Поспех дасягаецца шчырай і сумленнай працай

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу – мы папрасілі першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніса Колясеня расказаць аб дасягнутых выніках у рабоце галіны, якую ён узначальвае.

– Дзяніс Сяргеевіч, на зыходзе чарговы сельскагаспадарчы год. Падведзены вынікі работы калектываў у раслінаводчай галіне. А з якімі набыткамі сустракаюць сваё прафесійнае свята хлебаробы нашага раёна?

– У вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур аграрыям, на жаль, не ўдалося паўтарыць мінулагодні поспех. Тыя ўмовы надвор’я, якія склаліся, не паспрыялі росту менавіта яравых культур – засуха не дазволіла ім як след раскусціцца. Людзі, аднак, працавалі з поўнай аддачай. Сяўбу правялі своечасова, з выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў, пасеялі насеннем не ніжэй за першую рэпрадукцыю. Няпростай выдалася і ўборачная кампанія. Аднак хлебаробы нашага раёна – людзі вопытныя, працавітыя, сапраўдныя майстры сваёй справы. Вырашчаны ўраджай сабралі спаўна і засыпалі ў засекі. І, нягледзячы на нестандартны для вырошчвання збожжавых год, традыцыйна высокіх паказчыкаў зноў дабіліся працаўнікі ААТ «Вялікі Двор», «Агранёманскі».

Спецыялісты і механізатары пастараліся і восенню, заклалі трывалы падмурак для новага ўраджаю.

Па вырошчванні цукровых буракоў тэндэнцыя станоўчая, спрацавалі лепш мінулагодняга. Па папярэдніх падліках валавы збор складзе каля 140 тысяч тон і ўраджайнасць чакаецца вышэйшай за леташнюю на 100 цэнтнераў. Асабліва парадавалі буракаводы ААТ «Вялікі Двор», дзе ўраджайнасць перасягне 530 цэнтнераў. Варта сказаць, што гэтая прапашная культура, калі ўздяляць ёй належную ўвагу, даволі прыбытковая. Няблага аддзячылі і бульбяныя палеткі. Асноўная доля ў вытворчасці «другога хлеба» належыць СФГ «Сула», якая працуе ў тандэме з ТАА «Аграцэнтр-Сула». З году ў год тут павялічваюцца пасадачныя плошчы і ўраджайнасць.

Сёлета створана трывалая кармавая база, і якасць кармоў неблагая. Закладвалі кармавыя ўгоддзі яшчэ два гады назад, высявалі шматгадовыя бабовыя травы. Насенне закуплялі за бюджэтныя сродкі, і самі кіраўнікі гаспадарак парупіліся набыць неабходную колькасць. Многа было пасеяна люцэрны, што дало свой плён. Сенажу закладзена на 15 тысяч тон больш леташняга. Сёлетні год быў неблагім у вырошчванні кукурузы, у выніку сіласу нарыхтавана на 50 тысяч тон больш.

Лепшага выніку па нарыхтоўцы травяных кармоў дасягнулі працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы», дзе самы высокі паказчык па ўраджайнасці кукурузы. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана кармавых адзінак больш, чым у іншых гаспадарках. Таварыства ў пераможцах па колькасці нарыхтаваных кармоў не толькі ў раёне, а і ў вобласці.

Для закладкі травяных кармоў і захавання іх якасці на фермах ва ўсіх гаспадарках з дапамогай бюджэтных сродкаў пабудавана пяцьдзясят новых сянажна-сіласных траншэй. Будаўніцтва, а таксама рэканструкцыя старых траншэй, будуць працягвацца і надалей.

– А якія паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне?

– У мінулым годзе жывёлаводы раёна няблага спрацавалі ў вытворчасці малака і мяса. Набраныя тэмпы не зніжаюцца і сёлета, здабыткі паступова прымнажаюцца. Па выніках года прагнозны паказчык росту вытворчасці малака чакаецца 105,6 працэнта, мяса – 107,8 працэнта. Разлікі грунтуюцца на створанай неблагой кармавой базе, што дазваляе жывёлаводам плённа працаваць у зімова-стойлавы перыяд і мець станоўчую дынаміку. На фермах жывёле ствараюцца належныя ўмовы ўтрымання. Будуюцца сучасныя жывёлагадоўчыя памяшканні. Работа вядзецца на працягу двух гадоў. За гэты час узведзена сямнаццаць «клюшачнікаў», што дазволіла дадаткова размясціць 3,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Створаны лепшыя ўмовы для ўтрымання маладняку і цялушак. Для гэтай катэгорыі жывёлы ў асноўным і праводзілі рэканструкцыі. Адрамантавана звыш дваццаці памяшканняў. Такім чынам, зроблены задзел на будучае малако.

Сярод сельгаспрадпрыемстваў нязменным лідарам па вытворчасці малака на працягу некалькіх апошніх гадоў з’яўляецца калектыў ТАА «СЖК «Налібакі». Шчырая праца жывёлаводаў малочнага цэха адзначана сёлета не толькі ў раёне, а і ў вобласці. Заслугоўваюць пахвалы работнікі фермаў ААТ «Каганец». Гэта пакуль што адзіная гаспадарка ў раёне, дзе на працягу года практычна ўсё малако рэалізуецца перапрацоўшчыкам гатункам «экстра».

Узнагароджаны Ганаровай граматай аблвыканкама галоўны ветурач ААТ «Вялікі Двор» Уладзімір Швед – у гэтай гаспадарцы таксама высокія паказчыкі ў малочнай і мясной галінах. Вызначылася ў абласным спаборніцтве аператар СТК «Крамец» ААТ «Вішнявецкі-агра» Святлана Валіцкая.

На высокім ўзроўні пастаўлена ў раёне ўзнаўленчая работа. Гэта вельмі важны накірунак у жывёлагадоўлі, бо без высокапрадукцыйнага пагалоўя не атрымаць у будучым ні надояў, ні прываг. Па выхадзе цялят мы занялі летась другое месца ў вобласці, і сёлета справы ладзяцца. У гэтым немалая заслуга раённай племстанцыі, якую ўзначальвае Людміла Курыльчык. І на месцах тэхнікі-асемянатары працуюць з аддачай. Мы цэнім іх нялёгкую працу і стараемся належным чынам заахвочваць. Штогод праводзяцца раённыя конкурсы.

Не магу не адзначыць і работу калектываў абслуговых арганізацый, якія дапамагаюць працаўнікам сяла дабівацца неблагіх вынікаў. У прыватнасці, гэта ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», механізаваны атрад якога штогод рупіцца на нарыхтоўцы кармоў, вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, таварыства аказвае паслугі па вапнаванні глебы. Арганізацыяй асвоены выраб вокнаў з полікарбанату і вільчакоў для жывёлагадоўчых памяшканняў, якія запатрабаваны. Паралельна ў такім жа накірунку працуе калектыў ААТ «Стаўбцоўская ПМК», якая займаецца пераважна вырабам і рамонтам жывёлагадоўчага абсталявання. Абслугоўвае электраабсталяванне ў гаспадарках ЗАТ «Стаўбцоўскае райаграпрамэнерга».

Аказвалі актыўную дапамогу аграрыям ва ўборцы ўраджаю і саломы працаўнікі гарадскіх арганізацый, за што ім вельмі ўдзячны. У першую чаргу калектывам ПМК-233, аўтапарка № 17, РБУ, ДРБУ-135, ДЭУ-62, Стаўбцоўскім электрасеткам, торфабрыкетнаму заводу «Нёман» і іншым арганізацыям, якія адгукнуліся на просьбу.

Сельскагаспадарчая галіна цесна супрацоўнічае з перапрацоўчымі прадпрыемствамі, калектывы якіх таксама адзначаюць сваё прафесійнае свята. Нашы сельгаспрадпрыемствы напрамую працуюць са Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінатам у плане паставак сыравіны і атрымання грошай. Шчыра дзякую кіраўніцтву камбіната за ўзаемавыручку і падтрымку, якая аказваецца гаспадаркам.

Паважаныя работнікі аграпрамысловага комплексу раёна! Горача і сардэчна віншую вас з прафесійным святам. Дзякую за дасягнутыя вынікі, за нялёгкую працу і разуменне яе важнасці для дзяржавы. Жадаю моцнага здароўя, аптымізму, дастатку ў вашых сем’ях, здзяйснення ўсіх планаў і задум у асабістым жыцці і працоўнай дзейнасці.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *