Праверана дзейнасць лясгасаў

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

image_pdfimage_print

10-11-12pВынікі праведзеных Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці праверак дзейнасці лясгасаў сведчаць, што нягледзячы на меры, якія прымаюцца з боку Мінскага ДДЛГА, па-ранейшаму маюць месца факты незаконных высечак драўніны, прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, пратэрмінавання аплаты таксавага кошту драўніны на корані, парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, незаконнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і г. д.

У першую чаргу неабходна адзначыць нясвоечасовасць паступлення ў бюджэт платы за высечаную драўніну. Праверкамі выяўляюцца выпадкі, калі лясгас выпісвае дакументы на дазвол правядзення высечкі і аплачвае толькі 30 працэнтаў кошту драўніны, нарыхтоўвае яе і рэалізуе атрыманую лесапрадукцыю, але забывае аб тым, што неабходна даплаціць астатнія 70 працэнтаў кошту. Падобныя факты былі выяўлены ў ДЛГУ «Пухавіцкі лясгас», дзе на працягу 2014-2015 гг. запазычанасць па аплаце кошту драўніны на корані склала 253,049 тыс. руб. Прытым лясгас дазваляў сабе на працягу года не разлічвацца за высечаную драўніну. На сёння за такія хітрыкі ўказанай установе давядзецца выплаціць у бюджэт пеню ў суме 22 тыс. руб.

Таксама былі выпадкі, калі супрацоўнікамі лясгаса ў дазвольныя дакументы ўносіліся несапраўдныя даныя, у выніку чаго драўніну прадавалі танней. Так, ва ўказаным лясгасе ў выніку ўнясення ў восем лесарубачных білетаў заніжаных даных па кошце высечанай драўніны бюджэтам недаатрымана больш за тысячу рублёў. Падобны выпадак быў устаноўлены ў ДЛГУ «Крупскі лясгас», дзе ў дагаворах указвалася заніжаная цана за рэалізаваную лесапрадукцыю, у сувязі з чым установай недаатрымана больш за 312 руб.

Па-ранейшаму няма належнага парадку ў пытаннях правядзення высечак (ёсць выпадкі незаконнай нарыхтоўкі драўніны). Не выключэннем стаў ДЛГУ «Пухавіцкі лясгас», дзе незаконна быў выпісаны дазвольны дакумент, згодна з якім была праведзена высечка драўніны на плошчы 1,9 га, і як вынік, прычынена шкода навакольнаму асяродзю ў памеры больш за 18 тысяч рублёў. Таксама ўстаноўлены факты нарыхтоўкі драўніны за межамі адведзеных лесасек. Пры гэтым засталіся не высечанымі ўчасткі лесу аб’ёмам 158 куб. м, што сувымерна з загрузкай шасці лесавозных аўтамабіляў МАЗ.

Лесагаспадарчыя ўстановы дапускаюць нямэтавае і незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Напрыклад, ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» дапусціла выкарыстанне бюджэтных сродкаў з парушэннем заканадаўства на суму больш за 349 тысяч рублёў. Больш таго, у названай установе ўстаноўлены факты неправамернага заключэння дагавораў паміж падраздзяленнямі лясгаса, што прывяло да выкарыстання сродкаў ад лесагаспадарчай дзейнасці з парушэннем бюджэтнага заканадаўства на суму больш за 510 тысяч рублёў.

У ДЛГУ «Пухавіцкі лясгас» незаконна атрыманы бюджэтныя сродкі ў памеры 15 тысяч рублёў, якія былі зрасходаваны на выплату заработнай платы часовым работнікам. У ДЛГУ «Слуцкі лясгас» у ходзе рэканструкцыі будынка гаражоў па нямэтавым прызначэнні выкарыстана больш за 60 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. На жаль, лесагаспадарчыя ўстановы «грашаць» незахаваннем прыроднага заканадаўства, дапускаюць захаванне адходаў у несанкцыянаваных месцах. Названае вышэй ДЛГУ «Пухавіцкі лясгас» дапусціла захаванне 41,6 тоны адходаў вытворчасці ў нявызначаным для гэтай мэты месцы, чым нанесены страты навакольнаму асяроддзю ў памеры 3,5 тысячы рублёў.

У ходзе праведзеных кантрольных мерапрыемстваў выяўлены і іншыя парушэнні заканадаўства. Вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці ва ўстаноўленым парадку.

Упраўленне кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *