Быць краязнаўчаму музею!

Нумары

image_pdfimage_print

З даўняга часу Стаўбцоўшчына славіцца маляўнічымі краявідамі, аб якіх так улюбёна пісаў народны паэт Беларусі, наш зямляк Якуб Колас. Наднямонне вядома не толькі як калыска вялікага песняра, але і як радзіма «рыцара рэвалюцыі» Ф. Э. Дзяржынскага.

Стаўбцоўскі раён геаграфічна размешчаны на перасячэнні важнейшых аўтамабільных і чыгуначных шляхоў з краін Заходняй Еўропы ў Расію і іншыя краіны СНД. На Стаўбцоўшчыне маюцца цікавыя гістарычныя і культурныя аб’екты, шмат унікальных мясцін з цудоўнай прыродай. Гэта найпрыгажэйшы куточак роднай Беларусі, а гісторыя нашага рэгіёна багатая, слаўная, своеасаблівая. Гэта пацвердзіла і навукова-практычная канферэнцыя «Стаўбцоўшчына – гісторыка-культурная спадчына наднёманскага рэгіёна». Арганізатарамі яе выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і раённы выканаўчы камітэт. На канферэнцыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім выказала прапанову стварыць аргкамітэт для заснавання краязнаўчага музея ў Стоўбцах.

І вось на мінулым тыдні адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне па стварэнні краязнаўчага музея. У склад арганізацыйнага камітэта ўвайшлі: Анісім А. М. – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; Шэсцель С. Я. – намеснік старшыні райвыканкама; Суднік А. В. – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Жыбуль С. А. – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Шавель Я. І. – настаўнік гісторыі Горкаўскай СШ; Бандаровіч Ф. Ф. – намеснік рэдактара рэдакцыі газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы»; Міхно М. В. – настаўнік гісторыі Залужскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа; Назаранка Л. С. – настаўнік мастацтва гімназіі № 1 г. Стоўбцы.

Рэкамендавана ўсім школам раёна перагледзець свае архівы школьных музеяў і дапамагчы экспанатамі, матэрыяламі для стварэння раённага краязнаўчага музея. Першапачаткова будуць стварацца тэматычныя экспазіцыі, якія будуць выстаўляцца ў РЦК, гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Складаным сёння застаецца і пытанне аб памяшканні для краязнаўчага музея. Зараз аргкамітэт будзе працаваць над канцэпцыяй далейшай работы па стварэнні раённага краязнаўчага музея ў г. Стоўбцы. Ужо ёсць канкрэтныя задумкі, якія рэальна можна здзейсніць.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны, госці! Калі ў вас ёсць якіясьці задумкі, планы, экспанаты, матэрыялы, пажаданні і вы не абыякавыя да лёсу Стаўбцоўшчыны, са сваімі прапановамі па стварэнні краязнаўчага музея ў г. Стоўбцы можаце тэлефанаваць па нумары 7-74-06 у аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Мы павінны ведаць і берагчы сваю гісторыю, бо нездарма народная мудрасць гаворыць: «Не ведаючы мінулага не пабудуеш будучыні».

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *