Да Сусветнага дня некурэння. Добраахвотна губіць здароўе?

Медыцына Нумары

Даказана, што тытунь з’яўляецца найбольш распаўсюджаным канцэрагенам для чалавека. У тытунёвым дыме адной цыгарэты ўтрымліваецца больш за чатыры тысячы хімічных злучэнняў, у тым ліку радыеактыўныя рэчывы, яды, уключаючы нікацін, сінільную кіслату і інш.

Курэнне з’яўляецца прычынай раду хвароб, але на асаблівым месцы тут знаходзяцца злаякасныя ўтварэнні. Устаноўлена сувязь тытунекурэння з 12-цю формамі раку ў чалавека. У першую чаргу гэта рак лёгкага, стрававода, гарляка і поласці рота, вялікая колькасць выпадкаў раку мачавога пузыра і падстраўнікавай залозы, шыйкі маткі, насавой поласці. Экспертамі падлічана: прыкладна 30 працэнтаў усіх пухлін чалавека і смерцяў ад раку ў развітых краінах звязана з курэннем.

Рызыка ўзнікнення злаякасных новаўтварэнняў напрамую залежыць ад колькасці выкураных цыгарэт у дзень, узросту ад пачатку курэння і яго «стажу». Рызыка развіцця раку значна вышэй у тых, хто пачынае рэгулярна курыць у юнацкім узросце. У той жа час адмова ад тытунекурэння значна зніжае верагоднасць захворвання на рак у параўнанні з тымі, хто працягвае курыць.

Менавіта таму адмова ад тытунекурэння з’яўляецца сёння найбольш эфектыўным і даступным спосабам зніжэння захваральнасці і смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў.

Першы пункт Еўрапейскіх рэкамендацый па барацьбе з ракам папярэджвае: «Не курыце!» Курэнне з’яўляецца важнейшай прычынай заўчаснай смерці. Калі вы курыце – кіньце. Спыненне курэння папярэджвае павышэнне рызыкі тытунезалежных хвароб у больш познім узросце, нават калі курэнне не спыняецца ў сярэднім узросце. Калі вы не можаце кінуць курыць, тады хаця б адмоўцеся ад сваёй шкоднай звычкі ў прысутнасці тых, хто не курыць. Ваша курэнне аказвае негатыўнае ўздзеянне на здароўе іншых.

Не скарачайце гады жыцця курэннем. Ведайце, што поспех у барацьбе з гэтай звычкай гарантаваны толькі калі вы ўсвядоміце, што гэта згуба і ў вас з’явіцца цвёрдае жаданне пераадолець залежнасць. Беражыце сваё здароўе і здароўе людзей, якія побач з вамі.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *