Дзве ўсмешкі для адной матулі

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Напрыканцы кастрычніка на культурным небасхіле горада Стоўбцы заззяла незвычайнае сузор’е. Сузор’е Блізнят. Каб пабачыць яго, не патрабавалася асобых прыстасаванняў. Усяго толькі ў прызначаны час завітаць у раённы Цэнтр культуры, каб стаць удзельнікам сапраўднага свята –першага гарадскога конкурсу сярод блізнят і двайнят «Адразу дзве ўсмешкі маці».

Прапанову дырэктара ДУ «Стаўбцоўскі раённы Цэнтр культуры» Алы Сушч аб правядзенні конкурсу падхапіў увесь творчы калектыў.

Дзякуючы намаганням, самаадданасці і прафесійнаму падыходу да кожнага мерапрыемства загадчыцы дзіцячага аддзела Цэнтра культуры Людмілы Пархімовіч падрыхтоўка да конкурсу праходзіла на самым высокім узроўні. Але ж з дванаццаці сем’яў, якія былі запрошаны да ўдзелу, выпрабаванні падрыхтоўкі вытрымалі толькі пяць.

9-4-11-5v

Выказваем падзяку бацькам, якія, нягледзячы на дрэннае надвор’е, а, бывала, і дрэнны настрой дзяцей, наведвалі кожную рэпетыцыю, рыхтавалі цікавыя візітныя карткі і падтрымлівалі маленькіх канкурсантаў.

Таксама, менавіта дзякуючы бацькам, гледачы і члены журы маглі падзівіцца на выставу кулінарных вырабаў, кожны з якіх нагадваў сапраўдны твор мастацтва. Такімі ж цудоўнымі гэтыя вырабы аказаліся і на смак. Дзякуй за гэта сем’ям Шаўчэнкаў, Юрасаў, Крывегаў, Грышаноў, Ганчаронкаў.

Праграма конкурсу адбывалася ў выглядзе вялікага касмічнага падарожжа да Сузор’я Блізнят. У выніку падарожжа ўсе канкурсанты атрымалі дыпломы конкурсу і каштоўныя падарункі, якія з’явіліся сапраўднай узнагародай за ўсе выпрабаванні.

У намінацыі «Самыя маленькія двайняты» адзначаны Ангеліна і Міла Шаўчэнкі, якім споўнілася ўсяго па годзіку. У намінацыі «Самы лепшы фотаздымак блізнят» – выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга» Кірыл і Данііл Юрасы (тры гады). У намінацыі «Самыя чароўныя блізняты» – вучні гімназіі №1 г. Стоўбцы Кірыл і Ілля Крывегі (8 гадоў). У намінацыі «Самыя непадобныя двайняты» – вучні СШ № 2 г. Стоўбцы Ксенія і Кірыл Ганчаронкі. Адразу дзве ўзнагароды атрымалі двайняты Арына і Паліна Грышан – вучаніцы гімназіі № 1 г. Стоўбцы» (7 гадоў) – у намінацыі «Самая гасцінная сям’я» і прыз сімпатый гледачоў «Шчасце ўдвайне».

Цёплая, ўзнёслая атмасфера панавала ў глядзельнай зале падчас конкурснай праграмы і падчас узнагароджвання канкурсантаў. Колькі шчырай радасці свяцілася ў дзіцячых вачах у хвіліны ўручэння ўзнагарод! І ганаровыя дыпломы адыходзілі на другі план, калі бачылі яны разнастайныя, рознакаляровыя падарункі.

Асабістую падзяку за падтрымку ў правядзенні цудоўнага мерапрыемства і прадастаўленую магчымасць парадаваць усіх удзельнікаў дастойнымі прызамі выказваем спонсарам першага гарадскога конкурсу сярод блізнят і двайнят «Адразу дзве ўсмешкі маці» – індывідуальным прадпрымальнікам Аляксандру Латушку, Вячаславу Трацяку, Але Грамыка, сям’і Чарняцоў, Стаўбцоўскаму філіялу ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», адміністрацыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу на чале з дырэктарам Раманам Кузняцовым.

Свята сапраўды адбылося яскравым, запамінальным і прыгожым.

Але ж быў і адзін недахоп – напалову пустая глядзельная зала. Няхай пашкадуе той, хто ў выхадны дзень кастрычніка не сагрэўся, не атрымаў асалоды і не пабачыў цудоўнага ззяння Сузор’я Блізнят. А мы спадзяёмся, што вялікія касмічныя падарожжы будуць набываць казачную хуткасць і стануць добрай традыцыяй нашага горада.

Наталля ГРЫНКЕВІЧ, мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *