Слова Коласа натхняе і яднае

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Кожны год, ужо 31-шы раз, на Стаўбцоўшчыне праходзіць рэспубліканскае літаратурнае свята «Каласавіны». Яно адбываецца ў пачатку лістапада і прыўрочана да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

У гэтым годзе свята пачалося не на мемарыяльных сядзібах Якуба Коласа, а ў стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа. І гэта знакава – у бягучым годзе бібліятэцы прысвоена імя песняра.

Чытальная зала з цяжкасцю ўмясціла краязнаўцаў раёна, вучняў, гасцей, якія прыбылі з Мінска. Сярод іх былі навукоўцы, дзеячы культуры, пісьменнікі, паэты, госці з-за мяжы – прадстаўнікі музеяў з Польшчы, Расіі, Літвы, таварыства беларускай культуры і спадчыны з горада Друскінінкай. У ліку іх была пачэсная госця – нявестка Якуба Коласа, удава Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча, старэйшага сына песняра, Ала Цімафееўна Міцкевіч.

9-11-11-12q

Дырэктар дзіцячай бібліятэкі Наталля Даўлюд як заўсёды прыгожа і поўна апавядала пра тую вялікую работу, якую праводзіць бібліятэка па папулярызацыі творчасці Якуба Коласа сярод моладзі, па захаванні найвялікшага нацыянальнага коласавага кладу. Наталля Мікалаеўна пазнаёміла з выставай «І кожны міг сябе я пазнаю часцінкай злітаю вялікага сусвету». Яе раздзелы змяшчаюць літаратурную спадчыну класіка, манаграфіі, навуковыя і літаратурныя працы пра паэта, расказваюць пра яго паслядоўнікаў на стаўбцоўскай зямлі – паэтаў-землякоў. Былі адзначаны рэдкія выданні, якія маюцца ў фондах. Каласіяне быў прысвечаны і відэафільм. Вучні Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам педагога Галіны Грэшаў за межы нацыянальныя, ён даўно ўжо ўсяленскі паэт, і беларусы павінны даражыць тым, што яны маюць.

Зінаіда Камароўская перадала ў дар дзіцячай бібліятэцы кнігі. Наталля Даўлюд таксама зрабіла падарунак Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа – твор «Міхасёвы прыгоды» 1956 года выдання. Пісьменнік, літаратуразнавец Алесь Марціновіч падарыў дзіцячай бібліятэцы кнігу са сваім аўтографам – гэта казкі для дзяцей у зборніку твораў беларускіх пісьменнікаў. Алесь Марціновіч цельмі цёпла выказаўся пра былога загадчыка аддзела культуры райвыканкама Анатоля Грэкава, светлая памяць аб ім жыве ў многіх творчых праектах, пачынаннях, якія маюць працяг і сёння. У ліку іх і літаратурнае свята «Каласавіны». Імя Анатоля Грэкава не раз з удзячнасцю ўспаміналі і іншыя госці свята.

Затым урачыстасць прыняла мемарыяльная сядзіба ў Акінчыцах. Свае творы, прысвечаныя Коласу, пачытала мясцовая паэтэса Алена Маскевіч.

На мемарыяльнай сядзібе ў Смольні сквер «Дрэва памяці» папоўнены новымі імёнамі. Былі пасаджаны дрэўцы ў памяць аб старэйшым сыне Якуба Коласа Даніле Канстанцінавічу Міцкевічу, які, як было адзначана, прыклаў шмат старанняў для заснавання і стварэння мемарыяльных сядзіб на радзіме паэта. Дубкі пасаджаны і ў гонар беларускіх пісьменнікаў Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна.

Да помніка Якубу Коласу ў Мікалаеўшчыне былі ўскладзены кветкі. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель адзначыў значнасць работы па захаванні багатай жыццёвай і творчай спадчыны Якуба Коласа, якая з’яўляецца каштоўнай скарбніцай не толькі для Стаўбцоўшчыны, але і для ўсёй Беларусі. Тут, як і на ўсіх мемарыяльных сядзібах, да месца было касцюміраванае выступленне мастацкіх калектываў Стаўбцоўшчыны, работа выстаў народнай творчасці майстроў нашай зямлі, удзельнікаў дзіцячага пленэру «Дзе льецца Нёман срэбраводны».

Да Каласавін на мемарыяльнай сядзібе ў Альбуці было прыўрочана адкрыццё новай экспазіцыі, закліканай паказаць прыроду ў творах Якуба Коласа.

–  Мемарыяльная сядзіба ў Альбуці прысвечана паэме «Новая зямля», – расказвае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. – Год назад мы прэзентавалі тут новую экспазіцыю «Хатка знахаркі», дзе прадстаўлена багацце лекавывх траў коласавых мясцін. Маці паэта Ганна Юр’еўна была лепшай траўніцай, магла лячыць сваё вялікае сямейства без таблетак. У нас даўно ўжо зарадзілася ідэя адкрыць у гэтым мемарыяльным будынку і экспазіцыю, якая б раскрыла багацце прыроды мясцовага краю ў творах паэта. Экспазіцыя выканана ў сучаснай тэхніцы, яна інтэрактыўная, разлічана на тое, што яе з цікавасцю наведваюць дзеці, вучнёўская моладзь. У гульнях яны пазнаюць сляды звяроў, якія водзяцца ў коласавых мясцінах, адрозняць ядомыя грыбы ад неядомых і т. п.

Экскурсіі на ўсіх сядзібах з чытаннем урыўкаў з твораў Якуба Коласа выдатна правяла загадчыца мемарыяльнай сядзібы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, нязменны на працягу многіх гадоў захавальнік коласавай спадчыны Софія Міцкевіч.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *