Распрацавана методыка прафілактыкі дыябету

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

14 лістапада адзначаны Сусветны дзень дыябету.

Ва ўсім свеце застаецца актуальнай праблема росту захваральнасці на цукровы дыябет, Беларусь не з’яўляецца выключэннем. Адзначаецца рост пярвічнай і агульнай захваральнасці па прычыне дыябету другога тыпу, што сведчыць аб актыўнасці ранняга выяўлення захворвання, а таксама аб аб’ектыўнай тэндэндыцыі павелічэння колькасці пацыентаў з цукровым дыябетам.

Гэтае захворванне з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для сферы аховы здароўя і абумоўліваецца зніжэннем якасці жыцця, ранняй інваліднасцю, высокай смяротнасцю ў выніку хранічных ускладненняў.

Цукровы дыябет – гэта група абменных захворванняў, якія характарызуюцца гіперглікеміяй – станам пастаяннага павышанага ўзроўню глюкозы ў крыві. Дыягназ выстаўляецца на падставе вынікаў лабараторнага даследавання ўзроўню глікеміі пры ўзроўні глюкозы ў капілярнай крыві.

У залежнасці ад этыалагічных фактараў, асаблівасцяў праяўлення, цячэння і лячэння захворвання, выдзяляюць наступныя парушэнні вугляводнага абмену: цукровы дыябет першага тыпу, цукровы дыябет другога тыпу, іншыя спецыфічныя тыпы дыябету, гестацыйны цукровы дыябет.

На цукровы дыябет першага тыпу захворваюць у дзіцячым і юнацкім узросце. Першымі клінічнымі прызнакамі з’яўляюцца: смага, сухасць у роце, пачашчанае мочаспусканне, згуба вагі цела. Праяўленне клінічных сімптомаў хутка нарастае і без аказання неабходнай дапамогі прыводзіць да цяжкага стану – дыябетычнай комы. Гэты тып дыябету лечыцца толькі інсулінатэрапіяй.

Цукровы дыябет другога тыпу развіваецца, як правіла, у дарослага насельніцтва. Пры гэтым тыпе дыябету ўласны інсулін выпрацоўваецца, але за кошт неадчувальнасці клетак да яго дзеяння фарміруецца павышаны ўзровень глікеміі. Фактарамі рызыкі развіцця цукровага дыябету другога тыпу з’яўляецца і генетычная схільнасць, а таксама ўздзеянне такіх фактараў, як парушэнне якасных і колькасных характарыстык у харчаванні, зніжэнне фізічнай актыўнасці, лішняя вага цела, наяўнасць хранічных стрэсаў, курэнне і празмернае ўжыванне алкаголю. Пацыенты з цукровым дыябетам другога тыпу маюць такую ж ступень рызыкі заўчаснай смерці як тыя, хто перанёс інфаркт. Таму на ранніх стадыях парушэння вугляводнага абмену вельмі важным з’яўляецца правядзенне актыўных мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку прагрэсіравання парушэнняў вугляводнага абмену і зніжэння рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Паколькі цукровы дыябет другога тыпу не мае яркіх клінічных сімптомаў, і яго дыягностыка ўскладняецца з-за позніх зваротаў, распрацавана методыка скрынінгу. Правядзенне яго прадугледжана сярод асоб, якія маюць рызыку захворвання: сярод мужчын і жанчын пасля 45 гадоў; асоб з ускладненым сямейным анамнезам па цукровым дыябеце, метабалічным сіндроме, з нарастаннем масы цела ў дынаміцы (ІМТ больш за 25 кг/м2); сярод мужчын і жанчын з парушэннем глюкозы крыві нашча (глюкоза ў капілярнай крыві 5,5 ммоль/л раніцаю); жанчын з атлусценнем і парушэннем менструальнай функцыі; мужчын і жанчын з анамнезам сасудзістых катастроф.

Наталля САХУТА, урач-эндакрынолаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *