Аб выкананні антыалкагольнага заканадаўства

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання Стаўбцоўскім райвыканкамам, РАУС і УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» заканадаўства, накіраванага на барацьбу з п’янствам, папярэджаннем правапарушэнняў, што ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення.

Устаноўлена, што па выніках 8 месяцаў бягучага года крымінагенная абстаноўка ў раёне характарызуецца дынамікай скарачэння колькасці ўчыненых злачынстваў з 379 да 324, ці на 14, 5 працэнта менш, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку – з 242 да 196. Разам з тым, за ўказаны перыяд на тэрыторыі раёна зарэгістраваны рост злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, – з 74 да 85. Працягвае заставацца на высокім узроўні колькасць загінуўшых у выніку алкагольнага атручэння – сем чалавек.

Вынікі праведзеных пракуратурай раёна праверак выканання патрабаванняў заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, у тым ліку накіраванага на барацьбу з п’янствам і алкагалізмам, сведчаць аб фармальных адносінах да ажыццяўлення прадастаўленых паўнамоцтваў па папярэджанні правапарушэнняў.

Так, рашэннем Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 25.03.2011 № 420 зацверджаны план мерапрыемстваў па папярэджанні п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гады ў Стаўбцоўскім раёне, які ўключаў у сябе 53 мерапрыемствы ўказанай накіраванасці. Аднак праверка рэальнага выканання паказала, што некаторыя з мерапрыемстваў не знайшлі свайго практычнага прымянення, асобныя выкананы неналежным чынам, што сведчыць аб паслабленым узроўні кантролю ў гэтым напрамку.

Згодна з планам мерапрыемстваў Стаўбцоўскаму РАУС і УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» даручана на пастаяннаай аснове праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы перасоўнага наркалагічнага пункта па выяўленні і спыненні фактаў знаходжання на рабочым месцы ў нецвярозым стане, а таксама кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым, у адпаведнасці з інфармацыяй УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», перасоўнага наркалагічнага пункта на тэрыторыі раёна няма, зразумела, што і такія рэйды не праходзілі.

Планам мерапрыемстваў прадугледжана ўкараніць у практыку работы аб’ектаў грамадскага харчавання, якія маюць ліцэнзію на рэалізацыю алкаголю на разліў, надпісу на сталовых сурвэтках аб шкодзе алкаголю. Аднак пры праверцы аб’ектаў грамадскага харчавання, якія належаць райспажыўтаварыству, – кафэ «Бацькава хата», «Прывал рыцара», рэстарана «Нёман» – устаноўлена, што гэтае мерапрыемства не выканана.

Аб неналежным выкананні плана мерапрыемстваў сведчыць тое, што сумесныя рэйды інспектараў ДАІ і ўрача-нарколага УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» з мэтай праверкі перадрэйсавых аглядаў вадзіцеляў транспартных сродкаў у арганізацыях раёна штомесячна не праводзяцца. Усяго за 2015 год было ажыццёўлена толькі сем такіх рэйдаў.

У рамках праверкі пракуратурай раёна ўдзелена ўвага мерам, што прымаюцца РАУС з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў, якія ўчыняюцца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Устаноўлена, што за 8 месяцаў 2016 года 434 асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў, прадугледжаных чч. 1, 2, 3 арт. 17.3 КоАП.

РАУС за прааналізаваны перыяд 197 асобам аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні аб недапушчэнні паўторнага парушэння закона. Пры гэтым 48-мю асобамі пасля аб’яўлення ім афіцыйных папярэджанняў зноў учынены правапарушэнні. Усе асобы ўказанай катэгорыі пастаўлены на прафілактычны ўлік. Па стане на 01.09.2016 колькасць асоб на прафуліку склала 134.

З мэтай прафілактыкі п’янства і алкагалізму ў раёне створана 40 камісій па барацьбе з п’янствам. У 11 сельвыканкамах і 22 установах адукацыі функцыі такіх камісій ускладзены на саветы грамадскага пункта аховы правапарадку і саветы па прафілактыцы. У першым паўгоддзі 2016 года праведзена 78 пасяджэнняў саветаў АПАП. У выніку разгляду 32 асобы прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.

Пракуратурай раёна ў чэрвені бягучага года праведзена праверка выканання заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў у Заямнаўскім і Навасвержанскім сельвыканкамах. Устаноўлена, што ў дзейнасці саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку пры гэтых сельвыканкамах дапускаюцца факты непрыняцця ці неналежнага прыняцця мер прафілактыкі, што спрыяла ўчыненню на тэрыторыях, падведамасных указаным сельвыканкамам, правапарушэнняў і злачынстваў.

У рамках праверкі пракуратурай раёна ўдзелена ўвага мерам, што прымаюцца УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» па папярэджанні п’янства і алкагалізму. Устаноўлена, што па стане на 01.09.2016 у наркалагічным кабінеце ЦРБ на дыспансерным уліку стаяць 699 асоб, на прафілактычным уліку – 476. Наркалагічная служба ўстановы поўнасцю ўкамплектавана ўрачамі псіхолагамі-нарколагамі.

З мэтай выяўлення сем’яў, у якіх муж і жонка злоўжываюць спіртнымі напіткамі, за мінулы перыяд 2016 года ўрачом-псіхіятрам-нарколагам УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» сумесна з супрацоўнікамі РАУС ажыццёўлены чатыры выезды, у тым ліку на тэрыторыі Шашкоўскага, Дзераўнянскага, Старасвержанскага і Заямнаўскага сельсаветаў, у выніку якіх 10 асоб накіраваны на праходжанне курса «кадзіравання», сем – накіраваны на супрацьалкагольнае лячэнне ў дзённы стацыянар ЦРБ, чатыром асобам выдадзены накіраванні на стацыянарнае супрацьалкагольнае лячэнне.

Медработнікамі рыхтуюцца выступленні ў раённай газеце і па радыё, праводзяцца гутаркі і лекцыі, афармляюцца стэнды «Куток здароўя». У памяшканні паліклінікі дэманструюцца кінавідэалекторыі антыалкагольнай тэматыкі.

Пракуратура Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *