Хлопцы не пайшлі ў піцэрыю…

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

Стаўбцоўскія падлеткі ў кампаніі з дарослым «прадэгусціравалі» вечарам на вуліцы, недалёка ад рэстарана «Нёман», віно. Была звычайная серада, будзённы дзень. У 14.45 у іх закончыліся заняткі ў школе, а каля 19 гадзін ім было не да падрыхтоўкі ўрокаў на заўтра…

Ну, пайшлі б хлопцы з’есці піцу – хто б ім што сказаў?.. Паўшчувалі б крыху бацькі, нагадалі пра сярэдні бал за чвэрць, які трэба павышаць, ды і толькі. Здольнасці ж ёсць, але інтарэс да вучобы чамусьці не ўзнікае. Праявіўся інтарэс да спіртнога, чаго бацькі ніяк не чакалі ад любімых сыноў. Адзін – спартсмен, другі – музыкант, трэці – валанцёр… А разам яны – адна кампанія, якая захацела «пакаштаваць» дарослага жыцця. Пры гэтым кожны падлетак добра ўсведамляў, што можа быць за раннюю цікавасць да спіртнога.

У школе перад імі не раз выступалі работнікі міліцыі і знаёмілі з адміністрацыйнай адказнасцю, расказвалі пра такую прафілактычную меру, як пастаноўка на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Разам з бацькамі іх таксама запрасілі на разгляд камісіі па справах непаўналетніх. На пасяджэнне камісіі былі выкліканы абое законных прадстаўнікоў. Кожнаму з бацькоў прыйшлося адпрошвацца з работы, карэкціраваць свае неадкладныя справы. Зразумела, чырванець, а некаторым – і плакаць ад сораму… Згодна з прынятым камісіяй рашэннем бацькі абавязаны заплаціць штраф за неналежнае выхаванне сына.

І, нялішне нагадаць, што адлічваць грошы з сямейнага бюджэту на штраф – гэта яшчэ не ўсе арыфметычныя дзеянні. Папаўся сын першы раз – гэта, хочацца ўсім верыць, сапраўды выпадковасць, яна паслужыць навукай на ўсё жыццё. А калі, раптам, падлетак паўстане перад камісіяй другі раз?.. Гэта будзе азначаць, што ўрок для яго прайшоў дарэмна і наступствы гэтага можна адчуць вельмі хутка. Трэці раз – паводзіны ўвогуле небяспечныя.

– Пасля трох фактаў антызаконных паводзін падлетка камісія мае права звярнуцца з хадайніцтвам у суд раёна аб накіраванні яго ў спецустанову закрытага тыпу. Прасцей кажучы, у калонію для непаўналетніх, – удакладняе намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько.

Бацькі часцей за ўсё бачаць корань зла ў тых дарослых, якія, не зважаючы на ўзрост, шукаюць сабе кампаньёнаў сярод падлеткаў. Маўляў, чаму іх ніхто не карае? Іх караюць, і даволі жорстка. Мяркуйце самі. Мінімальны памер штрафу ў адносінах да таго, хто спойвае непаўналетніх, – 10 базавых велічынь, ці 210 рублёў, а пры выяўленні шматразовых фактаў уцягвання непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны – магчыма ўзбуджэнне крымінальнай справы.

У поле зроку чарговы раз трапіў бар «Дыяген». У гэтым выпадку работнікамі бара дапушчаны проста абуральны ўчынак – за столікам селі свабодна распіваць алкагольныя напіткі побач з дарослымі і трое непаўналетніх. Ім прадалі спіртное, і ніхто не спыніў іх п’янку. І гэтым непаўналетнім, трэба сказаць, нахабства не пазычаць. Уявіце сабе, устроіліся піць фактычна пад наглядам нарада патрульна-паставой службы міліцыі! Маршрут вячэрняга дзяжурства нарада пралягае праз раён бара «Дыяген», вуліцу Цэнтральную на працягу ўсіх сямі дзён тыдня, без выхадных.

Калі б міліцыя своечасова не спыніла гэтую феерычную «тройцу», невядома, чым бы для яе ўсё закончылася. Паводле даных медагляду, утрыманне алкаголю ў крыві аднаго з 16-гадовых падлеткаў, навучэнца абласнога ліцэя, дасягнула 1,83 праміле…

У адрас старшыні райспажыўтаварыства, у чыім ведамстве знаходзіцца гэты бар, накіравана прадстаўленне.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *