Уклад у культуру здаровага харчавання

Нумары У перапрацоўшчыкаў

2-18-19y

На канвееры Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» вараць за суткі каля 20 тон яблычнага павідла і падварак. Цалкам натуральная прадукцыя запатрабавана. Штодзень яна адгружаецца спажыўцам рэспублікі, а таксама ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан. На даны момант на канвеер яшчэ паступаюць свежыя яблыкі, і нарыхтоўка іх, як плануюць вытворцы, працягнецца сёлета нават у снежні.

– Сабекошт прадукцыі, выпушчанай са свежай сыравіны, а не з паўфабрыкату, упакаванага ў асептычныя мяхі, выходзіць меншы, – тлумачыць эканамічны бок перапрацоўчых спраў дырэктар філіяла Ала КАЖУХОЎСКАЯ. – Яблыкаў нарыхтавалі сёлета больш за 18 тысяч тон і плануем нарыхтаваць яшчэ каля дзвюх тысяч тон. Назапасілі гарбузоў, кабачкоў, агуркоў, капусты і т. п. З гарбузоў варым павідла (новы від прадукцыі), кабачкі перапрацоўваем у ікру, агуркі – солім і ўпакоўваем у вакуумныя ўпакоўкі па 600 грам. Капусту заквашваем як у вакуумную ўпакоўку па 400 грам, так і ў пластыкавыя вёдры ёмістасцю 6 і 10 кг. Морквай сёлета не займаліся, таму што на маркоўныя нектары не паступілі заяўкі. Працуем выключна па заяўках, каб не павялічваць складскія запасы.

– Частка нарыхтовак ідзе з вашага ведамаснага саду?

– «Сінява», «Мальва» – гэта сады Гарадзейскага цукровага камбіната. З іх атрымалі каля адной тысячы тон яблыкаў. Там вырошчваюцца клубніцы, парэчкі, маліна. У гэтым годзе сабралі буякі. Бузіна дае ўраджай, хоць пакуль не ў прамысловых маштабах. Асартымент ягад пашыраем – яны неабходны для вырабу фруктова-ягадных напаўняльнікаў.

– Бярозавы сок, чорнапарэчкавы морс вы пастаўлялі сёлета за акіян. А як запатрабаваны гэты новы, імпартазамяшчальны, від прадукцыі?

– Перспектыва радуе. За 10 месяцаў бягучага года выпусцілі 364 тоны напаўняльнікаў, у тым ліку амаль 170 тон рэалізавана на рынак Расійскай Федэрацыі. Сярод беларускіх спажыўцоў – буйныя малочныя заводы і заводы па выпуску дзіцячага харчавання, такія, напрыклад, як «Беллакт», «Бабушкина крынка», «Савушкин продукт» і т. п. Атрымалі тэхумовы на вытворчасць напаўняльнікаў для дзіцячага харчавання. Прайшлі перамовы з нядаўна адкрытым Нясвіжскім заводам дзіцячага харчавання. Мяркуецца пастаўляць туды напаўняльнікі для выпуску ёгуртаў. Для нас гэта вельмі адказна: новы завод – самы сучасны. Працуем, улічваючы пажаданні кожнага пакупніка, састаў канкрэтнага віду прадукцыі. Сумесна з прадпрыемствам «Беллакт» вядзём распрацоўкі адносна насычэння напаўняльнікаў кальцыем і вітамінамі. Ужо прадстаўлены іх узоры. Нашы тэхнолагі выязджаюць на прадпрыемствы і знаёмяць вытворцаў з навінкамі.

– Дарэчы, дзе ў Стоўбцах можна пазнаёміцца з поўнай лінейкай прадукцыі філіяла?

– Фірменная выстаўка нашай прадукцыі ў асартыменце прадстаўлена ў магазінах № 34 і «Забота» райспажыўтаварыства, «Астэрыя» і на міні-рынку «Лебедзь» у індывідуальнага прадпрымальніка Ж. Кедышка. Уся прадукцыя – натуральная, без дабавак і кансервантаў, смачная і карысная. Сярод яе новых відаў – бярозава-апельсінавы сок без цукру. У сезон выпускаем сок яблычны прамога адціскання. Не толькі ў Год культуры, а і далей будзем падтрымліваць культуру здаровага харчавання. Бяром удзел у дэгустацыях, выстаўках, абменьваемся вопытам з расійскімі калегамі.

– Што ў бліжэйшых планах вашага калектыву?

– Калектыў падабраўся стабільны, дружны. Побач з моладдзю працуюць вопытныя работнікі. Усе трымаюцца за працу і заслугоўваюць добрых слоў, прэміяльных выплат. Акрамя заработнай платы прапануем сваім работнікам сацыяльны пакет. Да прафесійнага свята вылучаны на ўзнагароджанне вадзіцель Іван Ліцкевіч і апаратчык стэрылізацыі кансерваў Таццяна Яроцкая.

Філіял атрымаў еўрапейскі сертыфікат, і гэта дае магчымасць адгружаць прадукцыю на рынкі Еўропы. Галоўнае для нас – поўнасцю загрузіць вытворчыя магутнасці, актывізаваць плацяжы. З улікам патрэб рынку плануем адрадзіць выпуск гароднінных салянак, рагу, а таксама наладзіць выпуск папулярных сокаў і нектараў у зменшанай, трохлітровай, упакоўцы bag-in-box.

НА ЗДЫМКАХ: новы від прадукцыі абмяркоўваюць тэхнолаг Алена Жаўняркевіч і в. а. галоўнага інжынера Дзмітрый Бандаровіч; за вытворчым працэсам сочаць майстар Алена Губар, аператар лініі Таццяна Булатая, тэхнолаг па вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў Таццяна Ганчарова, аператар лініі Аляксей Шыдлоўскі, апаратчык асептычнага кансервавання Вольга Маляўка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *