Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

2-11-12e

НА БУРАЛОМНЫХ ДЗЯЛЯНКАХ

Лесарубы Віктар Ліпніцкі і Генадзь Мазура, вальшчык лесу Леанід Ваўчок (злева направа) працуюць у Кульскім лясніцтве, але з ліпеня бягучага года іх працоўныя будні праходзяць пераважна на ліквідацыі бураломных дзялянак на тэрыторыі найбольш пацярпелага Рубяжэвіцкага лясніцтва. Леанід Ваўчок працуе ў пары з Генадзем Мазурам, Віктар Ліпніцкі – у пары з вальшчыкам Анатолем Кісялёвым.

Як адзначае памочнік ляснічага Аляксандр Міхно, гэтым людзям не прывыкаць да цяжкай работы ў лесе, да зменлівых пагодных умоў і іншых нязручнасцяў, што суправаджаюць работнікаў лесу. Іх сярэднязменная выпрацоўка складае 10 – 15 м3 драўніны.

Асенняй парой вядуцца лясніцтвам і іншыя работы. Леанід Ваўчок і Генадзь Мазура працуюць цяпер на прачыстках лесу.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

У «ШКОЛЬНУЮ» ДАРОГУ

Дарожнікі ДРБУ № 135 прыступілі да капітальнага рамонту ўчастка вуліцы Трактарнай у Новым Свержані.

На гэтым участку працягласцю 380 метраў плануецца ўкладка новага асфальтабетоннага пакрыцця і пешаходнай дарожкі (з аднаго боку), водаадводу, устаноўка новых дарожных знакаў, нанясенне новай дарожнай разметкі.

З улікам усіх названых відаў работ нават на адносна невялікай працягласці ўчастка спатрэбяцца значныя фінансавыя сродкі – 150 тысяч дэнамінаваных рублёў. Сродкі выдаткаваны з абласнога бюджэту.

– Асноўныя работы будуць выкананы ў кастрычніку–лістападзе, некаторая частка іх з-за пагодных умоў перанясецца на наступны год, – папярэджвае галоўны інжынер ДРБУ № 135 Вадзім Калпак.

Участак дарогі, што рамантуецца, мае ў першую чаргу сацыяльнае значэнне – гэта дарога мясцовай дзетвары ў школу, якая павінна быць добраўпарадкаванай і бяспечнай.

 

З АДРАСНАЙ ДАПАМОГАЙ

З пачатку года штомесячная адрасная дзяржаўная сацыяльная дапамога была прызначана 137-мі жыхарам раёна на агульную суму 29 тысяч 873 рублі (з улікам дэнамінацыі). Акрамя таго, 52 заяўнікі атрымалі аднаразовую адрасную дзяржаўную сацыяльную дапамогу (2 тысячы 150 рублёў). Адрасная падтрымка ў выглядзе сацыяльнай дапамогі на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі аказана 55-ці жыхарам раёна (12 тысяч 864 рублі). Ёсць і такі від адраснай дапамогі, як кампенсацыя выдаткаў на набыццё падгузнікаў, які атрымалі 472 чалавекі (амаль 105 тысяч рублёў). 72 дзіцяці ва ўзросце да двух гадоў забяспечаны бясплатным харчаваннем (43 тысячы 17 рублёў).

Устаноўлена, што для атрымання штомесячнай адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі, а таксама забеспячэння дзяцей ва ўзросце да двух гадоў жыцця прадуктамі харчавання даходы на кожнага члена сям’і павінны не перавышаць бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які на даны момант складае 175 рублёў 50 капеек, для атрымання аднаразовай сацыяльнай дапамогі – не перавышаць 263 рублі 25 капеек.

Памер сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў не перавышае 1,5-кратны бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і складае на даны момант 261 рубель 78 капеек.

З пачатку года восем грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, лячэбна-працоўнага прафілакторыя, былі падтрыманы аднаразовай адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогай у натуральнай форме.

– Кожны з іх змог атаварыцца на 50 рублёў у магазінах райспажыўтаварыства, з якімі заключаны адпаведны дагавор, – заўважае галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганна Яўсейчык. – А ў цэлым для маламаёмных жыхароў раёна, у тым ліку якія трапілі ў розныя жыццёвыя сітуацыі, прадугледжаны розныя віды адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі. З заявай неабходна звяртацца ў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» (тэл. 5-15-94) або ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (тэл. 5-15-59).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МОЖНА АДПАЧЫЦЬ І Ў ЛАГЕРЫ

Першыя ў навучальным годзе восеньскія канікулы з нецярпеннем былі сустрэты і вучнямі, і бацькамі, і настаўнікамі – усім хочацца адпачыць.

Як заўсёды, дзяржава паклапацілася аб тым, каб арганізаваць для дзяцей аздараўленчую кампанію з фінансавай падтрымкай. У нашым раёне з 31 кастрычніка па 5 лістапада на базе 11 устаноў адукацыі працавалі лагеры з дзённым прабываннем дзяцей. У іх аздаравіліся каля 300 чалавек. Датацыйныя сродкі на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў дзень склалі 3 рублі 58 капеек.

Дзяржаўная падтрымка, старанні настаўнікаў былі накіраваны на тое, каб адпачынак дзяцей быў эфектыўным, паўнацэнным, садзейнічаў развіццю іх інтэлектуальных здольнасцяў, умацаванню здароўя. Былі складзены цікавыя праграмы з улікам пажаданняў дзяцей – з экскурсіямі, заняткамі па інтарэсах, конкурсамі, гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі.

Пр

 

ЦЁМНЫ СЕЗОН АЎТАМАГІСТРАЛІ

Паводле інфармацыі аддзела ДАІ райаддзела міліцыі, на мінулым тыдні на хуткаснай аўтамагістралі, якая праходзіць праз тэрыторыю раёна, загінулі двое – веласіпедыст і пешаход. Абедзве трагедыі здарыліся ў вячэрні час.

2 лістапада прыкладна ў 22.50 паблізу вёскі Ператокі загінуў пад коламі аўтамабіля веласіпедыст. Ён рухаўся ў спадарожным з аўтамабілем напрамку і ад атрыманых траўмаў памёр на месцы здарэння. Пазней была ўстаноўлена асоба загінулага – ім аказаўся мясцовы жыхар.

5 лістапада каля 19 гадзін непадалёку ад аўтазаправачнай станцыі «Лукойл» абарвалася жыццё 38-гадовага пешахода, жыхара Стоўбцаў. Пры пераходзе праезджай часткі мужчына адразу быў закрануты люстэркам аднаго з аўтамабіляў і ўдарам адкінуты на дарогу, пасля чаго на яго адбыўся паўторны наезд аўтамабілем, які рухаўся следам. Гэтая карціна выклікала шок нават у людзей з моцнымі нервамі…

У сувязі з тым, што апошнім часам пачасціліся выпадкі дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх ёсць пацярпелыя і загінулыя, супрацоўнікі аддзела ДАІ райаддзела міліцыі звяртаюць асаблівую ўвагу на сезонны фактар. Рэзка зменшыўся светлавы дзень, пагаршаецца бачнасць на дарозе з-за неспрыяльных пагодных умоў – туману, дажджу, мокрага снегу. Усім удзельнікам дарожнага руху неабходна захоўваць асаблівую ўважлівасць і асцярожнасць, не парушаць правілы дарожнага руху. Пешаходы, веласіпедысты, возчыкі гужавых павозак у цёмны час сутак павінны ў абавязковым парадку абазначаць сябе флікерамі і святлоадбівальнымі камізэлькамі. Чым раней вадзіцель заўважыць вас, тым больш шанцаў, што ўсё закончыцца добра.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *