Зваротная сувязь

На сувязі - рэдакцыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

8-1112o

Вось ужо 15 гадоў аддала Белсаюздруку Ала Мар’янаўна Галаўко. Працуючы ў газетным кіёску па вуліцы Цэнтральнай, што ў Стоўбцах, яна заўважае ўсё большую цікавасць у сваіх пастаянных пакупнікоў да любімага сярод жыхароў Стаўбцоўшчыны перыядычнага выдання – раённай газеты «Прамень».

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З КАЛЕГАМІ ЁСЦЬ ШТО ПРЫГАДАЦЬ

Кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама не забывае сваіх ветэранаў. Нас кожны год запрашаюць на раённыя жнівеньскія канферэнцыі педагогаў, святочныя канцэрты з нагоды святаў. Напярэдадні Дня настаўніка сёлета кіраўніцтва аддзела і галіновага прафсаюза дало магчымасць былым кіраўнікам аддзела, дырэктарам школ, загадчыкам дашкольных устаноў пабыць на ўрачыстасці, якая ладзілася на базе Парка-музея інтэрактыўнай гісторыі Сула. Дарэчы, многія з запрошаных, а нас было 20 чалавек кіраўнікоў-ветэранаў педагагічнай працы, упершыню пабылі тут.

Такі парк-музей пакуль адзіны ў Беларусі. Больш за дзесяць гадоў спатрэбілася стваральнікам парка гісторыі, каб беражліва падняць з руін, сабраць багатую музейную кампазіцыю, адкрыць экскурсантам стары свет, дзе ўстанаўліваюцца страчаныя сувязі з мінулым.

Мы пабылі на ўсіх 15 анімацыйных пляцоўках. Асабліва ўразіла пляцоўка з арыгінальнымі помнікамі археалогіі, дальменамі, урачыстая зала шляхецкай славы, аздобленая карцінамі, габеленамі і каралеўскім камінам, прыстань варагаў, верталётная пляцоўка. Мы мелі магчымасць праплыць на ладдзі па воднай гладзі возера, пасмакаваць арыгінальнай старкі – напітку шляхты, закусіць самаробным сырам, прыгатаваным па старажытнай рэцэптуры. Адметна, што экскурсію з глыбокім веданнем гісторыі, традыцый і побыту таго часу правяла калега-настаўніца, былы дырэктар Літвенскай СШ, а цяпер супрацоўнік парка-музея Інеса Петрашкевіч.

Самым кранальным для нас, былых кіраўнікоў, стала ўвага, памяць, добрыя словы пра нашу работу ў сістэме адукацыі кіраўніцтва аддзела і райкама прафсаюза. І гэта сапраўды так, бо ў кожнага з нас у жыцці была адна прывілея – мы займаліся любімай справай. І выконвалі яе апантана, творча, стараліся ісці ў нагу з патрабаваннямі часу, вучыліся самі і ўкаранялі ў практыку кіравання і работы ўстаноў адукацыі інавацыйныя тэхналогіі, пераймалі адзін у аднаго лепшае. Нам і ў гэты дзень было прыемна сустрэцца з былымі калегамі, было аб чым пагутарыць, што ўспомніць. За гэтую прыемную сустрэчу, за шаноўныя адносіны да нас, ветэранаў, шчыра дзякуем начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміле Стонька, старшыні райкама прафсаюза Сямёну Юрчыку.

Па даручэнні ўдзельнікаў сустрэчы, Галіна ГРЭКАВА

 

СУБОТНІ ДЗЕНЬ – ДЛЯ ТВОРЧАСЦІ

Кожная суботняя раніца ў СШ № 3 пачынаецца весела. Дзіцячы смех, размовы старшакласнікаў можна пачуць на калідорах і ў кабінетах. Але для чаго ж дзеці прыйшлі ў школу? Дашкольнікі рыхтуюцца да школы, старэйшыя прыйшлі займацца ўрокамі або тварыць. У суботу ў навучальнай установе праводзяцца розныя аб’яднанні па інтарэсах. Напрыклад, заняткі ў «Клубе вясёлых і знаходлівых», у «Школе вядучых», у «Майстэрні творчасці», у гуртку, «Чароўны квілінг» і інш. І сёння мы завіталі ў госці да педагогаў дадатковай адукацыі.

Першае аб’яднанне, якое мы наведалі, называецца, «Юны пажарны». Вядзе яго Вадзім Аляксандравіч Рубін. Настаўнік імкнецца навучыць кожнага члена гуртка правілам абыходжання з агнём, веданню рэальнай небяспекі, вывучэнню асноўных правілаў і патрабаванняў пажарнай бяспекі, выпрацоўванню правільных дзеянняў пры выяўленні пажару і здольнасці прымяніць веды ў экстрэмальных сітуацыях. Вучні знаёмяцца з дасягненнямі навукі і тэхнікі ў галіне пажаратушэння. Дэманструюцца фільмы пра пажарную тэхніку, пра правілы паводзін у экстрэмальных сітуацыях.

У аб’яднанні «Мастацкая апрацоўка драўніны» мяне ўзяў у палон прыемны пах сасны. Адразу ж захацелася даведацца аб гэтых занятках больш падрабязна. Вядзе іх Віталь Уладзіміравіч Маскевіч. Мэтай гуртка з’яўляецца прывіццё вучням любові да працы і да мастацкай творчасці. Юнакі 9-х класаў вучацца працаваць на станках. Яны ўжо даволі ўмела абыходзяцца з тэхнікай, кожная дэталь, кожны ўзор выходзяць, як у прафесіяналаў. Так што не трэба дарэмна траціць часу. Запісвайцеся ў гурткі па інтарэсах і развівайце свае здольнасці.

Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ,член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы

 

КАНІКУЛЫ ПРАЙШЛІ З КАРЫСЦЮ

На асенніх канікулах у нашай школе працаваў аздараўленчы лагер «Верасок», які наведвалі навучэнцы 1-4 класаў. Для іх была створана атмасфера цяпла, утульнасці, псіхалагічнага камфорту. Дзеці развівалі свой пазнавальны інтарэс: пашыралі веды аб рацыянальным харчаванні, аб здаровым ладзе жыцця, аб асабістай гігіене. Кожны дзень з навучэнцамі ладзіліся цікавыя мерапрыемствы. Гэта віктарына «Знаток правіл дарожнага руху», спартыўныя пазнавальныя гульні «У здаровым целе – здаровы дух», «Наша здароўе – у нашых руках», спартыўнае свята «Вясёлыя старты», трэнінгавы занятак «Як сказаць «НЕ!», завочнае падарожжа па знакамітых мясцінах Беларусі, брэйн-рынг «Ганаруся табой, Беларусь!», гадзіна турызму «Экалагічная сцяжынка». Быў праведзены з навучэнцамі конкурс дзіцячых фотаздымкаў «Лепшы кадр здаровага ладу жыцця», зроблена выстава-конкурс «Свет маіх захапленняў».

Працавалі таксама аб’яднанні па інтарэсах, на якіх былі выкананы цікавыя вырабы з паперы, напісаны эсэ і вершаваныя радкі на тэму «Мая малая радзіма». Творча папрацавалі Аксана Пяткевіч, Надзея Грыгарцэвіч, Марына Якоўчык і іншыя. У апошні дзень работы лагера з навучэнцамі была праведзена гульня «Адгадай мелодыю». Пераможцамі гэтай музычнай гульні сталі Надзея Грыгарцэвіч, Дар’я Савіцкая.

Вось у такой цікавай форме прайшлі асеннія канікулы. Мы зноў селі за школьныя сталы, каб атрымліваць новыя веды. Я жадаю ўсім навучэнцам школы поспехаў у вучобе.

Надзея ТРАСЦЯНКА,член аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт»Дзераўнянскай СШ

 

ЖОДЗІНА – ГОРАД МАШЫНАБУДАЎНІКОЎ

Вучні нашай школы пабывалі на цікавай і пазнавальнай экскурсіі ў горадзе Жодзіна. У першую чаргу мы наведалі завод па выпуску самай магутнай кар’ернай тэхнікі ў свеце – БелАЗ. Спачатку мы пабывалі ў створаным пры заводзе музеі БелАЗа. Затым нам паказалі шматлікія аўтамабілі, якія выпускае гэты завод, дзе самае галоўнае месца заняў волат БелАЗ, які можа перавозіць адразу 450 т грузу. Гэтая машына, памерам з двухпавярховы дом, уражвае сваёй магутнасцю. І на завяршэнне нам паказалі цэх, дзе адбываецца зборка гэтых аўтамабіляў.

Потым наш маршрут быў на фабрыку «Світанак». Па дарозе да гэтай фабрыкі мы спыніліся ля помніка жыхарцы Жодзіна, маці-патрыётцы Н. Ф. Купрыянавай. Гэтая жанчына адправіла на фронт пяцярых сыноў, і ўсе пяцёра загінулі на вайне.

На фабрыцы «Світанак» нам расказалі і паказалі ўсе этапы вырабу трыкатажнага адзення. Мы назіралі за вырабам тканіны, яе адбельваннем, пафарбоўкай, набіўкай узору. А затым мы перайшлі ў швейны цэх і з цікавасцю сачылі за працэсам пашыву разнастайнага трыкатажнага адзення, якое, дарэчы, маглі набыць у фірменным магазіне завода.

Па дарозе дадому мы дзяліліся з сябрамі ўражаннямі, а прыгожае сонечнае надвор’е надавала бадзёрасці і вясёлага настрою.

Настасся ВЕРШЫНА, член аб’яднання па інтарэсах «Каласкі» Шашкоўскай СШ

 

ПАМЯЦІ ПРОДКАЎ

Вучні нашай школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў да свята Дзяды правялі традыцыйную акцыю «Памяці продкаў дзень прысвяці».

Мы прыбралі магілы закатаваных фашыстамі Люцыі і Казіміра Дзяржынскіх у Івянцы, навялі парадак на магілах роду Дзяржынскіх у Дзераўной. Прыклалі свае старанні добраўпарадкаваць помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам у Кулі. Памяць аб героях бессмяротная.

Акрамя таго, на Дзяды са сваімі бацькамі мы пабылі на могілках, запалілі свечкі памяці, памаліліся аб спачыне душ нашых родных і блізкіх.

Ангеліна ЛІПНІЦКАЯ, вучаніца Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага

 

СВАЮ ПРАБЛЕМУ – ПРАЗ ПАШТОВУЮ СКРЫНЮ

У лістападзе і снежні аб любых супрацьпраўных дзеяннях у адносінах да пажылых грамадзян можна паведаміць у міліцыю ананімна. Пасланне можа быць без канверта і паштовай маркі.

Новую форму ўзаемадзеяння з пажылымі грамадзянамі прапанавала ўпраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама сумесна з Мінскім філіялам РУП «Белпошта».

Пра гэта мы гутарым з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юліяй БЕЛАВУСАВАЙ.

– Прапануецца проста апусціць у паштовую скрыню паведамленне на папяровым носьбіце любога фармату, і гэта пасланне без канверта і паштовай маркі ў найкароткія тэрміны дойдзе да аддзела міліцыі. Зразумела, у адпраўленым такім чынам паведамленні павінна быць інфармацыя аб характары правапарушэння, адрасе здарэння, вітаецца і іншая ўдакладняючая інфармацыя. Падобная форма ўзаемадзеяння з грамадзянамі адрозніваецца сваёй даступнасцю, прастатой і поўнай ананімнасцю, таму разлічваем на яе эфектыўнасць.

– Юлія Міхайлаўна, на паведамленні якога зместу вы разлічваеце ў першую чаргу?

– Да прыкладу, сельскага жыхара пажылога ўзросту трэціруе сын-алкаголік. Або адбірае пенсію на чарговую бутэльку спіртнога… Міліцыю цікавіць любая інфармацыя аб правапарушэннях, якія ўчынены ў адносінах да пажылых людзей. Звярнуцца могуць не толькі самі пацярпелыя, а і нераўнадушныя суседзі, сваякі, знаёмыя. Кожнае паведамленне ў абавязковым парадку правяраем, рэагуем на яго.

Асобна заўважу, што ў паштовую скрыню можна апусціць не толькі паведамленне аб «міліцэйскай» праблеме, а і, калі вы лічыце патрэбным, інфармацыю аб іншых праблемах пажылых людзей. Яна будзе аператыўна накіравана ў адпаведныя ведамствы для разгляду і рэагавання.

– Ініцыятыва найбольш скіравана на абарону пажылых людзей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці?

– Грамадзяне пажылога ўзросту ў сельскай мясцовасці адносяцца да найбольш неабароненай катэгорыі насельніцтва. Толькі на тэрыторыі нашага раёна ў бягучым годзе ад розных злачынных дзеянняў пацярпелі 49 пенсіянераў. Два цяжкія злачынныя дзеянні ўчынены ў сферы сямейна-бытавых адносін. Больш за 70 працэнтаў зарэгістраваных злачынных дзеянняў – у адносінах да пажылых грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, ва ўзросце старэй за 70 гадоў. Да прыкладу, у Старым Свержані на вуліцы Савецкай на пенсіянерку напаў грабежнік, выхапіў з яе рук сумку з асабістымі рэчамі і грашыма, а яна, ударыўшыся аб асфальт, атрымала цялесныя пашкоджанні.

– Як будуць паступаць да вас паведамленні без прозвішча і адраса?

– З работнікамі пошты распрацаваны дакладны алгарытм дзеянняў. Пасля вымання карэспандэнцыі такія паведамленні будуць напрамую перадавацца кіраўніцтву аддзела ўнутраных спраў для аператыўнай праверкі.

Важна падкрэсліць тое, што паштовыя скрыні ёсць практычна ва ўсіх населеных пунктах, і выманне карэспандэнцыі з іх ажыццяўляецца сістэматычна, строга па графіку. Ад грамадзян пры гэтым не патрабуецца якіх-небудзь фінансавых выдаткаў. Інтэрнэт і іншыя сучасныя сродкі сувязі ёсць далёка не ва ўсіх пажылых людзей, і ім, напэўна, карыстацца паштовай скрыняй дастаткова прывычна і зручна.

– Што важна сказаць жыхарам раёна ў сувязі з новай ініцыятывай?

– Да насельніцтва мы звяртаемся з просьбай падтрымаць яе, не заставацца абыякавымі да праблем пажылых людзей. Гэтыя людзі павінны адчуваць сябе абароненымі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

1 комментарий по теме “Зваротная сувязь

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *