Работа ЦВК – фактар спакою ў краіне

Нумары

image_pdfimage_print

Работа ЦВК Беларусі – гэта фактар спакою ў нашай краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 20 снежня заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзеючага складу Цэнтрвыбаркама, і падзякаваў усім членам ЦВК за тую бескампрамісную і па-сапраўднаму адказную работу, якую яны праводзілі.

«Па-рознаму да гэтага могуць ставіцца ў нас асобныя «таварышы». Але нават яны разумеюць, што ў свеце, напэўна, няма дзяржавы, дзе так эфектыўна працавала б Цэнтральная выбарчая камісія, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы даследавалі гэтае пытанне, сацыялагічныя даследаванні праводзілі: не проста большасць – пераважная большасць станоўча ацэньвае работу ЦВК і старшыні. Таму яшчэ раз дзякую вам за ўсё тое, што зроблена Цэнтральнай камісіяй. Яе работа – гэта фактар спакою ў нашай краіне».

На сустрэчы разглядаліся кандыдатуры, якія ўвойдуць у новы склад Цэнтрвыбаркама. Акрамя таго, узгоднены патэнцыяльныя кіраўнікі ЦВК: старшыня і яго намеснік, сакратар камісіі.

Прэзідэнт таксама абмеркаваў з Лідзіяй Ярмошынай удасканаленне выбарчага працэсу і заканадаўства. Усе прапановы Цэнтрвыбаркама знайшлі падтрымку з боку кіраўніка дзяржавы.

Згодна з заканадаўствам, Цэнтральная камісія ўтвараецца ў складзе 12 чалавек з грамадзян Беларусі, якія маюць, як правіла, вышэйшую юрыдычную адукацыю і вопыт работы па арганізацыі і правядзенні выбараў і рэферэндумаў. Шэсць членаў ЦВК назначаюцца Прэзідэнтам, шэсць – выбіраюцца Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Кандыдатуры ў склад Цэнтральнай камісіі рэкамендуюцца адпаведна Прэзідэнту і Савету Рэспублікі сумеснымі рашэннямі прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў.

Лідзія Ярмошына застанецца на пасадзе старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў пасля 20 снежня 2016 года. Аб гэтым яна паведаміла 25 лістапада журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Тэрмін паўнамоцтваў дзеючага складу Цэнтрвыбаркама завяршаецца 20 снежня. У сувязі з гэтым Прэзідэнт абмеркаваў з цяперашнім кіраўніком ЦВК новы кадравы склад камісіі.

«Старшыня камісіі, як аказалася, не мяняецца», – сказала Лідзія Ярмошына па выніках сустрэчы.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама паведаміла, што на пасаду сакратара ЦВК прапануецца выконваючы яго абавязкі, начальнік арганізацыйна-прававога аддзела камісіі Алена Дмухайла. «Менавіта яе я буду прапаноўваць членам Цэнтральнай камісіі, калі яна будзе ўтворана, у якасці кандыдатуры на пасаду сакратара», – адзначыла яна.

Пасада намесніка старшыні ЦВК традыцыйна замяшчаецца кіраўніком Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. Цяпер яго дырэктарам з’яўляецца Вадзім Іпатаў. «Ён будзе выконваць гэтыя абавязкі і ў наступным скліканні Цэнтральнай камісіі», – растлумачыла Лідзія Ярмошына.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *