Карані жыцця

Людзі і лёсы Нумары Факты, падзеi, людзi

Лістапад ва ўсю моц шугае па вясковым прыволлі. Пранізлівы халодны вецер з уедлівай пацярухай дробнага дажджу абдзірае з застылых дрэў апошняе пажоўклае лісце. Такім надвор’ем толькі сядзець ля акна ў цёплай хаціне ды назіраць за наваколлем.

Восеньскае мокрае надвор’е не спудзіла, не перашкодзіла гаспадару, звыкламу да розных пагодных праяў, выйсці на вуліцу сустрэць вандроўніка.

Не паспеў адчуць як след поціск і цяпло моцнай рукі, як быў заціснуты ў абдымкі, па-сяброўску шчырыя, якімі ад душы аздобіў сустрэчу Сцяпан Усцінавіч Сабко. Тут жа пайшла, пацякла размова, дакладней, гаспадар з ходу, нібы спяшаючыся не губляць марна часу, пачаў аповед аб сваім жыцці.

– Зірні, які сад выгадаваў, – узмахам рукі паказаў на прысядзібную прастору. – Можаш уявіць, як набіраюцца тут вясковай вольніцы мае сыны, іх сем’і. А як адчулі асалоду прыволля ўнукі, праўнукі!

 Калі зірнуў на высокую разлапістую яблыню, што моцнымі каранямі надзейна ўхапілася за зямлю, не скараючыся ні вятрам, ні засухам, думку дапоўніла асацыяцыя-параўнанне, што сам гаспадар, якому неўзабаве з-за жыццёвага далягляду пабяжыць дзявяты дзясятак, нібы гэтае моцнае пладаноснае дрэва. Яму ніякія жыццёвыя нягоды не страшныя, усе пераадольныя.

– Заглянём у мой палац, а то ўраз прамокнем. Я сёння адзін. Мая Адальфіна Станіславаўна якраз паехала ў сталіцу пераведаць сыноў. Яна некалі была тут загадчыцай ашчаднай касы. А цяпер – пенсіянерка-непаседа, – спешна, праз гумар, прадоўжыў сваю гасціннасць Сцяпан Усцінавіч.

А палац, у якім жыве цяпер былы старшыня ранейшага калгаса «Шлях да камунізму», – ніякі не палац, а звычайная, ашаляваная вагонкай вясковая хаціна, даволі прасторная, па-гаспадарску дагледжаная, якая стаіць на адной з вуліц Івянца, патанаючы ў летнюю пару ў зеляніне саду і кветкавых клумбах.

– Як жыву? Во!.. – Сцяпан Усцінавіч узняў увысь палец аб’ёмнай рукі, аздобіўшы кароткую рэпліку інтрыгуючай усмешкай. Тут жа, заўважыўшы мой позірк, што засяродзіўся на альбомах, якія грувасціліся на стале, расказаў, як, доўгімі вечарамі настальгічна прыдаючыся ўспаміну, перагортвае альбомы са здымкамі, на якіх зафіксаваны падзеі многіх дзесяцігоддзяў, мільгаюць твары і постаці родных, знаёмых, былых калег, шматлікія граматы за працу.

Ёсць што ўспомніць, ёсць. Вось граматы ад Вярхоўнага Савета БССР, граматы і дыпломы за плённую працу і высокія ўраджаі з ВДНГ у Маскве, цэлы стос грамат ад Стаўбцоўскага райкама КПБ і райвыканкама – удзячныя адзнакі працоўнага шляху.

4-18-19u

Калектыўную гаспадарку «Шлях да камунізму » Сцяпан Усцінавіч узначаліў у далёкім 1959 годзе, адпрацаваўшы тут без малога 40 гадоў. Слава аб важкіх мясцовых ураджаях збожжавых, бульбы была на слыху земляробаў Стаўбцоўшчыны. А пра выдатныя поспехі ў ільнаводстве і гаварыць не трэба. Гаспадарка была прызнаным лідарам нашага краю. Добры даход плыў у яе скарбонку. Не адзін з тагачасных кіраўнікоў імкнуўся ўзяць прыклад з Сабко, як з умелага гаспадара, арганізатара. І сёння знакаміты дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Вольга Аляксееўна Луцык называе Сцяпана Усцінавіча як першага і лепшага свайго жыццёвага настаўніка-маяка.

Якраз для здымка Сцяпан Усцінавіч накінуў на плечы пінжак, і на грудзях заблішчалі тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Дружбы народаў, медаль «За доблесную працу», бронзавы медаль ВДНГ СССР, юбілейныя медалі. Дастойныя ўзнагароды, што і казаць. Добры працоўны шлях пройдзены.

Колькі ў гутарцы не ўпаміналася мінулае, Сцяпан Усцінавіч не-не ды скіроўваў размову на сёняшняе – пра сыноў Яўгена і Уладзіміра, унукаў Сяргея, Яна, Вольгу і Аліну і тройку праўнукаў, што далей пашырылі сям’ю.

– Імі зараз і жыву, гэтым і цешуся, хвалююся за іх лёс. Усяго ў мяне хапае, – прызнаўся Сцяпан Усцінавіч. – Вунь якраз наша паштальёнка Тамара Міхайлаўна падмогу-пенсію нясе.

Прыемна было назіраць сустрэчу, слухаць размову двух пасялкоўцаў, як яны мімаходзь абмяроўваюць апошнія свае і івянецкія навіны, жыццё суседзяў, блізкіх і далёкіх – толькі ім вядомых знаёмых, адчуваць аўтарытэт сярод пасялкоўцаў Сцяпана Усцінавіча, душа і сэрца якога і зараз парываюцца быць на плыні жыцця.

Васіль ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *