Маладая перспектыва камбіната

Нумары У перапрацоўшчыкаў Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

6-18-19t

ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» застаецца вядучым прадпрыемствам раёна, якое з году ў год утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі. З пачатку бягучага года перапрацавана каля 12 тысяч тон жывёлы. Атрымана 7 118 тон мяса і субпрадуктаў, 915 тон каўбасных вырабаў. Выраблена прадукцыі ў дзеючых цэнах на 39 168 тысяч рублёў, у супастаўных – на 32 610 тысяч рублёў. Выручка ад рэалізацыі склала 41 818 тысяч рублёў.

За стабільна высокімі паказчыкамі стаіць напружаная праца калектыву на чале з дырэктарам Рамуальдай Бурдукевіч.

На вытворчых участках граматна падабраныя кадры, паступова ідзе іх амаладжэнне. Так, мясатлушчавы ўчастак узначаліла Таццяна Доўнар. За дзевяць гадоў працы на камбінаце яна, можна сказаць, вывучыла вытворчасць, аднак участак, за які сёння адказвае, бадай, адзін з найбольш няпростых у плане тэхналагічных працэсаў. Тут ствараецца задзел для рытмічнай работы іншых цэхаў камбіната, для будучых экспартных паставак. На даны момант для атрымання больш якаснай прадукцыі вядзецца мадэрнізацыя цэха па апрацоўцы рубца. У тлушчавым цэху ажыццяўляецца замена катлоў, выцяжных сістэм. Расце кантроль і з пункту гледжання ветэрынарных патрабаванняў.

– Людзі з разуменнем адносяцца да пастаўленых задач і рады, што працуюць на нашым прадпрыемстве, – не без гордасці заўважае Таццяна Доўнар. Яна называе касцяк участка: Людміла Дударэвіч, Валянціна Хвіцько, Таццяна Малажавая, Наталля Шчэцька, Ніна Пятроўская, Мікалай Душэўскі, Алег Пронька і інш. Адна з вопытных работніц, здольная замяніць калег на розных працэсах, – разборшчыца субпрадуктаў Алена Чаер. Жанчына задаволена сваім заробкам, не прамінае заўважыць пра паляпшэнне ўмоў працы. На камбінаце працуе грузчыкам участка халадзільніка і муж Алены.

Як і Алена Чаер, прадстаўлены да ўзнагароджання ў сувязі з прафесійным святам апаратчык вытворчасці харчовых тлушчаў Вера Свінабурка, жылоўшчыца мяса Таццяна Якусік, апаратчык стэрылізацыі паштэтаў і кансерваў Аляксандр Клімовіч, вадзіцель грузавога аўтамабіля Генадзь Шчэцька. Яны заняты на розных участках, але іх яднае працоўная самаадданасць, высокая выканальніцкая дысцыпліна. Генадзь Шчэцька аб’ездзіў на сваім аўтамабілі (сёлета атрымаў новы МАЗ 4571Р2) усю Беларусь і, нягледзячы на працяглыя камандзіроўкі, не згубіў пачуцця гумару, не забыў пра сваё хобі – рыбалку. Яго называюць душой калектыву, крыніцай пазітыўнага настрою.

На адным з самых маладых на камбінаце ўчасткаў, участку па вытворчасці і ўпакоўцы паштэтаў і мясных кансерваў, падабраўся кваліфікаваны калектыў і, пераважна, з ліку моладзі.

– Прыклад у рабоце паказваюць Таццяна Сабалеўская, Юлія Курыльчык, Віталь Луферчык, Таццяна Заварына, Марына Дзядзейка. Не так даўно прынята на працу малады спецыяліст з вышэйшай адукацыяй – Дзіяна Прахарэвіч, – адзначае майстар Людміла Хайнова.

У кастрычніку на ўчастку было выраблена 40 тон прадукцыі, лістападаўскі план – выйсці на 50 тон. З улікам новых ужо выпускаецца каля 20 відаў кансерваў, пяць – паштэтаў, тры – «флякаў». Большасць прадукцыі адгружаецца на экспарт.

Перавыконвае планавае заданне і яшчэ адно «жаночае» падраздзяленне камбіната – участак па вытворчасці каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў, дзе выпускаецца больш за сто відаў каўбасных вырабаў, прыкладна столькі ж – паўфабрыкатаў. Начальнік вытворчасці Марыя Радаман слушна заўважае, што кожная дзясятая назва ў асартыменце з’явілася ў гэтым годзе. Сярод новых відаў прадукцыі – і выраб з субпрадукту «Сердце с овощами в желе аппетитное», высока ацэнены на міжнароднай выстаўцы «Прадэкспа-2016».

– Усе працуюць з пад’ёмам – у верасні было выпушчана 135 тон каўбасных вырабаў пры плане 100 тон, – зазначае начальнік участка Іна Фенька. Сярод старанных работнікаў – Галіна Камароўская, Тамара Качановіч, Наталля Комлач, Марыя Школьнікава і Валянціна Цупа (абедзве прадстаўляюць сямейныя дынастыі), ветэран працы Аляксандр Бельскі, Святлана Кляўко, Хрысціна Жылінская, майстар Анастасія Рабыко, старшы майстар Алена Макарэвіч. У калектыў каўбаснага цэха ўлілася малады ветурач Надзея Лабунько.

Каб ісці наперад, на мясакансервавым камбінаце зрабілі стаўку не толькі на маладыя кадры, а і пачалі рэалізацыю амбіцыёзнага праекта – будаўніцтва цэха сыравяленых і сыравэнджаных каўбасных вырабаў прадукцыйнасцю 50 тон у месяц. На перспектыве акцэнтуе ўвагу і адзін з маладых кіраўнікоў камбіната, галоўны інжынер Віктар Сергеевіч:

– Камбінат заключыў дагавор на правядзенне перадпраектных работ, ушчыльную працуем з рознымі службамі раёна над пытаннямі выдачы заключэнняў па гэтым аб’екце.

Перспектыва ў камбіната – маладая і ініцыятыўная.

НА ЗДЫМКАХ: сярод маякоў камбіната – Алена Чаер, Таццяна Якусік і Аляксандр Клімовіч; прадукцыю мясакансервавага камбіната ведаюць па ўсёй Беларусі ў тым ліку дзякуючы вадзіцелю Генадзю Шчэцьку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *