Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Маргарыта Філіповіч, Вадзім Шуцько, Арсеній Пяткевіч, Яўгенія Гаўрык, Вікторыя Рослік, Багдан Сабалеўскі, Кірыл Сняжкоў і Алеся Бойка.

Зямны шлях закончыўся для 18-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пра двух пацярпелых жыхароў Заямнага, сужыцеляў. Яны былі дастаўлены з апёкамі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, абое – у цяжкім стане. Па папярэдняй інфармацыі, адбылося загаранне газавай сумесі падчас карыстання газабалоннай устаноўкай у «времянцы».

Міліцыяй зарэгістравана 96 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 12 крымінальных спраў, у дзесяці з іх устаноўлены падазроныя. У Ператоках з тэрыторыі дома, які будуецца, зніклі арматура і іншыя матэрыялы. У Наваколасаве двое хаўруснікаў паквапіліся на 15 упаковак уцяпляльніку фасада, чым нанеслі ААТ «Лельчыцкая ПМК-103» шкоду на суму амаль 250 рублёў. Хуліган парэзаў колы аўтамабіля «Дэу-нубіра», прыпаркаванага побач з домам па вуліцы Стадыённай у Стоўбцах.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Стоўбцаў, які агарадзіў сеткай свой зямельны ўчастак у вёсцы Слабодка (Старасвержанскі сельсавет) блізка ад берага ракі. Парушальнік аштрафаваны.

Пракуратура выявіла парушэнні заканадаўства аб захаванасці маёмасці на РУП «Навасвержанскі лесазавод» (пад уздзеяннем атмасферных ападкаў працяглы час захоўвалася больш за 100 м3 дошак), дырэкцыі завода вынесена прадпісанне. Па выніках яго разгляду загадчыца склада гатовай прадукцыі прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.

Суд абмежаваў у волі на 1,5 года (без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) са штрафам у памеры 1 260 рублёў 62-гадовую жыхарку Задвор’я, якая, будучы нецвярозай, узняла руку на бацьку-інваліда. 55-гадовы жыхар Астравоў, абвінавачаны ў крадзяжы, прыгавораны да выпраўленчых работ на год з утрыманнем 10 працэнтаў заробку.

ДАІ выявіла 132 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое нецвярозых вадзіцеляў (у тым ліку і 23-гадовая жанчына) і пяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 31 недысцыплінаваны пешаход. Зарэгістраваны чатыры дарожныя аварыі, загінулі два чалавекі.

«Хуткая» атрымала 242 выклікі, пяць было да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры звароты ў экстранную службу прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *