Навінкі камбіната – на «Прадэкспа-2016»

Нумары У перапрацоўшчыкаў

image_pdfimage_print

На гэтым тыдні ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» браў удзел у рабоце 22-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўкі-кірмашу «Прадэкспа-2016», якая праходзіла ў Мінску, у Футбольным манежы.

Сваю экспазіцыю, па-мастацку аздобленую, стаўбцоўскія мясаперапрацоўшчыкі прысвяцілі славутаму земляку Якубу Коласу, 110-годдзе пачатку творчай дзейнасці якога шырока адзначаецца сёлета. У цэнтры ўзвышаўся партрэт песняра, дапоўнены цымбаламі і дудкай, а непасрэдна вітрыну ўпрыгожвала лебядзіная сям’я. «Кампазіцыі, па добрай традыцыі, выкананы работнікамі нашага тэхналагічнага аддзела. Для іх аздаблення выкарыстоўвалі сала і каўбасныя вырабы», – падкрэслівае начальнік аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння мясакансервавага камбіната Валянціна Бурдзейка.

На працягу ўсіх чатырох дзён, пакуль ладзілася выстаўка-кірмаш, ва ўдзельнікаў была магчымасць прадэгусціраваць прадукцыю Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната фактычна ў поўным асартыменце – ад каўбасных вырабаў да паштэтаў і кансерваў. Сярод іх былі прадстаўлены і навінкі – «Окорочок деревенский», «Колбаски пикантные», а таксама выраб з субпрадукту – «Сердце с овощами в желе аппетитное». Менавіта апошні прадукт, дзякуючы спалучэнню варанага ялавіччынага сэрца і морквы, кукурузы і гарошку, спецый і жэлаціну, прыўнёс навізну ў смак, чым прымусіў наведвальнікаў затрымацца ля вітрыны стаўбцоўскіх мясаперапрацоўшчыкаў. Сярод гасцей было нямала прадстаўнікоў з Масквы і Маскоўскай вобласці, іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

Набыць і прадэгусціраваць навінкі, высока ацэненыя на міжнароднай выстаўцы-кірмашы, могуць і стаўбчане – усе яны прадстаўлены ў фірменнай гандлёвай сетцы камбіната. Заўсёды прыемна набываць цалкам натуральны прадукт, змесціва якога падкрэслівае і празрыстая поліамідная абалонка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *