Візіт Прэзідэнта Турцыі ў Беларусь

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

11 лістапада адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана. У Мінску ў Палацы Незалежнасці адбыліся афіцыйныя перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі. Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган абмеркавалі шырокі спектр пытанняў развіцця міждзяржаўных адносін з акцэнтам на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, абмяняліся поглядамі па праблематыцы рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. Па выніках перагавораў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў.

Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган прынялі ўдзел у беларуска-турэцкім бізнес-форуме, праведзеным Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Саветам па знешнеэканамічных сувязях Турцыі (DEIK). На мерапрыемстве разгледжаны перспектыўныя напрамкі развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Акрамя таго, у Мінску з удзелам лідараў дзвюх краін прайшла цырымонія ўрачыстага адкрыцця Саборнай мячэці.

Беларусь і Турцыя здольны ўзняцца на новую ступень у развіцці адносін. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у вузкім складзе.

«У нас практычна няма палітычных рознагалоссяў. У нас адзіны погляд на міжнародны парадак дня. Вельмі добрыя адносіны па дыпламатычных каналах, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Так, гандлёва-эканамічныя адносіны ў нас крыху адстаюць ад нашых асабістых, міждзяржаўных адносін. Але нават у гэтай частцы таксама дынаміка дадатная і існуе добры прагрэс».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў шчырым стаўленні Беларусі да дружалюбнай Турцыі. «Нашы дружба і адносіны прайшлі выпрабаванне часам. І вы можаце быць упэўнены ў надзейнасці нашых адносін. З боку Беларусі мы заўсёды будзем прадказальныя для Турцыі, і наша палітыка заўсёды будзе адпавядаць таму курсу, які вы праводзіце ўжо не першы год», – заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў міждзяржаўных адносінах немалую ролю адыгрываюць асабістыя. «Калі браць пад увагу гэты фактар, то ў нас з вамі склаліся вельмі даўнія адносіны. Іх тэрмін – ужо больш за дзясятак гадоў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў удзячнасць Прэзідэнту Турцыі за тое, што ў складзе турэцкай дэлегацыі ў Мінск прыехалі амаль 200 прадстаўнікоў і кіраўнікоў буйнейшых кампаній гэтай краіны. «Мы адкрыем беларуска-турэцкі бізнес-форум, на які зарэгістравалася каля 300 беларускіх кампаній. Гэта, відаць, самы буйны форум па колькасці кампаній у гісторыі незалежнай Беларусі», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі і Турцыі шмат сфер для перспектыў сумеснага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім складзе.

Рэджэп Таіп Эрдаган сказаў, што шчаслівы наведаць Беларусь, і звярнуў увагу, што Турцыя была першай дзяржавай, якая прызнала незалежнасць Беларусі. «Што датычыць нашых будучых адносін, то ёсць шмат сфер, асабліва ў эканоміцы, каб працаваць разам», – адзначыў Прэзідэнт Турцыі. «Думаю, што за кароткі тэрмін мы зможам падняць тавараабарот да $1 млрд, і гэта не так складана», – лічыць турэцкі лідар.

Прэзідэнты Беларусі і Турцыі Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган прынялі сумеснае камюніке. У ім адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў атмасферы дружбы і ўзаемаразумення. Кіраўнікі дзяржаў усебакова абмеркавалі стан і развіццё перспектыў беларуска-турэцкіх адносін, абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *