Будзем разам, сябры «Праменя»!

Калонка Рэдактара Нумары Святочная афіша

image_pdfimage_print

«Мой родны кут! Як ты мне мілы…» Гэтыя словы Якуба Коласа ведае амаль кожны жыхар Стаўбцоўшчыны. Сапраўды, мы ганарымся нашымі цудоўнымі прыгожымі краявідамі, славутымі людзьмі Наднёманскага краю.

Хутка бяжыць час. На парозе новы, 2014 год. Расце і прыгажэе наш райцэнтр — горад Стоўбцы. Усе цэнтральныя вуліцы набылі акуратныя тратуары, мяняецца аблічча адміністрацыйных будынкаў, дамоў, рэканструююцца цэлыя вуліцы. І ў гэтым вялікая заслуга жыхароў горада і вёскі. Працоўныя суботы, пералічэнне сродкаў на добраўпарадкаванне ад арганізацый, устаноў, прадпрымальнікаў даюць рэальныя вынікі.

Горад маладзее. Будуюцца новыя жылыя мікрараёны, храмы. Заканчваюцца рэканструкцыя стадыёна «Юнацтва» і будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Стабільна працуюць прадпрыемствы і ўстановы раёна, дынамічна развіваецца і сельскагаспадарчая галіна Стаўбцоўшчыны.

Па традыцыі, кожны чалавек у канцы года падводзіць вынікі, ставіць задачы на год наступны, імкнецца ісці ў нагу з часам, валодаць інфармацыяй, быць на плыні часу. Так і наша раённая газета робіць агляд работы за 2013 год і абмяркоўвае, ставіць задачы, будуе планы на 2014 год. Мы, журналісты раённай газеты, імкнёмся ахапіць усе сферы жыцця Стаўбцоўшчыны, паказваем яе поспехі і недапрацоўкі, расказваем пра людзей працы, нашу моладзь, аб навінах рэспублікі, вобласці і раёна. Мы ўдзячны вам, нашы шаноўныя чытачы, за вашы візіты ў рэдакцыю, за пісьмы, тэлефанаванні, за звароты ў электронную прыёмную рэдактара (сайт газеты), за вашы парады, погляды і меркаванні.

Праводзячы маніторынг работы рэдакцыі газеты «Прамень», мы заўважылі, што асаблівай папулярнасцю ў нашых падпісчыкаў карыстаюцца прамыя тэлефонныя лініі з адказнымі асобамі райвыканкама, прадпрыемстваў і ўстаноў (рубрыкі «На сувязі — рэдакцыя. SMS-дыялог», «Спытайце ў «Праменя», «Газета выступіла. Што зроблена?», «Тыдзень Стаўбцоўшчыны. Падзеі і здарэнні»). Апраўдваюць сябе і тэматычныя старонкі («Грамадства», «Наша моладзь», «Бяспека», «Да ведама», «Калейдаскоп» і іншыя). Спецвыпускі «Праменя» — «На прасторах жыцця», «Сям’я», «Альбуцкі куфэрак», «Праменьчык», «Панямонь», «Міліцэйскі веснік», «Коласаўская крынічка» — гэта, увогуле, «газеты ў газеце». Шмат стараемся пісаць пра нашых шаноўных ветэранаў вайны і працы. Спадзяюся, вы заўважылі, што ў раёнцы пачаў працаваць праект, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Памяць сэрца». Часта публікуем бліц-апытанне «Думка народа» па розных тэмах. У нашай газеце вы зможаце знайсці матэрыял як для душы, адпачынку, так прачытаць і пра навіны культуры, спорту, АПК, палітыкі, атрымаць юрыдычную кансультацыю.

Гавораць, што газета «жыве» адзін дзень, але «напісанае застаецца» на вякі. Паверце, усе праменеўцы імкнуцца рабіць газету цікавай, інфармацыйна насычанай, для вас і пра вас. Калектыву рэдакцыі прыемна, што ў адыходзячым 2013 годзе газета «Прамень» прызнана Мінскім аблвыканкамам лепшым выданнем Мінскай вобласці сярод раённых газет, прымала ўдзел у міжнароднай выставе газет і ўнагароджана Ганаровай граматай за асвятленне тэм міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Ёсць поспехі. Ёсць яшчэ і шмат праблем, ёсць над чым працаваць. Ёсць ідэі і на год 2014, але раскрываць іх я не буду, вы заўважыце навінку самі. А з першым студзеньскім нумарам паштальён прынясе ў ваш дом і наш падарунак — каляровы каляндар. У нашых рэкламадаўцаў захоўваецца шанц цэлы год акцэнтаваць увагу на сваім бізнесе, сваёй справе. А 2014 год для «Праменя» — асаблівы. У верасні 2014 года — нам 75. Юбілейны год: гэта абавязвае да многага.

Паважаныя нашы падпісчыкі, чытачы, усе жыхары Стаўбцоўшчыны! Шчырае дзякуй вам за тое, што не здрадзілі нашай газеце, аформілі падпіску на І квартал 2014 года, а тыя, хто яшчэ не паспеў гэта зрабіць, сёння і да 1 студзеня хуценька спяшайцеся на пошту ці да паштальёна і заўсёды будзеце на плыні часу. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе працягвацца і стане яшчэ больш плённым. Мы будзем рады і ўдзячны, калі з вашай дапамогай чытацкая аўдыторыя «Праменя» пашырыцца.

Шаноўныя жыхары Стаўбцоўшчыны, падпісчыкі, сябры «Праменя», нашы паважаныя ветэраны! Дазвольце павіншаваць вас з наступаючым Новым 2014 годам, з Нараджэннем Хрыстовым. Шчасця, здароўя, дабрабыту, міру, спакою вам і вашым блізкім. А ўсмешкі, чароўныя імгненні і цудоўны навагодні настрой няхай заўсёды будуць з вамі.

Нэлі АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *