Пракуратура ў дзеянні

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

НЕ ВЫТВОРЧАЯ ЗОНА, А ЗВАЛКА

Пракуратурай раёна праводзіцца нагляд за выкананнем суб’ектамі гаспадарання патрабаванняў заканадаўства, у сувязі з чым нярэдка прыходзіцца даваць даручэнні дзяржаўным органам аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Сярод свежых прыкладаў – праверка выканання санітарных нормаў і правілаў у ТАА «ТрэйдРоут». Устаноўлена, што вытворчая зона гэтага таварыства не добраўпарадкавана, чым парушаны «Патрабаванні да ўмоваў працы работнікаў і ўтрымання вытворчых аб’ектаў» і «Гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый», зацверджаныя пастановамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Так, вытворчасць ажыццяўляецца на фоне антысанітарных умоў, у прыватнасці забруджанасці бытавым смеццем, будаўнічымі адходамі і металаломам (пляцоўка для яго захоўвання не абазначана). Участкі азелянення, у тым ліку на прылеглай тэрыторыі, запаланіла пустазелле, а частка пралётаў агароджы аказалася разламанай, з дзіркамі…

У сувязі з гэтым пракуратурай раёна ў ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» было накіравана даручэнне аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Па выніках яго разгляду дырэктар ТАА «ТрэйдРоут» быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь (630 рублёў). Акрамя таго, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута і само таварыства, юрыдычная асоба. У даным выпадку сума накладзеных штрафных санкцый склала 100 базавых велічынь (2 100 рублёў).

На ПВГУП «ФэнсіВок», якое займаецца дрэваапрацоўкай – адным з найбольш пажаранебяспечных відаў дзейнасці, было праверана выкананне патрабаванняў заканадаўства ў сферы супрацьпажарнай бяспекі. Вынікі праверкі – не парадавалі.

У памяшканні кацельні эксплуатаваўся металічны кацёл незаводскага вырабу. Дымаход ацяпляльнага катла выкананы на гарышчы з сілікатнай цэглы і, акрамя таго, не атынкаваны і не пабелены. Таксама адсутнічае нарматыўная супрацьпажарная адступка ад знешняй паверхні дымахода да гаручых канструкцый даху. Пры тым, што дапускаюцца парушэнні ў эксплуатацыі электрычных прыбораў і праводкі (да прыкладу, свяцільнікі без ахоўных плафонаў, адкрытыя размеркавальныя каробкі, электрашчыты і пускарэгулюючыя апараты, скруткі і т. п.), якія могуць выклікаць пажар, на аб’екце адсутнічае нарматыўная колькасць пярвічных сродкаў пажаратушэння. Пагрозы дадае і стан тэрыторыі прадпрыемства, якая не ачышчана ад лёгказагаральнага смецця і адходаў. Для яго загарання дастаткова кінутых некім запалкі, акурка…

Пракуратурай раёна ў адрас раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях таксама было накіравана даручэнне аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні – у адносінах да прадпрыемства «ФэнсіВок». У выніку яго дырэктар быў аштрафаваны на пяць базавых велічынь (105 рублёў).

Сяргей ГРЫЦУК,пракурор раёна

 

ДЗЕЙНІЧАЛІ НАРКАДЫЛЕРЫ

Уступіў у законную сілу прыгавор Мінскага абласнога суда ў адносінах да 11 асоб, прызнаных вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і іх аналагаў.

Слуханне крымінальнай справы вялося больш за чатыры месяцы. Абвінавачванне падтрымлівалася групай дзяржаўных абвінаваўцаў. Адзінаццаць фігурантаў крымінальнай справы прызнаны вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў, а таксама ва ўдзеле ў дзейнасці арганізаванай групы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – рэгіянальнага структурнага падраздзялення міжнароднай злачыннай арганізацыі. Пяцёра з іх, у тым ліку дзяўчына, прызнаны вінаватымі ў стварэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь арганізаванай групы наркадылераў. Разам з тым двое абвінавачаны ў прычыненні смерці па неасцярожнасці.

Наркадылеры ў 2013-2014 гг. прадавалі ў горадзе Мінску спайсы праз інтэрнэт-магазіны, дзе размяшчалі аб’яву аб продажы курыльных сумесяў. Патэнцыяльны пакупнік павінен быў перавесці грошы на электронны кашалёк, пасля чаго атрымліваў паведамленне са спасылкай, у якой указвалася, дзе канкрэтна схавана «доза». Інфармацыя гэтая выдалялася аўтаматычна пасля прагляду. Закладкі пакідалі ў пад’ездах, каля станцый метро ці ў закінутых гаражах.

У групе была наладжана дакладная іерархія – хтосьці займаўся вырабам, іншыя былі закладчыкамі ці аператарамі інтэрнэт-магазіна. Між сабой зламыснікі мелі зносіны пры дапамозе інтэрнэт-месенджараў, якія шыфруюць паведамленні. Канспірацыя патрэбна для таго, каб праваахоўнікам было больш складана іх адсачыць.

Затрымалі наркагандляроў з зімы на вясну 2014 года. У ходзе расследавання было прадухілена распаўсюджанне больш за 36 кг псіхатропактыўных рэчываў, 200 тысяч «марак», частка якіх апрацавана спецыяльнымі рэагентамі і падрыхтавана для продажу.

Прыгаворам суда вінаватыя асуджаны да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі. Найбольшыя тэрміны атрымалі шэсць фігурантаў крымінальнай справы, прызнаныя вінаватымі ў стварэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь арганізаванай групы і кіраўніцтве рэгіянальным структурным падраздзяленнем міжнароднай злачыннай арганізацыі, а таксама ва ўдзеле ў дзейнасці гэтых груп, – 19 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Трое абвінавачаных асуджаны да 17 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Дзве асобы, вінаватыя ў незаконных з мэтай збыту набыцці, захоўванні і перавозцы асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, асуджаны да 9 і 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Н. ПРАКОПЧЫК, І. ЦІМАФЕЙЧЫК, пракуроры аддзела пракуратуры Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *