Участковы – універсальны салдат

Ахова правапарадку Нумары

6-15-11-16m

Пра службу, якая і небяспечная, і цяжкая, расказана нямала. Напярэдадні прафесійнага свята ўчастковага інспектара міліцыі я наведала Стаўбцоўскі РАУС, дзе мяне прыязна сустрэла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, адзіная жанчына ў вобласці, якая ўзначальвае падобны аддзел, маёр міліцыі Юлія Міхайлаўна Белавусава. Яна распавяла мне пра гэтую службу.

Штат аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі ўключае ў сябе 18 участковых інспектараў міліцыі, трох інспектараў, намесніка начальніка і начальніка аддзела. У гэтым годзе прыбылі пяць маладых спецыялістаў, чатыры з іх – участковыя інспектары міліцыі. Па словах Юліі Міхайлаўны, усе маладыя супрацоўнікі ініцыятыўныя, адказныя, прыйшлі працаваць і чагосьці дасягнуць у жыцці.

Уладзіслаў Кандратовіч працуе на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі Стаўбцоўскага РАУС з 1 верасня бягучага года. Скончыў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Яму было даручана абслугоўваць Заямнаўскі сельсавет. Начальнік аддзела гаворыць, што гэта даволі складаны ўчастак. Паводле аналізу за 9 месяцаў менавіта ў гэтай мясцовасці адзначана найбольшая колькасць злачынстваў і правапарушэнняў. Супрацоўнік вучыцца, імкнецца павысіць свой прафесіяналізм. Уладзіслаў раней праходзіў службу на пасадзе камандзіра патрульна-паставой службы міліцыі. Як рэагаваць на розныя фактары парушэнняў грамадскага парадку, ведае.

Аляксандр Бондараў працуе ўчастковым інспектарам міліцыі з красавіка 2016 года. Да гэтага праходзіў службу на пасадзе міліцыянера-вадзіцеля аддзялення патрульна-паставой службы Стаўбцоўскага РАУС. У 2014 годзе скончыў БДУІР. Абслугоўвае адзін з мікрараёнаў горада. Мэтанакіраваны, у РАУС зарэкамендаваў сябе выключна са станоўчага боку, за што мае шэраг заахвочванняў як кіраўніцтва аддзела, так і ўпраўлення Мінскай вобласці.

Са студзеня 2016 года праходзіць службу на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі Павел Сошка. Супрацоўнік прыбыў на працу з грамадзянскай ВНУ. Прайшоў шэсць месяцаў вучэбнай падрыхтоўкі ў цэнтры павышэння кваліфікацыі. Цяпер працуе на ўчастку горада, дзе месціцца новы мікрараён. Юлія Міхайлаўна расказвае: «Гэта складаны раён з новымі забудовамі. Людзі засяляюцца ў новыя кватэры, многія прыязджаюць з іншых населеных пунктаў. Дадатковую нагрузку стварае інтэрнат маторнага завода, нярэдка адтуль бываюць паведамленні аб сямейна-бытавых канфліктах».

Андрэй Калкоўскі пачаў сваю працу на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі з 1 жніўня бягучага года. Скончыў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Андрэй абслугоўвае мікрараён «старога горада». Начальнік службы прыкмеціла: «Людзі тут пражываюць у асноўным немаладыя. Але ўчастак даволі своеасаблівы, таму што побач праходзіць чыгунка, знаходзіцца аўтавакзал. З верасня гэтага года нам перададзены на абслугоўванне ўсе аб’екты чыгуначнага транспарту, таму асаблівая ўвага надаецца вакзалу. Таксама на ўчастку Андрэя знаходзіцца кафэ «Стары Двор», установа, дзе патрэбен пастаянны кантроль. Супрацоўнік малады, але відаць, што мае жаданне, стараецца, заўсёды просіць кансультацыі ў старэйшых».

Таксама з сакавіка 2016 года намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі прызначаны Сяргей Пальчык. У мінулым годзе працаваў на пасадзе інспектара па справах непаўналетніх, участковым інспектарам міліцыі. А яшчэ раней праходзіў службу ў Следчым камітэце.

У падраздзяленні працуе і адна дзяўчына, вядучы спецыяліст Анастасія Петрашкевіч. Яна вядзе лінію прафілактыкі. Раней праходзіла службу ў Следчым камітэце. Працавала ў судзе Стаўбцоўскага раёна, што сведчыць аб дастатковым вопыце работы ў гэтай сферы.

На належным узроўні сваю работу выконваюць інспектары падраздзялення. Аляксандр Пархімовіч, супрацоўнік вельмі дасведчаны, працуе больш за тры гады. Ён займаецца дзяржаўным кантролем у галіне палявання.

Супрацоўнік Дзмітрый Калкоўскі, старшы інспектар па забеспячэнні аховы грамадскага парадку. У яго абавязкі ўваходзіць расстаноўка асабовага саставу ўсяго аддзела на суткі. Ён вельмі дасведчаны, стаж службы ў органах унутраных спраў каля 20 гадоў. Раней праходзіў службу і ў АМАП, і ў патрульна-паставой службе міліцыі. Цікава, што адзін з напрамкаў яго працы – футбольны рух. Дзмітрый прысутнічае на футбольных матчах, вядзе актыўную работу з фанатамі.

Падчас размовы Юлія Міхайлаўна ўспомніла і пра старажылаў службы: «А. В. Новікаў, старшы ўчастковы інспектар міліцыі, маёр міліцыі, абслугоўвае Літвенскі сельсавет. Вопытны супрацоўнік. Карыстаецца вялікім аўтарытэтам у жыхароў. Таксама з тых, хто даўно нясе службу, П. З. Карніцкі, маёр міліцыі. Ён абслугоўвае ўчастак Рубяжэвіцкага сельсавета. Паважаны чалавек, з’яўляецца дэпутатам. Працуе больш за 15 гадоў на ўчастку. У поўным узаемадзеянні з сельвыканкамам працуе А. В. Кільчэўскі, старшы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі. Працуе больш за 20 гадоў. Абслугоўвае ўчастак Вішнявецкага сельсавета. Усе цэняць яго за добрасумленную працу.

Нельга не ўзгадаць і іншых супрацоўнікаў – гэта С. М. Печанко, А. Г. Макарчук, Р. І. Пазняк, В. Ч. Лісоўскі, Я. В. Сянько, А. А. Клочка, Д. В. Дарашчук, А. А. Капскі.

На завяршэнне размовы Юлія Міхайлаўна адзначыла, што ўсе супрацоўнікі, якія працуюць у падраздзяленні, адказныя, прафесіяналы сваёй справы. Яны імкнуцца быць лепшымі, каб заваяваць аўтарытэт у сябе на ўчастку. Супрацоўнікі стараюцца дайсці да кожнага жыхара. Праца ўчастковага таксама звязана з узаемадзеяннем з грамадскімі пунктамі аховы правапарадку, якія дзейнічаюць пры сельвыканкамах.

Словам, участковы інспектар міліцыі з’яўляецца першым памочнікам і абаронцам грамадзян на даручанай яму тэрыторыі. Гэтая прафесія прадугледжвае непасрэдную працу з жыхарамі ўчастка i не дапускае фармальнага падыходу да службовых абавязкаў. Часта ўчастковаму прыходзіцца адначасова быць следчым, аператыўнікам і экспертам. Менавіта па працы ўчастковага многія ацэньваюць дзейнасць органаў унутраных спраў у цэлым. Ён для грамадзян з’яўляецца і абаронцам, і дарадцам, і псіхолагам. «У сувязі з прафесійным святам усім участковым інспектарам раёна – найлепшыя пажаданні», – гаворыць Юлія Белавусава.

 Ксенія РУБІН 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *