Свет, любоў маю прымі!

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Наш раён гасцінна прыняў удзельнікаў адборачнага тура першага абласнога фестывалю мастацкай самадзейнасці «Гарачае сэрца» сярод аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў Мінскай вобласці. Арганізатарам гэтага свята мастацтва стаў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама.

Фестываль прайшоў у раённым Цэнтры культуры, які прадаставіў сцэну для ўдзельнікаў з Нясвіжскага, Любанскага, Клецкага, Капыльскага, Слуцкага, Салігорскага, Старадарожскага, Маладзечанскага, Валожынскага, Дзяржынскага і нашага раёнаў.

У загружанасці рэдакцыйных будняў, звязаных з выхадам газеты ў свет, наш рабочы графік адводзіў для гэтага мерапрыемства толькі некаторы час, а засталіся мы ў зале да канца. Проста не было сіл падняцца з крэсла. Усе, хто выходзіў на сцэну, узялі гледачоў у палон сваёй шчырасцю, любоўю, ахвярнасцю, стараннямі, прыгажосцю выканання мастацкіх нумароў настолькі, што многія выступленні нельга было ўспрымаць без слёз.

11-11-12w

У праграму нашага раёна, якая адкрыла фестываль, увайшлі тры канцэртныя нумары. Вядучай выступіла інструктар па працатэрапіі тэрытарыяльнага цэнтра Алена Друзік, якая сваім талентам дэкламатара сумела скрыць абмежаванні, з якімі ёй даводзіцца жыць у грамадстве, паказаўшы ўсім, што чалавек можа рэалізаваць сябе ў іншых сваіх здольнасцях. Паліна Кутас паказала прыклад гарачай любові да свайго брата Максіма. На сцэне, узяўшыся за рукі, яны выканалі кранальную песню. Гэта было так прыгожа, надзвычай цёпла, сардэчна, што ўся зала адказала ім сваёй любоўю. Што датычыць Максіма, то ў статусе інваліда ён паказвае ўсім сілу духу, моц, укладвае вялікія старанні ў вучобу. У гэтым годзе ён закончыў СШ № 3 г. Стоўбцы на надомнай форме навучання з залатым медалём.

Андрэй Зуб і Святлана Жогла сумелі зачараваць залу выкананнем танца на мелодыю песні «Незнакомка». Ва ўнісон сардэчнай атмасферы фестывалю была песня «Лишь бы мама была жива» ў выдатным выкананні Івана Клімовіча.

Слухаючы цудоўныя канцэртныя нумары, гледачы суадносілі гэтыя поспехі выканаўцаў з той вялікай, самаадданай працай, якую ўкладваюць спецыялісты аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў вобласці. Яркім прыкладам такога самаахвярнага служэння людзям з абмежаванымі магчымасцямі стала выступленне на сцэне са сваімі падапечнымі спецыяліста па сацыяльнай рабоце Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра Марыны Волахавай. Яна сумела падрыхтаваць касцюміраваны танец. Гэта было цудоўнае танга, якое разам з ёю выканалі Дзмітрый Галушка, Уладзімір Кулігін, Аляксей Трыфанаў. Гэты нумар журы ўключыла ў праграму заключнага этапу фестывалю, які адбудзецца напрыканцы лістапада. А з дзяўчатамі ёю быў падрыхтаваны акрабатычны нумар, таксама вельмі эфектны і прыгожы. У конкурснай праграме кожнага з адзінаццаці тэтрытарыяльных цэнтраў можна адзначыць нумары, якія былі ўспрыняты гледачамі сэрцамі. Без перабольшвання кожны падрыхтаваны нумар – гэта свайго роду подзвіг для тых, хто яго выконваў. Інвалідам патрэбна было справіцца з хваляваннем, якое прысутнічала перад выхадам на такую вялікую, са святлоэфектамі, сцэну, папярэдне шмат папрацаваць, справіцца з няпростым для іх па стане здароўя заданнем, каб падрыхтаваць нумар, пераадолець цяжкасці і стаць паспяховым.

Аддзяленне дзённага прабывання інвалідаў Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра многія гады ўзначальвае Наталля Макава. Канцэртную праграму на фестываль «Гарачае сэрца» разам з ёю рыхтавала кіраўнік гуртка Ірына Кізянкова пры падтрымцы іншых спецыялістаў цэнтра, а таксама бацькі наведвальнікаў аддзялення.

Стаўбцоўскаму раённаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які выдатна справіўся з правядзеннем адборачнага тура фестывалю, дапамаглі прадпрыемствы горада і індывідуальныя прадпрымальнікі. У ліку іх стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната, райспажыўтаварыства, раённы Цэнтр культуры, індывідуальныя прадпрымальнікі Анатоль Пазняк, Таццяна Навасельская, Сяргей Пяткевіч, Сяргей Брода. Сваю дапамогу ў правядзенні фестывалю аказалі валанцёры БРСМ – вучні СШ № 2 і СШ № 3 г. Стоўбцы.

У склад журы ўвайшлі спецыялісты Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і іншых упраўленняў і аддзелаў Мінаблвыканкама, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый, таварыстваў інвалідаў.

Усе прысутныя ў зале былі аднадушныя ў думцы, што такія фестывалі, як гэты, які прайшоў упершыню, павінны мець працяг. Яны даюць магчымасць людзям з абмежаваннямі ў здароўі раскрыць свае таленты, задаткі, якія ў кожнага ёсць, сустрэцца не толькі ім, але і спецыялістам, што працуюць у аддзяленнях, пераняць адзін у аднаго вопыт, паглядзець, на што вартыя самі і іншыя. І самае галоўнае – такія фестывалі садзейнічаюць, каб дапамагчы грамадству ўспрыняць людзей з інваліднасцю на роўных, каб тэма інваліднасці не заставалася некамфортнай, непрыемнай, як у сродках масавай інфармацыі, так і ў грамадстве. Гэта дапамагае і інвалідам вучыцца ўзаемадзейнічаць з соцыумам.

Працягам фестывалю стане заключны тур. Ад нашага раёна ў ім прымуць удзел прыгожыя і таленавітыя, дружныя і паспяховыя Максім і Паліна Кутасы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *