Пяць стагоддзяў Стоўбцаў

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

25-11-26t

У Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа адкрылася ўнікальная выстава – «Горад пяці стагоддзяў». Вялікі інтарэс да яе праявілі карэнныя жыхары нашага горада, якія прыйшлі на ўрачыстае адкрыццё. У фотаздымках даўніх часоў яны ўбачылі будынкі свайго дзяцінства, знаёмыя мясціны. І гэта было шчымлівае непаўторнае пачуццё, якое можа выклікаць толькі судакрананне са сваёй малой радзімай. Першымі ж экспазіцыю ўбачылі госці рэспубліканскага літаратурнага свята «Каласавіны», у складзе якіх былі літаратары, дзеячы культуры, работнікі музеяў з Беларусі і замежжа.

Мы ўдзячныя дырэктару дзіцячай бібліятэкі Наталлі Даўлюд, якая расказвае нам пра кожны экспанат не толькі сваім досведам, але і сваім сэрцам. Сама яна – карэнная стаўбчанка і многае памятае з дзяцінства, напрыклад, будынкі, якіх на сучасны момант ужо няма, а на старадаўніх фотаздымках яны – як жывыя. Наталля Мікалаеўна сама мае вялікі інтарэс да даследчай працы, што ніколі не перашкодзіць у прафесіі бібліятэкара, можа красамоўна расказаць пра гістарычныя асобы, жыццё і дзейнасць якіх знітаваны з гісторыяй нашага горада.

–  Ідэя стварэння такой экспазіцыі ў мяне выношвалася даўно, – апавядае Наталля Мікалаеўна. – Калі я яшчэ жыла ў Чарнігаве (у гэтым абласным украінскім горадзе ў 20-х гадах мінулага стагоддзя была такая ж колькасць жыхароў, як у Стоўбцах), мяне вельмі ўражвала, як чарнігаўцы трапятліва і беражліва адносіліся да сваёй гісторыі, сумелі захаваць у старадаўнім горадзе архітэктуру, культуру, стварыць музеі, якія захоўваюць унікальныя дакументы і рэчавыя экспанаты. Наш горад у гэтым плане намнога адстае. Штуршком для ажыццяўлення даўняй задумы стала тое, што ў інтэрнэце на сайце «Аднакласнікі» я знайшла фотаздымкі і іншыя матэрыялы, якія выставіла настаўніца стаўбцоўскай гімназіі № 1, гісторык, прызнаны даследчык даўніны, вялікі патрыёт сваёй Радзімы Людміла Назаранка. Я вельмі ўдзячная сваім супрацоўнікам, што яны падтрымалі маю ідэю, уключыліся ў стварэнне экспазіцыі. Мы атрымалі дазвол Людмілы Станіславаўны скарыстаць яе даследаванні, фотаархіў для работы, за што ёй выказваем вялікую ўдзячнасць і прызнанне. Творчымі сіламі нашых бібліятэкараў Алены Асаёнак і Кацярыны Шэкаль быў апрацаваны матэрыял, каб сабраць яго тэматычна ў брашуры – іх атрымалася 40 экзэмпляраў. У выдатным паліграфічным выкананні прадставіў гэтую работу цэнтр друку «Капірка», якую ўзначальвае ўраджэнец нашага раёна Анатоль Пазняк. Я вельмі яму ўдзячная за тое, што ён адчуў, чаго мы хочам, і сваім прафесіяналізмам, талентам, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, сумеў шыкоўна аформіць гэты матэрыял. Старадаўнія фотаздымкі ў элегантных рамках. Вянчае ж экспазіцыю з пяці раздзелаў панарамны старадаўні здымак Стоўбцаў. Аўтар яго невядомы, але той ракурс, які ён выбраў, найлепшым чынам паказвае адметнасць і прыгажосць наваколля.

– Наталля Мікалаеўна, разумею, што вельмі цяжка расказаць аб усіх матэрыялах, аднак зрабіце акцэнт на тым, што вы б палічылі ўнікальным.

–  Для мяне – гэта фотаздымкі, на якіх адлюстраваны людзі. Якія элегантныя ўборы, якая вытанчанасць ва ўменні трымацца, якія годныя і дастойныя твары! На прадстаўленых фотаздымках ёсць знакамітыя гістарычныя асобы, якія былі ў розныя часы гісторыі горада ўладальнікамі мястэчка з вяльможных родаў Чартарыйскіх, Слушкаў, Радзівілаў, Храптовічаў. Сабраны ўсе восем гербаў з больш чым 500-гадовай гісторыі горада, у цэнтры іх – сучасны герб Стоўбцаў. У ліку легендарных асоб, якія ўвайшлі ў гісторыю Стоўбцаў, – генерал Тумілоўскі і яго дачка Зоя, выдатны фотамайстар даваеннага часу Якуб Марон, урач Грынберг і іншыя, аб кім расказвае экспазіцыя. Здымкі старадаўніх будынкаў – гэта таксама неацэнны клад. У ліку іх – і першы драўляны будынак чыгуначнага вакзала 1875 года. Наогул, наяўнасць чыгункі ўнесла вялікі ўклад у развіццё нашага горада. Асобны раздзел прадстаўляюць фотаздымкі Стоўбцаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Хочацца адзначыць надзвычай кранальную з’яву, звязаную з ураджэнкай нашага горада Наталляй Фос. Яна жыве ў Германіі, куды выйшла ў свой час замуж. Цяпер яна скупляе на аўкцыёне з усяго свету фотаздымкі Стоўбцаў ваеннага часу. Гэтыя фотаздымкі таксама выкладзены ў інтэрнэце на сайце «Аднакласнікі».

–   А калі гаварыць пра сучасных жыхароў горада, ці ёсць такія прыклады самаахвярнасці ў зборы гісторыі роднага горада?

–  А старанні Людмілы Назаранка – хіба гэта не прыклад самаахвярнасці і свайго роду подзвігу! Столькі сабраць матэрыялаў! Ці бібліятэкара Святланы Адамовіч. Яе архіў таксама чакае таго, каб яго дастойна апрацаваць і пакласці ў скарбонку нашчадкаў. Вось і такі выдатны прыклад. Стаўбчане Юрый і Алена Астахновічы перадалі ў дар дзіцячай бібліятэцы ўнікальнае выданне – кнігу на польскай мове аб жыццёвым і творчым шляху прымы Варшаўскай оперы Галіны Міцкевіч. Яна нарадзілася ў Стоўбцах у 1923 годзе. Да кнігі прымацаваны дыск з творамі ў яе выкананні. Яго можна паслухаць у нашай бібліятэцы.

– Ці не з’яўляецца гэта своеасаблівым запрашэннем выкарыстоўваць чытальную залу бібліятэкі, дзе размясцілася новая выстава, для творчых прэзентацый, літаратурных вечароў, урокаў гісторыі?

– Мы б хацелі, каб так было. Гатовы аказаць садзейнічанне. Аформленая выстава «Стоўбцы пяці стагоддзяў» у нашай бібліятэцы будзе пастаянна дзеючай. Запрашаем усіх, каму дарагая гісторыя Стоўбцаў, наведаць экспазіцыю. Магчыма, для многіх з вас старадаўнія фотаздымкі дапамогуць ажывіць у памяці наш горад мінулага стагоддзя. Ці вы адшукаеце на фотаздымках знаёмыя твары. Наша выстава можа стаць экспазіцыяй будучага музея гісторыі Стоўбцаў, і мы на гэта вельмі спадзяёмся.

На здымках: радасць падзеі з дырэктарам бібліятэкі Наталляй Даўлюд

(злева направа) падзяляе дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская; паэт Алесь Марціновіч; з літаратурнай пастаноўкай – вучні

Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў; даўніна – прыцягальная; вучні гімназіі № 1 – падчас экскурсіі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *