераны інспекцыяй нагляду і прафілактыкі ў планавым парадку.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзелапа надзвычайных сітуацыях 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *