Маршруты пазнання і захаплення

Нумары Паездкі, экскурсіі

Асеннія канікулы для школьнікаў раёна былі напоўнены незабыўнымі экскурсійнымі маршрутамі. Асаблівую актыўнасць праявіла Заямнаўская школа і школы №№ 2 і 3 г. Стоўбцы.

У выніку, задаволены дзеці і іх бацькі, настаўнікі, аптымізмам поўняцца і супрацоўнікі Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій.

– Асеннія канікулы адпрацавалі плённа, на адным дыханні, хоць надвор’е прымусіла пахвалявацца. За рулём аўтобусаў былі вопытныя вадзіцелі аўтапарка № 17 і прыватнага перавозчыка. Экскурсіі аказаліся цікавымі, сугучнымі пажаданням нашых заказчыкаў, – заўважае дырэктар бюро Леаніда Высоцкая.

У сваім водгуку адна з экскурсійных груп з СШ № 3, якая наведала Лідскі замак і Навагрудак з яго замкавай гарой і курганам Міцкевіча, напісала: «У замку мы акунуліся ў мінулае, прайшлі пасвячэнне ў рыцары, танцавалі старадаўнія танцы, змагаліся ў баі… Ніхто не застаўся без памятных сувеніраў».

І, можна развіць далей думку, ніводная паездка не была проста «дарогай», а несла моладзі эстэтычнае і інтэлектуальнае развіццё, патрыятычнае выхаванне. Варта назваць наведванне Мінска з яго тэатрамі (музычным, юнага гледача), цыркам, планетарыем, дзе былі прыадчынены таямніцы зорнага неба. Школьнікі пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны і музеі тэатральнай і музычнай культуры. У Нацыянальным мастацкім музеі ім прапанавалі інтэрактыўныя заняткі ў форме дыялогу. Малодшых школьнікаў не мог не ўразіць музей прыроды.

Апошнім часам назіраецца і новая цікавая тэндэнцыя – школы раёна сталі часцей заказваць «Мінск-Арэну». Білеты на хакейныя матчы цалкам даступныя, гарантавана і відовішча з эмацыянальным накалам. Сёлета на «Мінск-Арэне» пабывалі вучні з Цеснавой, збіраюцца ў паездку вучні Вішнявецкай школы.

Бюро падарожжаў і экскурсій ужо прымае заяўкі на снежань, апошні, пераднавагодні месяц. Іх паступае нямала. Пра запатрабаванасць экскурсій гаворыць тое, што ўзнікла пытанне аб арганізацыі трох экскурсійных аўтобусаў у дзень. Бясспрэчна, найбольшую папулярнасць трымае сталіца нашай рэспублікі. Кожны год у пярэдадзень Новага года Мінск пакарае дзетвару і дарослых багаццем святочных агнёў і тэматычных культурна-забаўляльных праграм. Але не варта забываць і пра эксклюзіўную прапанову – навагоднія прадстаўленні ў Коласавых мясцінах, на турбазе «Высокі бераг».

Экскурсійнай актыўнасцю вылучаюцца таксама прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў раёна: мясакансервавага камбіната, райспажыўтаварыства, цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, а таксама Нясвіжскага вузла паштовай сувязі (у зону абслугоўвання Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій уваходзяць чатыры раёны – Стаўбцоўскі, Нясвіжскі, Клецкі і Капыльскі).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *