Даследчыкі заявілі пра сябе

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

З дыпломам «Лепшы маладзёжны праект Мінскай вобласці 2016 года» вярнуліся з выстаўкі-прэзентацыі лепшых маладзёжных ініцыятыў праекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі» Таццяна Касцюкевіч (Дзераўнянская СШ), а таксама Руслан Шэракоў і Дзмітрый Шкода (Любкаўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа), якія прадставілі сумесную даследчую працу.

Маладыя людзі разам са сваімі кіраўнікамі Л. С. Навіцкай і Т. М. Клімовіч (адпаведна) выбралі для даследаванняў актуальныя тэмы. Напэўна, гэта ў першую чаргу і паўплывала на тое, што работы прайшлі жорсткі адбор і трапілі ад Стаўбцоўшчыны на выстаўку-прэзентацыю праектаў Мінскай вобласці. Аўтараў запрасілі ў г. Барысаў, на шыкоўную «Барысаў-Арэну». Для перспектыўных, хоць і юных, даследчыкаў Мінскай вобласці, перш чым даць ім слова, быў арганізаваны псіхалагічны трэнінг – «Як правільна прэзентаваць сябе, сваю ідэю».

3-23-11-23z

Без ідэі не пап’еш вады з калодзежа…

Дзераўнянская адзінаццацікласніца Таццяна Касцюкевіч, у жыцці якой гэта далёка не першы дыплом, не хавае эмоцый: выстаўка-прэзентацыя прынесла ёй новыя карысныя пазнанні і ўражанні. Увогуле, толькі ўдзел у маштабным і прэстыжным праекце «100 ідэй для Беларусі» ўжо шмат што для яе значыць.

Аднак у ліку першых, хто ацаніў практычную значнасць яе даследчай працы «Тэрма-бараўстаноўка для пад’ёму вады», былі… хто б вы думалі? – Таццяніны родныя, таму што з дапамогай гэтай устаноўкі на звычайным сельскім падворку лёгка і са значнай эканоміяй энергарэсурсаў быў наладжаны «пад’ём» вады з калодзежа, арганізаваны кропкавы паліў агарода і раздача корму жывёле.

Рознабаковасць Таццяніных інтарэсаў падкрэсліваюць удзел у турніры юных фізікаў і розных вакальных конкурсах, а таксама дыплом аб заканчэнні тэатральнага аддзялення Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. Таццяна прызнаецца: «У мяне два хобі – матэматыка-фізіка і мастацтва. Сваю будучую прафесію планую атрымаць у адной з вышэйшых навучальных устаноў – БНТУ ці БДУІіР».

– Цікавасць да даследчай дзейнасці нарадзілася ў Таццяны на працягу апошніх трох-чатырох гадоў, – прыгадвае настаўніца фізікі і кіраўнік яе даследчай працы Людміла Навіцкая. – Летась яна брала ўдзел у складзе каманды гімназіі № 1 г. Стоўбцы ў абласным турніры юных фізікаў, выступала на раённай выстаўцы «100 ідэй для Беларусі». Сёлета – новы этап, які ўвянчаўся дыпломам. Тэма даследчай працы выбрана невыпадкова – яна звязана з экалагічнымі крыніцамі энергіі, якія аднаўляюцца. У школе мы пабудавалі макет тэрма-бараўстаноўкі. Працаваць з вучаніцай, якая імкнецца да пазнання, спасціжэння сутнасці з’яў і пры гэтым застаецца натурай артыстычнай – вельмі лёгка, – дадае Людміла Станіславаўна.

У гэтага педагога – свая апантанасць, запал падзвіжніка, ды і вопыт даследчай працы з вучнямі вымяраецца ледзьве не двума дзясяткамі гадоў. У выпадку з Таццянай Касцюкевіч мы назіраем надзвычай плённы тандэм педагога і вучня. І атрыманы дыплом, безумоўна, іх агульная ўзнагарода. «Яны заслужылі, каб пра іх ведалі», – пацвердзіла і дырэктар школы Марыя Шумчык. А на змену Таццяне падрастаюць пад крылом Людмілы Станіславаўны здольныя паслядоўнікі. Так, ужо праявілі сябе дзевяцікласніца Паліна Сяліцкая і васьмікласніца Ульяна Аскальдовіч, вялікія надзеі падае сямікласніца Аляксандра Патапенка…

Наконт выстаўкі-прэзентацыі Людміла Навіцкая ўдакладніла:

– Сур’ёзны ўзровень гэтага конкурсу, калі побач з работамі школьнікаў прадстаўлены работы аспірантаў, маладых даследчыкаў з навуковымі званнямі, уладальнікаў патэнтаў, дае падставы гаварыць пра пэўныя недапрацоўкі ў яго арганізацыі, аднак сказаць хочацца пра іншае, больш істотнае – пра тое, што конкурс паказаў нашым дзецям, да чаго трэба імкнуцца.

 …і не пазбавішся ад акуркаў

Дзесяцікласнікі Любкаўшчынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Руслан Шэракоў і Дзмітрый Шкода, на шчасце, вядуць здаровы лад жыцця і не маюць шкодных звычак (гэта аўтарытэтна пацвердзіла мама аднаго са школьнікаў і вылучыла іх агульную добрую звычку – жаданне тварыць, вынаходзіць), аднак сваю сумесную даследчую працу прысвяцілі… цыгарэтным акуркам. Заслуга хлопцаў у тым, што сярод суцэльнага негатыву, якім акружана курэнне і, адпаведна, яго асноўны спадарожнік – цыгарэты, яны знайшлі такую іх асаблівасць, ля якой можна смела паставіць знак «плюс».

Работа юных даследчыкаў пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Таццяны Клімовіч так і называецца – «Цыгарэтныя акуркі як інгібітары карозіі металаў». Папросту кажучы, калі паспрабаваць ачысціць ад акуркаў нашы паркі і вуліцы, а затым сабранае адправіць на вадзяную лазню, то атрыманы раствор можа паслужыць дадатковай абаронай металічных прадметаў ад карозіі. Падобны эксперымент нескладана правесці ў бытавых умовах – дастаткова пакласці ў падрыхтаваны, як апісана вышэй, раствор ключ, гайку або цвік.

– Я вельмі рада, што з сынам займаецца такая творчая настаўніца, як Таццяна Мікалаеўна Клімовіч. Яна шукае новыя ідэі, тэмы для даследаванняў, якімі зацікаўлівае дзяцей. І адзнака яе вучняў на конкурсах – не ўпершыню. Што датычыць праекта «100 ідэй для Беларусі», то ў мінулым годзе работа яе вучаніцы перамагла на абласным этапе і была вылучана на рэспубліканскі, – адзначае педагог-арганізатар установы Галіна Шэракова.

Тое, што адбывалася на выстаўцы-прэзентацыі ў Барысаве, Галіна Шэракова бачыла і чула сама, таму што суправаджала Руслана і Дзмітрыя ў гэтай паездцы. Са свайго боку яна таксама пацвердзіла відавочнае: школе і яе вучням-даследчыкам цяжка канкурыраваць з прадстаўнікамі навукова-даследчых інстытутаў; у школе няма даследчай лабараторыі і не можа быць размовы пра прамысловыя маштабы даследаванняў, аднак «дзецям патрэбны такія мерапрыемствы, каб матываваць іх, даваць стымул ім і іх аднакласнікам».

Руслан і Дзмітрый, якія вярнуліся з дыпломамі, ужо шукаюць новыя тэмы для наступных даследаванняў. Больш таго, калі зазірнуць у іх юначыя мары пра недалёкае будучае, а менавіта пра паступленне, то Дзмітрый на даны момант спыніў свой выбар на прафесіі праграміста, а Руслан хацеў бы паступіць якраз туды, дзе яму спатрэбяцца веды па хіміі. І, зразумела, даследчыя працы, наўпрост звязаныя з гэтай навукай, акажуць яму неацэнную службу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *