Свята шахмат

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Сапраўднае шахматнае свята адбылося ў стаўбцоўскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Тут праведзены мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі «Шахматы – школе».

Як вядома, спартыўна-адукацыйная акцыя стартавала ў Мінску. Яе ініцыятарамі сталі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны алімпійскі камітэт і Прэзідэнцкі спартыўны клуб, якія закупілі камплекты шахмат для рэалізацыі ў нашай краіне праграмы «Шахматы ўсенавуч». Праграма распрацавана спецыялістамі Міністэрства адукацыі сумесна з Беларускай федэрацыяй шахмат. Яна падразумявае ўкараненне ў вучэбны працэс факультатыўных заняткаў па шахматах. Ідэя акцыі нарадзілася падчас сустрэчы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Міжнароднай шахматнай федэрацыі Кірсанам Ілюмжынавым, у ходзе якой было заяўлена, што праграма шахматнага навучання пачне ўкараняцца ў беларускіх школах ужо ў 2016 годзе.

6-23-11-23v

Аб гэтым, аб значэнні шахмат – мудрай гульні для развіцця з юных гадоў асобы – гаварыла ў пачатку ўрачыстай цырымоніі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Т. В. Апраніч. У сваім выступленні яна падкрэсліла важнасць факультатыўнага курса «Шахматны ўсенавуч».

Дарэчы, на Стаўбцоўшчыне ў справе шахматнага ўсенавуча ёсць свае трывалыя традыцыі. І найперш звязаны яны са шчыраваннем заслужанага трэнера Беларусі І. І. Корсака. Менавіта Іван Іванавіч мае вопыт выкладання шахмат як школьнага прадмета. У СШ № 2 г. Стоўбцы ён вёў урокі шахмат. І дапамагаў юным удасканальваць майстэрства ў шахматным клубе ДЮСШ. Перамогі ў спаборніцтвах рэспубліканскага і нават усесаюзнага маштабу ўмацоўвалі спартыўны прэстыж і школ, і ўсяго раёна. Але гэта не было самамэтай, бо галоўным імкненнем трэнера, педагога І. І Корсака з’яўляецца інтэлектуальнае развіццё маладых людзей, якім шахматы дапамагаюць і падчас вучобы ў вышэйшых навучальных установах, і ў прафесійным станаўленні. Іван Іванавіч і сёння, як і настаўнік інфарматыкі У. С. Радзіон, вядуць заняткі ў школе юных інтэлектуалаў СШ № 3 г. Стоўбцы. А на згаданым мерапрыемстве ў ФАКу І. І. Корсак і У. С. Радзіон правялі майстар-класы.

Дух шахмат, можна сказаць, панаваў у гэты дзень у залах фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Прысутныя з цікавасцю знаёміліся з выставамі творчых работ, дзіцячых малюнкаў. І сачылі за дзействам тэатралізаванай пастаноўкі «У шахматнай краіне».

Кульмінацыйным жа момантам гэтага свята шахмат стала ўрачыстая перадача сертыфікатаў на атрыманне шахматнага абсталявання для школ. Неабходны інвентар цяпер атрымліваюць ДУА «Мікалаўешчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа», Рубяжэвіцкая і Засульская сярэднія школы. Менавіта ў гэтых установах адукацыі ўжо вызначаны ўмовы вядзення факультатыўных заняткаў па шахматах, вопытныя педагогі, якія будуць іх весці. Адзначым, што акрамя Стаўбцоўскага раёна пілотны праект «Шахматы – школе» цяпер канкрэтна рэалізуецца яшчэ ў шасці раёнах Мінскай вобласці, якія таксама атрымалі сертыфікаты.

Папулярнасць старажытнай масавай гульні, безумоўна, набярэ абароты. Гульня ў шахматы выдатна развівае памяць, мысленне, логіку. І калі яна адцягне маладых людзей ад бяздумнага правядзення чысу за камп’ютарамі, за гульнямі ў «стралялкі», то і гэта будзе мець станоўчы эфект. Хоць і камп’ютар тут стане падмогай, калі з яго дапамогай вывучаць азы шахматнай гульні, праводзіць разбор партый вядомых майстроў і гросмайстраў.

Шахматы – гэта і спорт, і мастацтва. Сапраўды, яны ўвасабляюць дух спартыўнай барацьбы. Разам з тым, асабліва ў дачыненні да дзіцячага, юнага, узросту яны не патрабуюць наяўнасці асаблівых фізічных кандыцый, даступныя кожнаму. А прыгажосць шахматных кампазіцый надае эстэтычнае значэнне гэтаму, скажам так, віду творчай дзейнасці. Не раз аб гэтым нагадваў сваім выхаванцам І. І. Корсак. Будзем спадзявацца, што шахматная слава Стаўбцоўшчыны будзе прымнажацца.

Ф. БАНДАРОВІЧ

Фота А. ПЯТРОВА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *