Акцэнты, уражанні

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

25-11-26w

СЛОВА ІДЗЕ АД СЭРЦА

«Агульны погляд у будучыню. СМІ: маральнае вымярэнне» – такую актуальную тэму закрануў V Форум маладых журналістаў, што праходзіў 17-18 лістапада ў Мінску. Удзел у ім прынялі больш за 100 прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Мне таксама давялося пабываць на гэтым мерапрыемстве, акунуцца ў яго творчую атмасферу, пазнаёміцца і пагутарыць з калегамі, даведацца, як ладзіцца работа ў іншых рэдакцыях, якія праблемы існуюць.

Праграма форуму была вельмі насычанай. Шмат цікавага чакала ўдзельнікаў наперадзе. Спачатку мы пабывалі ў Мінскім храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. Аб маральна-духоўных каштоўнасцях, без якіх немагчыма ўявіць прадстаўніка «пішучай» прафесіі, расказаў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Мінска протаіерэй Фёдар Поўны. Прыемна было, што падчас дыялогу выкарыстоўваліся сучасныя сродкі падачы інфармацыі. Свяшчэннік пажадаў журналістам быць праўдзівымі і шчырымі ў сваіх матэрыялах, пазбягаць недагаворанасці. Важна, каб паміж сродкамі масавай інфармацыі і чытачом існаваў узаемадавер.

Удзельнікі мерапрыемства таксама мелі магчымасць агледзець храмавы комплекс, прыкласціся да іконы Божай Маці, наведаць крыпту.

Працягнуўся форум у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, дзе маладыя журналісты змаглі акунуцца ў свет прыгажосці. Кожны ўдзельнік выбраў адну з прапанаваных тэм для экскурсіі. Мяне зацікавіла тэма «Беларуская ікона XVI стагоддзя». Экскурсантам удалося пазнаёміцца з асаблівасцямі развіцця беларускага іканапісу, даведацца аб рэстаўрацыі твораў мастацтва, якая патрабуе шмат высілкаў, высокай кваліфікацыі і адказнасці. Сабраная ў музеі калекцыя ікон уражвае, як і апантанасць экскурсаводаў. Прапанаваная імі інтэрактыўная праграма прайшла на адным дыханні.

Першы дзень форуму завяршыўся прэс-дыялогам з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова і генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова.

Вельмі важным у прафесійным плане быў другі дзень форуму. Адчуваўся працоўны настрой, бо надыходзіў час пленарнага пасяджэння ў Доме прэсы. Перад удзельнікамі форуму выступілі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, старшыня ГА «Беларускі саюз журналістаў» Анатоль Лемяшонак, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Андрэй Белякоў.

Лілія Ананіч адзначыла важнасць тэмы форуму, нагадала пра вялікую сілу журналісцкага слова, яго ўплыў на фарміраванне грамадскай думкі, што вымагае ад людзей пяра ўдумлівасці і аб’ектыўнага падыходу.

Акрамя таго, у праграме мерапрыемства былі запланаваны выступленні медыяэкспертаў. Яны падзяліліся каштоўнымі парадамі з уласнага вопыту прафесійнай дзейнасці, звярнулі ўвагу на патрабаванні, якія прад’яўляюць да сённяшняга журналіста час і грамадства.

Асаблівае месца на форуме займала тэма развіцця інтэрнэт-рэсурсаў, якія сталі неад’емнай часткай нашага жыцця і медыярынку. Багатым вопытам падзяліўся з маладымі журналістамі рэдактар інтэрнэт-партала IMHOCLUB.BY Аляксей Дзермант.

Цікавым было выступленне няштатнага аўтара газеты «Советская Белоруссия», вядучай радыё «АНТ» Таццяны Сулімавай на тэму грамадзянскай журналістыкі і блогаў. З яе вуснаў прагучала, што «журналист – пишущее и говорящее сердце». Такая думка падштурхнула да ажыўленай дыскусіі ў зале.

Хвалююча прайшло ўручэнне прэміі «Дэбют» у розных намінацыях («лепшы рэпарцёр», «лепшы фотакарэспандэнт» і інш.). Закрыццё двухдзённага форуму адбылося на ўрачыстай ноце – узнагароджанні пераможцаў-рэпарцёраў па тэматыцы форуму.

Цудоўныя ўражанні і ўзнёслы настрой засталіся пасля мерапрыемства. Безумоўна, форум аказаўся добрай магчымасцю паглыбіць свае веды, а таксама паспрыяў камунікацыі паміж калегамі.

Вольга ВАСІЛЬЕВА

Фота БелТА

 

СПАКОЙ ТОЛЬКІ СНІЦЦА

Справаздачны сход раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі прайшоў, можна сказаць, на адным дыханні. Кожны, хто браў слова, стараўся выказваць свае прапановы, рашуча не мінаць фактаў недахопаў. Тон такой адкрытай размове задала першы сакратар райкама КПБ Н. У. Дубовік. Ніна Уладізіміраўна спачатку афіцыйна спынілася на пытаннях выканання партыйнай арганізацыяй раёна рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, ХІ і ХІІ з’ездаў КПБ. І тут жа ахарактарызавала работу многіх камуністаў. Сапраўды, у партыйнага лідара асаблівы дар, выдатныя чалавечыя якасці: падтрымаць ініцыятыўных, знайсці для кожнага добрае слова.

Як адзначыла ў сваім выступленні першы сакратар Мінскага абласнога камітэта Кампартыі М. М. Худая, у першую чаргу дзякуючы Ніне Уладзіміраўне стаўбцоўская партыйная арганізацыя адна з лепшых у вобласці. Адчувальны і рост яе радоў. Штогод адноўленая суполка прырастае актыўным папаўненнем. Цяпер на ўліку ў раённай партарганізацыі 56 чалавек. Марыя Мікалаеўна, якая назвала Стаўбцоўскую партарганізацыю адной з лепшых у вобласці, падтрымала ідэю, выказаную Н. У. Дубовік. У наступным годзе, калі будзе адзначацца 100-годдзе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, давесці рады раённай арганізацыі не менш як да 100 чалавек.

Сапраўды, 2017-ты для тых, хто верны ідэалам Кастрычніка, – знамянальны. Сацыялістычная рэвалюцыя, як падкрэслівалі выступоўцы, азначала карэнны пералом у лёсах народаў, стала галоўнай падзеяй дваццатага стагоддзя. І гучала гэта не дэкларатыўна, а падмацоўвалася прыкладамі таго, як захоўваюцца традыцыі бацькоў і дзядоў. А цяперашняму і будучым пакаленням ідэалы вернасці Айчыне захоўваць і прымнажаць.

Настрой адзіны, а жыццё шматграннае. Як адна з самых актыўных, была названа пярвічная арганізацыя Налібацкага сельсавета. Старшыня сельвыканкама, ён жа і сакратар партыйнай ячэйкі, А. І. Пілінкевіч гаварыў аб тым, як праявілі сябе камуністы на працоўных месцах і ў грамадскай рабоце. Важнай кампаніяй стала правядзенне выбараў дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Добраўпарадкаванне населеных пунктаў, шэфская дапамога, выхаванне падрастаючага пакаленння – шмат дзе знаходзіць прымяненне ініцыятыва камуністаў. Аляксандр Іванавіч прадставіў і маладога члена партыйнай пярвічкі – Аляксея Карповіча, які выдатна сябе праявіў.

Актыўна працуе ў Стаўбцоўскай партыйнай арганізацыі Анастасія Калодзінская. Яна ўзначальвае раённы камітэт БРСМ і мае аўтарытэтны ўплыў на выбар многіх маладых людзей. Акцыі патрыятычныя, экалагічныя, рух за здаровы лад жыцця, валанцёрскі – гэта і многае іншае вызначае дзейнасць нашай моладзі, дае арыенціры ў творчым, жыццёвым станаўленні.

Шчырым, адкрытым было выступленне прадстаўніка Засульскай пярвічкі І. М. Палешчука. Іван Мікалаевіч не галаслоўна, а на канкрэтных прыкладах гаварыў аб неабходнасці дапамогі ветэранам, пільнай увагі да патрэб кожнага чалавека. І. К. Высоцкі акцэнтаваў увагу на канкрэтнай рабоце ў населеных пунктах, у калектывах, каб камуніст успрымаўся ўсімі як чалавек, які асабістым прыкладам вядзе за сабой. «Падставіць сваё плячо для выканання карысных ініцыятыў, для пераканання людзей», – канкрэтызаваў М. М. Бажко, член бюро абласнога камітэта КПБ.

На гэта нацэлены і прыняты на сходзе план мерапрыемстваў па дастойнай сустрэчы 100-годдзя Вялікага Кастрычніка. Вырашылі, што неабходна ўзмацніць агітацыйную, інфармацыйную работу, каб мэты і задачы цяперашніх партыйных арганізацый былі зразумелыя ўсім.

Гісторыя расстаўляе свае акцэнты, прыярытэты, у рэшце рэшт аб’ектыўна ацэньвае мінулае. Але партыя, якая ставіць сваёй мэтай сацыяльную справядлівасць, садзейнічае рэалізацыі адпаведнага курсу нашай улады, мае і можа мець яшчэ большую папулярнасць і падтрымку. Асабліва калі згуртоўвае яна людзей неабыякавых, актыўных, ініцыятыўных.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *