Мама-«дэкрэтніца» асвоіла дзясятак хобі

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

25-11-26r

Стаўбчанка Таццяна Харута патэлефанавала ў рэдакцыю, каб прапанаваць адну важную, на яе погляд, тэму, якой не так і шмат удзяляецца ўвагі, – самаразвіццё мамаў падчас знаходжання ў дэкрэтным адпачынку. Маўляў, тыя тры гады, калі жанчына гадуе малое дзіця, – гэта яе маленькае жыццё, пражыць якое варта не толькі з падгузнікамі ды кашай.

На той момант у Таццяны заканчваўся апошні тыдзень «дэкрэтнага» жыцця. Усё нармальна – самой праз некалькі дзён выходзіць на працу, а яе дачушка, трохгадовая Злата, ужо з верасня наведвае дзіцячы сад, паспела адаптавацца. У размове прамільгнуў ледзь улоўны настальгічны настрой, так бы мовіць, рэтраспектыва: «Думаю, што нашы лепшыя традыцыі ад нас нікуды не сыдуць…»

Таццянін «дэкрэт» на фінішы, дачка падрасла і сапраўды ёсць пра што расказаць.

Разнастайныя фота на флэшцы, якую Таццяна прыхапіла з сабою, – і ёсць творчая справаздача аб яе дэкрэтнай «вольніцы». Яны ж – і сведчанне гармоніі адносін у сям’і, блізкасці поглядаў жонкі і мужа. На фота занатаваны іх прыгожыя сямейныя святы, па-дамашняму цёплыя і непаўторныя, якія найперш адрознівае выдумка, жаданне здзівіць. У іх прысутнічае ўвага адно да аднаго, да захапленняў сваіх блізкіх. Кінулася ў вочы, што гэтую маладую сям’ю (калі выпадкова сустрэць яе ў парку «Дружба народаў» на дзіцячай гульнявой пляцоўцы) ні з якой іншай не зблытаеш: усе трое – мама, тата і дачка – апрануты ў адзенне з аднолькавай тканіны ці, да прыкладу, аднаго колеру.

– Гэта такі індывідуальны «сямейны» стыль ці жаданне не згубіцца, быць адметнымі сярод іншых? – цікавімся ў Таццяны.

– Усё пайшло з нашага вяселля – мы з мужам апрануліся ў адным стылі, як адно цэлае. А калі нарадзілася ў нас дачка, у мяне з’явілася адчуванне, што ў доме павінна быць свята, казка. І я зразумела, што гэтую атмасферу можна стварыць уласнымі рукамі. Варта толькі адкласці ў бок ляноту.

– А як жа, прабачце, штодзённыя пялёнкі, распашонкі?

– У мяне гэта таксама ўсё было. Аднак падчас «дэкрэту» я паступова займела каля дзясятка розных хобі, многія з іх узаемазвязаны паміж сабою. Раблю розныя ўпрыгажэнні. Выпякаю торцікі і салодкасці. Прычым, акцэнт не на выпечцы, а на яе аздабленні. Каб было прыгожа, некага парадавала. У мяне бліны могуць быць чырвоныя, а торт – у выглядзе кавуна ці футбольнага поля. Займаюся дэкупажам. Шыю сукенкі. Вару дэкаратыўнае мыла. Упрыгожваю кватэру, пад’езд, і гэта – са звычайнай паперы, сурвэтак… Знайсці час на такія рэчы можа любая мама, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Шмат у чым мне дапамагае муж. Маральна, фінансава. Мы жывём недалёка ад мамы, і яна, забраўшы Злату да сябе, дае мне магчымасць ствараць.

– Хто вас навучыў усяму гэтаму?

– Для гэтага нічога асаблівага не трэба. Ніякіх курсаў, бо ўсё знайшлося ў інтэрнэце. Выкарыстоўваю для творчасці тое, што ёсць пад рукой, на што не трэба траціцца, бо грошай у сям’і, дзе працуе адзін тата, не так і шмат. Вынік свайго занятку я параўноўваю з агародам: у ім, здаецца, расце тое, што ва ўсіх, але ж дзе вы бачылі агарод, які б дакладна паўтараў іншыя?

– Мне ўжо ўяўляецца, што казка ў вашай сям’і пачынаецца з шафы для адзення, з гардэроба.

– Мы любім апранацца ў стылі «фэмілі лук», ён адразу падкрэслівае: мы – сям’я. Хутка будзе вяселле ў маёй сястры, і Злаце спаўняецца тры годзікі – у мяне ўжо «мандраж». Не перастаю думаць, які вобраз стварыць для ўсіх траіх, якія падарункі падрыхтаваць і т. п. На два годзікі рыхтавала Злаце «кэндзібар» – прыгожа аформлены салодкі стол, букет з шароў і чагосьці яшчэ. На гэтым стале ўся ядомая і неядомая аздоба была, зразумела ж, не з магазіна.

На Новы год ствараю ў кватэры такія адмысловыя фотазоны, спецыяльна шыю «адзенне» для шампанскага і прыборчыкаў, «тынкую» вазы і свечкі. Фарбую і развешваю шышкі, якія з мужам сабралі ў лесе. Пра балкон не забываю – ён увесь свеціцца і здзіўляе маіх знаёмых. Прагульваючыся дзесьці побач, яны не хаваюць захаплення: «У цябе як у рэзідэнцыі Дзеда Мароза».

– У захапленні ад вас і мамы, якія бачаць фота з вашых сямейных святаў у сацыяльных сетках. А як вашы блізкія адносяцца да таго, што вы – чараўніца, майстар нечаканасцяў?

– Да гэтага ўсе быццам прывыклі, здзіўляць становіцца ўсё складаней… У маёй мамы быў юбілей у рэстаране, дзе я стварыла для яе святочны куточак – «Белы лебедзь». Напякла тры ярусы пірожных. Для гасцей прыдумала кнігу пажаданняў з пяром. Тады якраз навучылася варыць мыла, таму кожнаму быў падрыхтаваны падарунак. Напрыканцы госці нечакана разабралі на памяць і папяровыя сурвэткі, якімі быў упрыгожаны стол. Яны былі прыемна здзіўлены, калі даведаліся, што ўсё гэта зроблена маімі рукамі. Мама сказала, што мною ганарыцца. Сяброў, якія пабачылі мае торты з фотаздымкам (фота вырабляецца з дапамогай так званага цукровага друку), проста «зашкальвала»: «Ты, Таня, перасягнула сябе!» А адна мама мне напісала: «Дзе вы купілі такі «кіндар» (маецца на ўвазе «Кіндарсюрпрыз», які ледзьве ахопліваюць Злаціны рукі)?»

– А здараліся з падарункамі якія-небудзь казусы?

– Іншым разам, калі кажу блізкім ці сябрам пра падрыхтаваны для іх падарунак, заўважаю рэакцыю разгубленасці… Мой муж таксама адразу быў у шоку, калі раніцай 14 лютага, у Дзень усіх закаханых, убачыў пад вокнамі кватэры свой аўтамабіль. Напярэдадні ноччу мы з сяброўкай убралі яго сцікерамі (наклейкамі). Потым на гэтым аўто паехалі катацца па Стоўбцах і назіралі, як рэагавалі выпадковыя прахожыя. Гэта было класна! Яны прасілі зрабіць фота на памяць.

– Таццяна, як вы думаеце, ваша дачка зацікавіцца якім-небудзь з вашых хобі?

– Яна прачынаецца, бачыць выпечаны торт і з радасцю абвяшчае: «Гэта маё!» У пясочніцы сама нешта вылеплівае, упрыгожвае…

– Аб чым вы марыце?

– Аб уласнай майстэрні – «каб не прыбіраць на ноч». Яшчэ трэба здаць кантрольныя – я ж студэнтка-завочніца…

НА ЗДЫМКАХ: адзіны стыль маладой сям’і; імправізаваны трох’ярусны торт – для аднагрупнікаў трохгадовай дачушкі; мамін сюрпрыз не абхапіць рукамі; «кэндзібар» у гонар Златы.

Маладая мама Таццяна Харута раіць:

– Неўзабаве Новы год, і кожная матуля думае, што пакласці свайму дзіцяці пад ёлку. Сюрпрызам можа стаць «Кіндарсюрпрыз», выкананы ў тэхніцы пап’е-машэ. Для гэтага неабходна надзьмуць паветраны шарык, затым з дапамогай клею ПВА прымацаваць да яго кавалачкі газеты. Наверх газет абклеіць шар двума слаямі белай паперы. У шарыку пакінуць невялікую адтуліну. Выразаць літары з каляровай паперы і наклеіць. Праз адтуліну запоўніць шарык рознымі салодкасцямі. Сюрпрыз гатовы!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *