У раёне

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ДЭПУТАТ РАСПАЧЫНАЕ ПРАЦУ Ў СВАЁЙ АКРУЗЕ

З 24 кастрычніка па 4 лістапада 2016 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім працавала ў сваёй выбарчай акрузе.

28 кастрычніка ў г. Стоўбцы, 2 лістапада ў г. Нясвіжы Алена Мікалаеўна правяла свой першы прыём грамадзян. Да дэпутата звярнуліся 14 чалавек. Па іх зваротах рыхтуюцца запыты ў адпаведныя ўстановы. Па адным са зваротаў А. Анісім выязджала ў Налібацкі сельсавет для высвятлення абставін.

Таксама А. М. Анісім наведала музей Якуба Коласа ў Акінчыцах і Альбуці, прыняла ўдзел у канферэнцыі «Стаўбцоўшчына – гісторыка-культурная спадчына наднёманскага рэгіёна».

Дадаткова паведамляем, што памочнікам Алены Анісім з’яўляецца Мікалай Новік. Мікалай Мікалаевіч прымае грамадзян кожны аўторак з 09.00 да 12.00 і кожны чацвер – з 14.00 да 17.00 па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 45, каб. 101, тэл. 5-16-29, 8-044-476-99-88.

Кантактныя тэлефоны для сувязі з Анісім А. М.: (8-017) 222-43-87, 8-029-661-65-98, адрас электроннай пошты – Anisim@house.gov.by.

Пр

 

УДЗЯЧНАСЦЬ ЗА СПОНСАРСКУЮ ДАПАМОГУ

Па добрай традыцыі, Стаўбцоўская пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і ў бягучым годзе знайшла магчымасць, каб забяспечыць свае сем’і гароднінай.

Усе 36 сем’яў, у якіх жывуць 38 дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, уваходзяць у зіму з ладнымі запасамі бульбы, морквы, буракоў і нават цыбулі.

– Хапіла ўсяго і ўсім дзякуючы нашым сельгаспрадпрыемствам-спонсарам – ААТ «Агранёманскі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», СФГ «Сула». ААТ «Жацерава» выдзеліла збожжа – для тых сем’яў, якія маюць уласныя падсобныя гаспадаркі. Гародніна «дайшла» да сем’яў дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Пяткевічу – на такіх жа спонсарскіх пачатках ён з году ў год ажыццяўляе транспартную дастаўку гародніны (часткова ўдзел у гэтым прыняло сёлета і ААТ «Агранёманскі»), – зазначае старшыня пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская.

Удзячнасць з боку пярвічнай арганізацыі адрасавана не толькі кіраўнікам названых вышэй гаспадарак, а і іх назіральным саветам, працоўным калектывам, якія адгукнуліся на зварот. Сапраўды, у таго, хто хоча падзяліцца, заўсёды знойдзецца што даць, і таму пытанне аб выдзяленні спонсарскай дапамогі вырашаецца станоўча.

Ініцыятыву праявілі і самі бацькі дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр» прадаставіла магчымасць саманарыхтоўкі цыбулі непасрэдна ў полі, 10 чалавек выказалі жаданне папрацаваць. Нарыхтавалі цыбулі на ўсю арганізацыю, пасля загрузілі і выгрузілі яе.

– За 15 гадоў існавання арганізацыі склаліся традыцыі ўзаемадапамогі, узаемавыручкі: робім усё разам, супольна. Калі хтосьці з бацькоў не можа, іншы зробіць за сябе і за тую сям’ю. Нашы сем’і маюць упэўненасць, што пярвічная арганізацыя іх не падвядзе, не пакіне сам-насам, – падкрэслівае Ніна Ганісеўская.

Пярвічная арганізацыя спадзяецца на працяг супрацоўніцтва са сваімі спонсарамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МІЛАСЭРНАСЦЬ І ДАБРЫНЯ

Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Мінскага абласнога аб’яднання Беларускага дзіцячага фонду.

У склад дэлегацыі нашага раёна ўвайшлі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гамза і Антаніна Сідарэня, бацькі-выхавацелі дзіцячага дома сямейнага тыпу Аляксандр і Кацярына Васільевы.

 З трыбуны канферэнцыі Кацярына Васільева падзялілася вопытам выхавання дзяцей, выказала словы ўдзячнасці абласному аддзяленню РГА «Беларускі дзіцячы фонд» за матэрыяльную і маральную падтрымку іх прыёмнай сям’і.

Вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гамза ўзнагароджана ганаровай граматай Беларускага дзіцячага фонду за плённую шматгадовую работу па ахове дзяцінства, клопат аб дзецях, любоў, міласэрнасць і дабрыню.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *