Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам за апошнія два тыдні зарэгістравана ў раёне11 шлюбаў, зроблена шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 16 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Карына Макась, Соф’я Воўкава, Максім Ташкевіч, Анжэй Шырвель, Мілена Гусарэвіч, Вікторыя Болвах, Валерыя Мазур, Міхаіл Зіневіч, Міла Юрыс, Марыя Рабава, Анастасія Трафімава, Павел Канкаловіч, Іван Нічыпаровіч, Паліна Бычкевіч, Павел Вернер і Аліцыя Лютарэвіч.

Зямны шлях закончыўся для 31-го жыхара раёна.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. Агнём знішчаны нежылы дом на хутары каля Варнавугла, пашкоджаны жылы дом у Новым Свержані і лазня ў Яблынаўцы. Прычыны ўсіх трох пажараў устанаўліваюцца. Да 30 лістапада на тэрыторыі раёна праходзіць акцыя «Не прапальвай сваё жыццё!» з мэтай папярэджання гібелі людзей на пажарах з-за неасцярожнага курэння.

Міліцыяй зарэгістравана 120 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў, ва ўсіх устаноўлены падазраваемыя. Зламыснік пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля «Аўдзі А6», прыпаркаванага ля дома па вуліцы Свярдлова. З поля ўласнай падсобнай гаспадаркі паблізу Белькаўшчыны выразана амаль 60 кг капусты.

Пракуратурай раёна выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб захаванасці маёмасці ў ААТ «Рочавічы», аб чым сведчыць крадзеж з тэрыторыі яго машынна-трактарнага парку шляхам свабоднага доступу акумулятараў і фараў да трактара на агульную суму 179 рублёў 94 капейкі. Кіраўніцтву ААТ «Рочавічы» вынесена прадпісанне, у выніку разгляду якога прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці начны вартаўнік, з яго заробку вылічана сума нанесенай матэрыяльнай страты.

Суд абмежаваў у волі з накіраваннем на год у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу 25-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які ўхіляўся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. 21-гадовы жыхар Зарэчча не з’явіўся без уважлівай прычыны ў райваенкамат на мерапрыемства прызыву, за што аштрафаваны на 84 рублі.

ДАІ выявіла 134 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў і 19 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 37 недысцыплінаваных пешаходаў і веласіпедыстаў. Зафіксавана восем дарожных аварый, у іх ніхто не пацярпеў. У раёне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху – «Не тяни с резиной!». За выкарыстанне на аўто летніх шынаў у перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка прадугледжаны штраф 0,5 базавай велічыні, шынаў з вялікім зносам – штраф ад адной да пяці базавых велічынь.

«Хуткая» за апошнія два тыдні атрымала 471 выклік, 16 з якіх былі да асоб з алкагольным ап’яненнем і столькі ж – неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *