Клопаты фермераў

Нумары Сельская гаспадарка

1-18-19e

ПАСПЯХОВАЯ “СУЛА”

Фотаздымак кіраўніка сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула» Уладзіміра Радзевіча ўпрыгожвае раённую Дошку гонару. Вынікі работы гэтай паспяховай гаспадаркі, адной з вядучых у рэспубліцы па вытворчасці бульбы, штогод стабільныя. Вось і сёлета з кожнага гектара накапана каля 400 цэнтнераў клубняў. Варта адзначыць, што СФГ «Сула» цяпер увайшла ў холдынг. Яна пастаўляе суперэлітнае і элітнае насенне ТАА «Аграцэнтр-Сула», якое вырошчвае таварную бульбу па сучаснай тэхналогіі, а нядаўна створанае прадпрыемства «Сула Плюс» займаецца яе перапрацоўкай і продажам.

Уладзімір Радзевіч набыў вялікі аўтарытэт не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі. Аб гэтым сведчыць той факт, што летась на палетках СФГ «Сула» была праведзена першая Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Еўразійская бульба». Вопытам вырошчвання «другога хлеба» Уладзімір Уладзіміравіч дзеліцца з сельгаспрадпрыемствамі раёна.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БЕЛАРУСКАЯ САДАВІНА – АД МАСКВЫ ДА КРЫМА

Фермерская гаспадарка «Мой сад» завяршае продаж яблыкаў новага ўраджаю.

Як расказвае яе кіраўнік Уладзімір Шчэкала, 95 працэнтаў прадукцыі адпраўлена ў Расійскую Федэрацыю. Яблыкі з прыватнага саду паступілі ў гандлёвыя сеткі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Растова-на-Доне, Арла, Пярмі, Варонежа. Вітамінную прадукцыю фермер паставіў і на мясцовае перапрацоўчае прадпрыемства – Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната. На адрас Стаўбцоўскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых у Кулі па дагаворы яблыкі пастаўляюцца кожны месяц заяўленымі партыямі.

Фермерская гаспадарка «Мой сад» спецыялізуецца і на вырошчванні чорных парэчак. Амаль увесь аб’ём сабранага ўраджаю таксама рэалізаваны ў Расійскую Федэрацыю. Каштоўную ягаду закупілі нават у далёкую Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу. А таксама – у Севастопаль і іншыя гарады Крыма. Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната выпускае з чорных парэчак смачны джэм у слоіках ёмістасцю 300 грамаў. Яго можна знайсці на прылаўках магазінаў.

Цяпер у працаўнікоў фермерскай гаспадаркі – перыяд падрыхтоўкі тэхнікі да новага ўраджаю, нарыхтоўкі паддонаў і іншыя штодзённыя клопаты. Сапраўднаму гаспадару, уладару 100-гектарнага прамысловага саду, дзе высаджаны самыя перспектыўныя еўрапейскія сарты карлікавых яблынь і кусты ранніх і позніх чорных парэчак лепшай польскай селекцыі, знойдзецца, дзе прыкласці клопат і рукі. Ды і галаву таксама: некаторыя з прычапных агрэгатаў, якія выкарыстоўваюцца са спецыялізаванай тэхнікай самых лепшых еўрапейскіх фірмаў, выраблены рукамі працаўнікоў фермерскай гаспадаркі «Мой сад». У рацыяналізатарскай творчасці вялікі ўклад агранома Анатоля Чыкуна, сапраўднага майстра сваёй справы.

Зімовы час будзе скарыстаны кіраўніцтвам гаспадаркі для ўдзелу ў міжнародных выставах, семінарах, трэнінгах у Польшчы і Германіі. Гэта будзе садзейнічаць перайманню самага перадавога вопыту ў свеце ў развіцці садаводства. Ды і фермерская гаспадарка «Мой сад», дзе сад вырошчваецца па самых сучасных тэхналогіях, уяўляе інтарэс для садаводаў не толькі нашай краіны, але і за мяжою. Пацвярджэнне гэтага – правядзенне летам на базе саду Уладзіміра Шчэкалы рэспубліканскага семінара-практыкума, у ходзе якога прайшоў і конкурс на лепшага майстра краіны па акуліроўцы.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *