Рупнасць хлебаробская

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

8-18-19q

Неаднаразовы пераможца раённага і абласнога спаборніцтваў на адвозцы збожжа ад камбайнаў вадзіцель ААТ «Жацерава» Уладзімір Аўласін сёлета адзначаны падзякай Мінаблвыканкама. Дбайны працаўнік перавёз 2139,8 тоны збожжа і заняў першае месца.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПА-РАНЕЙШАМУ Ў ЛІДАРАХ

Хлебаробы ААТ «Вялікі Двор», якое ўзначальвае заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Вольга Луцык, па-ранейшаму ў лідарах па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур. Сёлетні год не стаў выключэннем. І хоць выдаўся ён не самым спрыяльным, але і ў няпростых умовах надвор’я працаўнікі палёў здолелі атрымаць з кожнага гектара 43,6 цэнтнера збожжа ў свірнавай вазе – гэта лепшы паказчык у раёне. Найбольш аддзячылі азімыя культуры, сабрана на круг 53,8 цэнтнера. Выхад збожжа на бала-гектар склаў 116 кілаграмаў – другое месца сярод гаспадарак. Выкананы дзяржзаказ. Поспеху садзейнічала высяванне перспектыўных сартоў, строгае прытрымліванне тэхналогіі вырошчвання. Тут пастаянна займаюцца сортазменай і сортаабнаўленнем. Высяваюцца найбольш перспектыўныя сарты. Каб мець вышэйшую ўраджайнасць, у глебу пад патрэбнасць ўносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. А ўвогуле вынік дасягаецца стараннай і сумленнай працай згуртаванага калектыву. Чатырнаццаць гадоў кіруе раслінаводчай галіной таварыства Генадзь Бязушка і ўвесь гэты час гаспадарка не здае заваяваных пазіцый.

На ўборцы рупіліся восем экіпажаў. Лепшы вынік у камбайнера Сяргея Сенькі, які заняў другое месца ў раённым спаборніцтве. Сяргей Эдуардавіч першым сярод калег намалаціў тысячу тон збожжа. Высокія намалоты ў вопытных камбайнераў Фіната Саітгарэева, Генадзя Райскага, які атрымаў падзяку Мінаблвыканкама, Уладзіміра Пячонава і Аляксандра Тарабэша. Гэтыя людзі не толькі спаўна ўбралі вырашчанае, але і закладвалі аснову будучага ўраджаю – сеялі, рыхтавалі глебу. Вызначыліся вадзіцелі Васілій Ціткоў і Міхаіл Кірыкеш. Сярод маладых вадзіцеляў лідзіруе ў раёне Ігар Магільніцкі, высокія вынікі ў Аляксандра Швагеруса.

– Вялікі дзякуй за старанне ўсім нашым механізатарам, якія шчыравалі не шкадуючы сіл, – гаворыць Генадзь Генадзьевіч. – Яны справіліся з усімі палявымі работамі своечасова і за шчырую працу заслугоўваюць пахвалы. Парупіліся таксама Уладзімір Рулёў, Анатолій Сцефаноўскі, Васілій Лучык, Іван Цімашэнка і Уладзімір Дзянісаў.

Заўжды самая высокая ў гаспадарцы і ўраджайнасць цукровых буракоў. Сёлета гэтая прапашная культура радуе і валавым зборам, і цукрыстасцю – буракаводы накапалі ў межах 530 цэнтнераў на круг і плануюць адгрузіць перапрацоўшчыкам каля 16 тысяч тон салодкай прадукцыі. Цукровыя буракі ў гаспадарцы заўжды рэнтабельныя. Дзякуючы рупнасці агранамічнай службы ў гаспадарцы нарыхтоўваецца і неабходная колькасць кармоў. Жывёла забяспечана паўнацэннымі рацыёнамі з бялковым кампанентам уласнай вытворчасці. Урадзіла кукуруза, што дазволіла закласці ў траншэі каля 16 тысяч тон сіласу. Дастаткова кармоў – і ў жывёлагадоўчай галіне справы ладзяцца, таварыства на перадавых пазіцыях. Ад продажу малака маюць неблагі прыбытак, рэнтабельнасць прадукцыі з пачатку года склала 47,3 працэнта. Рэнтабельная сёлета і ялавічына. Вырашчана з пачатку года звыш 830 тон мяса ў жывой вазе, сярэднясутачныя прывагі склалі 752 грамы. Комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы мае высокі рэйтынг і ўваходзіць у трыццатку лепшых у рэспубліцы.

 

У ЗГУРТАВАНЫМ КАЛЕКТЫВЕ

Калектыў ААТ «Рубяжэвічы» прызнаны пераможцам не толькі раённага, а і абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. З другога месца летась рубяжэвіцкія рупліўцы падняліся на першае. І поспех гэты заканамерны. Дырэктар таварыства Андрэй Атрушкевіч вялікую ўвагу ўдзяляе кармавой базе: намаганні скіроўваюцца на тое, каб забяспечыць грамадскі статак якаснымі, збалансаванымі па бялку, травянымі кармамі. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана 33,72 цэнтнера кармавых адзінак, плюс 10,3 цэнтнера да мінулагодняга паказчыка.

Перавыкананы план па закладцы сенажу. Справіліся з планам дзякуючы мэтанакіраванай рабоце з травамі. У таварыстве пасеяна толькі ў чыстым выглядзе 326 гектараў люцэрны. Правялі тры ўкосы, а на некаторых участках і чатыры. Пасля кожнага скошвання падкармілі плошчы азотам і атрымалі неблагую ўраджайнасць. Паспрыяла і надвор’е. У выніку нарыхтавалі звыш 12 тысяч тон сенажу. І кукуруза не падвяла, хоць з вясны ўсходы не радавалі. Як адзначае аграном-аграхімік Ірына Атрушкевіч (за шматгадовую і плённую працу Ірына Уладзіміраўна атрымала падзяку аблвыканкама), правялі некалькі падкормак і расліны пайшлі ў рост. Варта дадаць, што на кожны гектар было ўнесена па 30 тон арганікі, і гэта дазволіла атрымаць высокі вынік. З кожнага гектара сабрана па 414,1 цэнтнера зялёнай масы – лепшы паказчык сярод гаспадарак раёна. Закладзена ў траншэі 20 575 тон кукурузнага сіласу, што больш чым у паўтара раза перасягае даведзенае заданне. Намалочана на круг 113 цэнтнераў зерня кукурузы.

Згуртаванаму калектыву спецыялістаў і радавых працаўнікоў прысуджана і трэцяе месца ў спаборніцтве на веснавых палявых работах. Усе тэхналагічныя аперацыі работнікі выканалі своечасова і якасна.

Шчыра папрацавалі механізатары і вадзіцелі Пётр Гурын, Сяргей Кажамяка, Анатоль Мішук, Сяргей Анціпін, Іосіф Пока, Сяргей Лабун, Анатоль Рамэйка, Алег Шышка, Юрый Янкоўскі, Раман Сабалеўскі, Святаслаў Круглік, Уладзімір Маргаўнічы, Анатолій Марцінкевіч, Вячаслаў Гайдукевіч, Антон Какошын, Мікалай Сінякевіч, Браніслаў Сабалеўскі, Васіль Паплаўскі. Усе яны былі задзейнічаны на розных відах работ. Шчыравалі на камбайнах і інжынеры – Валерый Лагеня і Фёдар Гурын.

 

ПРАВА НА СВЯТА

Работнікі ААТ «Вішнявецкі-агра» сёлета плённа працавалі і заслужылі права на правядзенне на сваёй тэрыторыі прафесійнага свята працаўнікоў вёскі і раённых дажынак. Калектыву дбайных рупліўцаў прысуджаны два другія месцы ў раённым спаборніцтве. Дырэктар Віктар Худніцкі, які ўзначаліў таварыства год назад, паступова выводзіць гаспадарку на былыя пазіцыі.

Асаблівы плён старання ў кормавытворчасці. Стаўку зрабілі на сянаж. Многа пасеялі шматгадовых траў, у прыватнасці, каля 300 гектараў люцэрны. Як расказвае галоўны аграном Мікалай Клаўшун, спрыяльнае надвор’е дазволіла правесці тры ўкосы. Аддзячыла добрай ураджайнасцю проса, якога пасеялі 200 гектараў на зялёны корм. Папоўнілі запасы кукурузным сіласам. У выніку, на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі каля 29 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў – амаль удвая больш, чым летась. Парупіліся на касілках механізатары Мікалай Ажгірэвіч (узнагароджаны Ганаровай граматай аблвыканкама) і Віталь Шода. З граблямі шчыраваў вопытны Васіль Баран, а на трамбоўцы вызначыўся Дзмітрый Барысевіч. Дапамогу кормаўборачнымі камбайнамі аказалі механізаваныя атрады ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава».

Выдатна папрацавалі механізатары і на веснавой сяўбе. Справіліся пасеяць усе культуры практычна сваімі сіламі. Вызначыліся Аляксандр Рачок, Віктар Фурсевіч, Аляксандр Самахвал, Уладзімір Кандрахоў, Дзяніс Сухаверх, Уладзімір Новік. Па ўраджайнасці збожжавых гаспадарка заняла сёлета пятае месца ў раёне.

 

ЗАСЛУГОЎВАЮЦЬ ПАХВАЛЫ

Асноўная задача, якая была пастаўлена сёлета перад работнікамі ААТ «Налібакі Агра», – забяспечыць жывёлу не толькі травянымі кармамі, а і фуражным збожжам. Пасеяць збожжавыя культуры кіраўніцтву таварыства дазволіла павелічэнне зямельных угоддзяў. Такім чынам, гаспадарка ўпершыню правяла сяўбу на плошчы звыш 1500 гектараў.

– Зямля нам была вельмі патрэбна, бо пагалоўе буйной рагатай жывёлы з году ў год павялічвалася, а магчымасці вырошчваць уласныя кармы не мелі. Не хапала пашы і сенажацяў. Цяпер паступова ліквідуем дысбаланс. Вопыт у вырошчванні збожжавых маем і асаблівых праблем у нас не ўзнікае, – расказвае дырэктар Віталь Кушнер. – Механізатары своечасова ўзаралі азімы клін, заправілі глебу ўгнаеннямі. Высявалі насенне толькі элітнае і першай рэпрадукцыі.

Працаўнікі шчыра прытрымліваліся тэхналогіі вырошчвання, своечасова правялі ўсе агратэхнічныя аперацыі. І перазімавалі азімыя добра, таму атрымалі налібаччане неблагую для сёлетняга года ўраджайнасць.

Пад кіраўніцтвам вопытнага спецыяліста, галоўнага агранома Георгія Яўсейчыка, людзі пастараліся і зрабілі ўсё на ўзроўні, таму заслугоўваюць добрых слоў. Асаблівай стараннасцю вылучаюцца механізатары Анатоль Маскалевіч, Міхаіл Ліпніцкі, Генадзь Доўнар, Аляксандр Шаламоўскі. Яны аднолькава якасна ўмеюць араць і сеяць, убіраць і даглядаць пасевы. Гэта асноўны касцяк, на які абапіраецца агранамічная служба.

– Мы перавыканалі дзяржзаказ па продажу пшаніцы і засыпалі ў склад неабходную колькасць фуражнага збожжа, – дадае Віталь Іванавіч. – Заклалі трывалую аснову будучаму ўраджаю і сёлетняй восенню.

Варта дадаць, што ў вытворчасці малака ТАА «СЖК «Налібакі» на працягу апошніх гадоў з’яўляецца лідарам сярод гаспадарак раёна – перасягнуты васьмітысячны надой малака ад каровы. І ў мясных справах плён. Высокіх паказчыкаў у рабоце штогод дабіваюцца аператары машыннага даення Святлана Рынкевіч і Алена Гаптар. Лідзіруе ў індывідуальным спаборніцтве калектыў МТФ «Церабейнае».

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *