Прызванне – расціць хлеб

Нумары Сельская гаспадарка

Чвэрць стагоддзя працуе ў раслінаводчай галіне ААТ «Агранёманскі» Іван Скварчэўскі. Апошнія дзесяць гадоў на пасадзе намесніка дырэктара. Дзякуючы яго вопыту, уменню і старанню ўраджайнасць усіх сельскагаспадарчых культур у таварыстве ў ліку самых лепшых у раёне. І ў сёлетніх няпростых пагодных умовах аграрыі гаспадаркі паймелі неблагі вынік.

– Як і заўжды зрабілі ўсё неабходнае для таго, каб атрымаць высокую ўраджайнасць збожжавых, але падсушыла яравыя, – расказвае Іван Іванавіч. – Як гаворыцца, год на год не прыходзіцца. І ўборачная выдалася дажджлівай, але з нябеснай канцылярыяй таксама не паспрачаешся. Добра ўрадзілі бульба, цукровыя буракі і агародніна. Заклалі ў дастатковай колькасці травяных кармоў. Апошнім часам арганікі больш уносім і маем адпаведную аддачу.

Галоўны спецыяліст падкрэслівае, што ўсе культуры ў гаспадарцы рэнтабельныя. Апошнія гады азімыя і яравыя збожжавыя высяваюцца толькі беларускай селекцыі, і гэта апраўдана. На працягу многіх гадоў таварыства з’яўляецца элітгасам па вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, рапсу.

3-18-19w

Івану Скварчэўскаму неаднойчы прапаноўвалі павышэнне – дырэктарскую пасаду, але ён не згадзіўся.

– Я люблю сваю работу, ёю жыву і без яе як без рук. Не прамяняю ні на якую іншую, – працягвае размову галоўны спецыяліст. – Хлеб расціць – маё прызванне. Лічу, што кожны чалавек павінен займаць у жыцці сваё месца, рабіць справу сумленна і быць карысным людзям.

Іван Іванавіч дадае, што яму лёгка працуецца ў сваёй галіне, бо побач з энтузіязмам рупяцца маладыя адукаваныя спецыялісты. Будучая змена, яго выхаванцы. Вельмі задаволены аграномам-аграхімікам Аляксандрам Булашам, з якім працуе ў тандэме. Паказалі сябе з самага лепшага боку начальнікі ўчасткаў, два Аляксандры – Якімаў і Хука.

Сам Іван Скварчэўскі жыў у горадзе і вучыўся ў гарадской школе. А вось паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум. Чаму выбраў прафесію агранома?

– З маленства прыкіпеў да вёскі. Карані мае ў Скамарошках. Часта прыязджаў да дзядулі з бабуляй, каб дапамагчы па гаспадарцы. Мне падабалася бачыць, як усё вакол расце, цвіце. Навучыўся сеяць, касіць і выконваць розную сялянскую работу. У жыцці мне гэта вельмі прыдалося, – расказвае Іван Іванавіч. – Узяў накіраванне, на той час з калгаса імя Леніна, і пасля заканчэння тэхнікума вярнуўся сюды на працу.

Пачынаў выпускнік працоўную біяграфію начальнікам участка. Пашанцавала з настаўнікамі, вопытнымі спецыялістамі-брыгадзірамі. Дагэтуль удзячны за навуку Міхаілу Васільевічу Жыгалаву і Дзмітрыю Міхайлавічу Ярмаковічу, з дапамогай якіх спасцігаў азы сваёй прафесіі. Працягваў вучобу і без адрыву ад вытворчасці скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Цяпер і сам перадае накоплены вопыт. Да яго калегі звяртаюцца за парадамі, і Іван Іванавіч нікому не адмаўляе, дзеліцца напрацоўкамі. І з механізатарамі, якія адпрацавалі не адзін дзясятак гадоў, Казімірам Дамброўскім, Аляксеем Пальчыкам і Міхаілам Мазюкевічам, пастаянная сувязь – разам шукаюць захады, як лепш выканаць тую ці іншую тэхналагічную аперацыю. Так нараджаюцца рацыяналізатарскія прапановы.

Але не толькі працай жыве чалавек. У вольны час, які выпадае не так часта, Іван Іванавіч любіць пасядзець з вудай – ён рыбак са стажам. І адпачыць на ўлонні прыроды: паслухаць цішыню. А дома гаспадара атуляе прыгажосцю сад, дзе расце больш за паўста пладовых дрэваў, якія ён пяшчотна даглядае. Да дзядулі прыязджаюць у госці ўнукі, якіх ён вельмі любіць. І чакае, калі хлопцы падрастуць, каб разам займацца яго любімымі хобі.

За шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзнагародзіла Івана Скварчэўскага юбілейным медалём «110 гадоў прафсаюзнага руху Беларусі».

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *