У святле Алімпіяды

Нумары Соцыум

Сярод апошніх навін жыцця Беларусі адной з найбольш важных падзей можна назваць атрыманне нашай краінай права правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Рашэнне прынята па выніках галасавання на пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Як заявіў Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, Беларусь гатова правесці ІІ Еўрапейскія гульні на самым высокім узроўні.

Кантынентальныя спартыўныя форумы сталі традыцыйнымі, у чэрвені 2015 года да іх далучылася і Еўропа – першыя Еўрапейскія гульні прайшлі ў сталіцы Азербайджана Баку. Праз алімпійскі цыкл, чатыры гады ад гэтай даты, эстафету прыме Мінск.

Такі давер толькі ўмацоўвае прэстыж нашай краіны на міжнароднай арэне. А тое, што Беларусь можа дастойна падрыхтаваць маштабныя спартыўныя спаборніцтвы, прызнана пасля правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ў Мінску.

Да вялікага спартыўнага свята, як і тады, у пазалеташнім маі, будзе мець дачыненне і наша Стаўбцоўшчына. Безумоўна, шмат хто са стаўбчан не праміне магчымасці пабываць у сталіцы. Аматары розных відаў спорту будуць рады набыць білеты на спаборніцтвы, якія пройдуць на абноўленым стадыёне «Дынама», «Мінск-Арэне», «Чыжоўка-Арэне», іншых спартыўных аб’ектах. Ды і сама святочная атмасфера прывабіць стаўбчан, каб пры магчымасці наведаць алімпійскі Мінск.

Зноў жа чаканае прыбыццё ў сталіцу Беларусі спартсменаў, трэнераў, журналістаў, вялікай колькасці заўзятараў спорту, проста турыстаў з краін Еўропы стане своеасаблівым экзаменам для розных службаў нашага раёна. Магістраль, якая пазначана ў каталогах беларускіх трас пад нумарам адзін, пралягае праз Стаўбцоўшчыну. Значыць, адказныя іспыты дарожнікам, чыгуначнікам. І наогул добраўпарадкаванне, да якога ў нас пільная ўвага, павінна заставацца найважнейшым штодзённым клопатам. Хіба ж наш горад, аграгарадкі, вёскі, куды могуць завітаць госці, сустрэнуць іх не лепшым чынам? Тое ж і аб прыдарожным і наогул сэрвісе. Утрыманне кемпінгаў, гасцініц, аб’ектаў харчавання і гандлю ў акуратным стане, з гатоўнасцю прапановы паслуг – гэта патрабаванне кожнага дня. А асабліва, як вядзецца ў беларусаў, калі чакаюць гасцей, тады і ў хаце чысцей.

Як і на згаданым спартыўным форуме 2014 года, не абыдзецца без непасрэднага ўдзелу ў маштабных мерапрыемствах праграмы еўрапейскай Алімпіяды-2016 нашых землякоў. Памятаецца, пісалі ў газеце аб тым, як абслугоўваў гасцей чэмпіянату свету па хакеі вадзіцель аўтапарка № 17 Юрый Баршчоў. Як на сцэнічных пляцоўках сталіцы выступалі народныя і ўзорныя мастацкія калектывы, сувеніры прапаноўвалі майстры народнай творчасці Стаўбцоўшчыны. Запатрабаваны, вядома, будуць нашы ўмельцы, прафесіяналы, таленты і на чаканых дзействах 2019-га.

Цалкам верагодна, што ў гэтых найбуйнейшых міжнародных стартах выступяць і нашы землякі, выхаванцы трэнераў Стаўбцоўшчыны. Як бачна з публікацый у «Прамені», гартуюцца спартыўныя таленты, загараюцца зорачкі. Вялікая ўвага ў Беларусі да развіцця спорту красамоўна пацвярджаецца і прыкладам нашага раёна.

Цяпер якраз першая гадавіна з дня адкрыцця 7 лістапада 2015 года ў Стоўбцах фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Падараваны гораду і раёну спартыўны аб’ект прынёс шмат карысці стаўбчанам. Маладыя людзі і старэйшыя з задавальненнем спяшаюцца ў ФАК, каб актыўна адпачыць, умацаваць здароўе. Пастаянна задзейнічаны трэнажорныя залы, плавальны басейн, памяшканні для гульняў у настольны тэніс.

Аздараўленчая – першая функцыя ФАКа, не менш важная і іншая – фізкультурна-спартыўная. Вы ж былі ў нашым Палацы спорту. Хіба разам з басейнам не ўразіла і вялікая спартыўная зала? Калі ласка, спаборнічайце ў міні-футболе, валейболе, баскетболе. А хіба сярод спартыўных гульняў не заслугоўвае ўвагі такая дынамічная, як гандбол. Ці можа што больш экзатычнае з алімпіскай праграмы.

Так, трэніроўкі, спаборніцтвы мясцовых камандаў больш-менш рэгулярна праводзяцца. А чаму б не арганізаваць турніры, чэмпіянаты раёна па самых папулярных камандных відах спорту? Гэта ж таксама заставіла б нашу моладзь не шукаць лепшага там, «дзе нас няма», а падштурхнула б заставацца працаваць на прадпрыемствах, ва ўстановах, у гаспадарках нашай Стаўбцоўшчыны.

Магчымасці гульнявой залы з умяшчальнымі трыбунамі, іншых залаў, басейна пахвальна было б выкарыстоўваць для таварыскіх сустрэч, паказальных выступленняў, а яшчэ лепш – спаборніцтваў абласнога, рэспубліканскага значэння. Выдатным спартыўным комплексам знакамітыя не толькі Стоўбцы. Значыць, спартыўнаму кіраўніцтву, дырэкцыі ФАКа варта патурбавацца аб уключэнні ў календары спаборнітваў і гэтага нашага аб’екта.

Праглядваю спартыўную прэсу за сёлетні кастрычнік. Не кажучы ўжо аб спаборніцтвах у буйных гарадах, пацікавіліся, чым парадавалі аматараў спорту ў райцэнтрах. Так, у Дзяржынску прайшлі спаборніцтвы Алімпійскіх дзён моладзі па настольным тэнісе. У Любані і Вілейцы арганізавалі старты «Кубка надзеі» па плаванні. У Слуцк запрасілі маладых спартсменаў для ўдзелу ў першынстве вобласці па мастацкай гімнастыцы. У Смалявічах правялі чэмпіянат Міншычыны па вольнай барацьбе, у Старых Дарогах – абласны велатур.

А дзе ў насычаным спартыўным календары Стоўбцы? Хіба ж школьнікі, маладыя ці больш сталыя людзі не пайшлі б паглядзець на спартыўныя баталіі, з радасцю «пахварэць» за спартсменаў, самім нешта ўзяць на заметку, убачанае рэальна, а не з экранаў тэлевізараў, сустрэцца з больш спрактыкаванымі спартсменамі. Актыўнасць, дынамізм, выдатная спартыўная форма і эмацыянальны зарад – усё гэта фізкультура і спорт. Наша Беларусь, наша Стаўбцоўшчына – спартыўныя! Выдатны дэвіз.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *