Дастойнае маладое папаўненне

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Соцыум

Гэтымі лістападаўскімі днямі пачаліся адпраўкі ў беларускае войска маладога папаўнення. Ёсць тут і хлопцы са Стаўбцоўшчыны, якім у Дзень прызыўніка былі ўручаны павесткі і выказаны членамі прызыўной камісіі пажаданні на добрую і лёгкую службу, на тое, каб з годнасцю прадстаўлялі сваю сям’ю і родны раён. У кожнага з іх свая часць, свой род войскаў, але ёсць агульнае разуменне – неабходна вучыцца Радзіму абараняць.

З якімі думкамі ідуць служыць хлопцы, з якім настроем і багажом яны робяць крок у новы, важны і адказны для мужчыны, этап жыцця?

3-11-12u Віктар Касцюкевіч, г. Стоўбцы:

– Іду служыць пагранічнікам у Гродна. Гэта было маім жаданнем. Бацькі аднесліся да яго нармальна. Тата служыў, айчым, дзядуля. Брат яшчэ маленькі. Пракансультаваўся у сяброў, што браць з сабою, што не браць на службу. Падтрымліваць сувязь будзем па тэлефоне. Фізічна гатовы да службы. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, маю першыя дарослыя разрады па лёгкай атлетыцы і футболе. У абодвух відах спорту – прызёр рэспублікі. Выступаў у футбольнай камандзе «Гарадзея». Апошнія пару месяцаў працую ў Стоўбцах у дзіцячай юнацка-спартыўнай школе. Трэнер па футболе. У мяне займаюцца тры групы па 14 чалавек. Дзеці ад садаўскага ўзросту да трэцякласнікаў. Нармальна адслужу, а далей хацеў бы стварыць уласную сям’ю, дом пабудаваць, знайсці работу, звязаную са спортам… 

 

4-11-12y

Аляксандр Сянько, в. Вялікі Двор:

– Маё жаданне было служыць у АМАПе, і накіравалі мяне якраз у воінскую часць сістэмы МУС. Усё супала, чаму я вельмі рады. Хутка дзень адпраўкі, таму спяшаюся дапамагчы бацькам з звяршэннем рамонту ў доме. Вырас у вёсцы, умею ўсё рабіць па гаспадарцы, у агародзе. Пасля заканчэння політэхнічнага каледжа быў накіраваны ў танэльны атрад прадпрыемства «Мінскметрабуд». Папрацаваў крыху больш за два месяцы. Зарплата добрая. Усё мяне задавальняе, хоць цяпер ужо трэба звальняцца. Пасля работы знаходзіў час наведваць трэнажорную залу. У арміі, думаю, мне гэта спатрэбіцца. Паўтара года праляцяць хутка… Спадзяюся, дапамогуць тэлефонныя званкі бацькоў, сяброў. Маладым людзям, такім, як я, жадаю не «касіць» ад службы, а выканаць свой доўг і далей будаваць жыццё.

 

5-11-12tПавел Кухарчык, г. Стоўбцы:

– Мне 19 гадоў, і я, ідучы служыць ва Узброеныя Сілы, адчуваю, наколькі спорт дапамагае мне ў жыцці. Гэта зразумеў яшчэ ў восьмым класе, калі са школы трапіў у вучылішча алімпійскага рэзерву. Там «вырас» да першага дарослага разраду па лёгкай атлетыцы. Прызёр рэспублікі. Заўсёды адчуваю сябе ў добрай фізічнай форме, настроены на пазітыў. Напэўна, гэтае адчуванне перадаецца і вучням Горкаўскай школы, у якіх я з бягучага навучальнага года выкладаю фізічную культуру. У школе па іх жаданні арганізаваны розныя секцыі і факультатывы – па тэнісе, футболе, валейболе, баскетболе. Дзеці не хочуць адпускаць мяне ў армію, але я паабяцаў ім, што пасля службы вярнуся. Планую атрымаць педагагічную адукацыю, каб працягнуць працу ў школе. За мяне хвалююцца і чакаюць са службы таксама бацькі, сваякі, сябры.

  

6-11-12r

Артур Русак, г. Стоўбцы:

– На бліжэйшыя паўтара года змяню свой лад жыцця і месца знаходжання на іншы раён, Старадарожскі, дзе знаходзіцца воінская часць, у якой буду праходзіць службу. Асаблівых пажаданняў наконт часці ці роду войскаў не было – згадзіўся на тое, што мне прапанавалі. Ужо маю вопыт работы з людзьмі, таму што з вясны шчырую ў сельскай гаспадарцы. Быў накіраваны пасля заканчэння аграрнага каледжа ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Мяне прызначылі брыгадзірам. Калектыў спадабаўся, з людзьмі знайшоў агульную мову. Вывучыў усе палеткі вакол Пагарэлага, Любкаўшчыны, Жыгалак, Паласні… Люблю рыбалку, ваджэнне аўтамабіля. На спорт звычайна часу не хапае. У мяне, хутчэй, проста актыўны лад жыцця, без шкодных звычак. Пасля службы ёсць планы на стварэнне сям’і, атрыманне профільнай вышэйшай адукацыі.

 

7-11-12i

Аляксандр Жытко, г. Стоўбцы:

– Маме я сказаў: «Хачу ісці служыць!» Для яе мы з братам апора і падтрымка, яна хвалюецца, але аднеслася да майго выбару станоўча. З Віцебска буду пісаць, званіць ёй і сваёй дзяўчыне. Іду служыць у паветрана-дэсантныя войскі. Заўсёды марыў пра службу ў дэсантных войсках. І, так атрымалася, дзень адпраўкі, 16 лістапада, падабраны нібыта на заказ: напярэдадні, 15 лістапада, у мяне дзень нараджэння. Дзевятнаццаць! Адзначым з тортам, каб з раніцы са свежай галавой з’явіцца на прызыўны пункт. Працаваў трактарыстам-машыністам на прадпрыемстве «Профі-Аграцэнтр». Адразу быў на вытворчай практыцы, потым вярнуўся пасля вучылішча. Работа мне падабаецца. Цікаўлюся рознай тэхнікай, дома сваю машыну «перабіраю». Маю вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «С». У вольны час займаюся спортам.

  

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *