Перамога на фінішы

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Аматары футбола не маглі прапусціць гэтую гульню на стадыёне «Юнацтва». Завяршэнне сезона, падвядзенне вынікаў першынства Беларусі ў другой лізе. І самае галоўнае: каманда «Нёман-Агра» рэальна прэтэндавала на прызавое месца. Галоўнай умовай тут была перамога, стаўбчане яе і дабіліся. Але аб усім па парадку.

Сапернік нёманцаў, футбольны клуб з Маладзечна, на адно ачко апярэджваў нашых і таксама меў шанцы заняць прызавую прыступку. Гэта ўсё і вызначыла бескампрамісны ход барацьбы.

Першым чынам абедзве каманды паклапаціліся аб абароне сваіх варот. Зладжана дзейнічала і наша абарончая лінія, якую «цэментаваў» умелымі дзеяннямі Аляксандр Буча. Паспявалі стрымліваць наступ сапернікаў, а таксама падтрымаць нашу атаку Андрэй Лапшын, Андрэй Ламака. Дакладна выконвалі ўказанні трэнера і іншыя ігракі.

Кульмінацыйнай стала 3-я хвіліна матча. Сяргей Маліноўскі прарываецца па правым краі, з фланга ідзе падача ў штрафную. І там, перад варотамі сапернікаў, адскок мяча ад газона «падкаравуліў» Віктар Лагуцін. У сваім стылі бамбардзір каманды стаўбчан дакладна паражае цэль.

У далейшым, прынамсі, двойчы нашы ў нападзенні выходзілі сам-насам з варатаром сапернікаў, выгадныя моманты мелі і маладзечанцы. Але лік 1:0 на карысць «Нёмана-Агра» не змяніўся.

Цяпер усё залежала ад выніку матча ў Клецку. Там гаспадары поля дабіліся выгаднага для сябе зыходу, з лікам 2:0 адолеўшы ФК «Асіповічы». У выніку тры калектывы – ФК «Асіповічы», «Клецк» і «Нёман-Агра» – набралі па 45 ачкоў. У падлік пайшлі дадатковыя паказчыкі – вынікі паядынкаў згаданых камандаў паміж сабой. Стаўбчане ў гэтай дзяльбе аказаліся чацвёртымі, што, безумоўна, – поспех, дастойнае выступленне стаўбцоўскага футбольнага калектыву ў чэмпіянаце рэспублікі.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *