Падняць ролю працоўных калектываў

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

На пасяджэнні прэзідыума савета раённага аб’яднання прафсаюзаў было вынесена на разгляд пытанне аб ролі працоўных калектываў па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях».

На пасяджэнне савета была запрошана вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гамза. Яна акрэсліла важныя моманты, з якімі сутыкаецца служба аховы дзяцінства ў пытаннях сацыяльнай абароны сем’яў і непаўналетніх дзяцей.

Гэтая работа ў нашым раёне ажыццяўляецца ў цесным міжведамасным узаемадзеянні. Апошнім часам, як адзначыла прамоўца, узнікаюць сур’ёзныя праблемы з сем’ямі, якія прыбываюць на тэрыторыю нашага раёна з іншых рэгіёнаў. Праблема пачынаецца з таго, што своечасова не звернута ўвага на важныя моманты афармлення на працу такіх прыезджых, закрываюцца вочы на тое, што ў сям’і ёсць непаўналетнія дзеці. Праблемы потым ускладняюцца настолькі, што вырашаць іх даводзіцца службе аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Кіраўнікі прадпрыемстваў, гаспадарак бяруць на работу прыезджых, выдзяляючы ім непрыдатныя для пражывання непаўналетніх дзяцей дамы і кватэры. У выніку адпаведным органам даводзіцца прызнаваць, што непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Стала звычайнай практыкай перамяшчэнне абавязаных асоб з адной гаспадаркі ў іншую ў межах нашага раёна. Як правіла, многім такім сем’ям самастойна не справіцца з праблемамі, якія ўзніклі ў іх жыцці. Таму Алена Гамза прывяла тыя станоўчыя прыклады ў працоўных калектывах, дзе сумеснымі намаганнямі ўдаецца вытрымліваць патрабаванні Дэкрэта № 18. Адзначана, што на належным узроўні наладжана такая работа з сем’ямі ў ААТ»Рочавічы» (дырэктар Дзмітрый Вашкевіч). Аказана дапамога ў рамонце дамоў дзвюм сем’ям, устаноўлены пажарны апавяшчальнік у доме яшчэ ў адной сям’і. ААТ «Каганец» (дырэктар Пётр Малахаў) сумесна з участковым інспектарам Паўлам Карніцкім правялі работу па аказанні дапамогі ў праходжанні лячэння ад алкагольнай залежнасці. У цэнтральнай раённай бальніцы (галоўны ўрач Святлана Глебка) наладжана работа па рэсацыялізацыі абавязаных асоб. Дзве работніцы медыцынскай установы ў мінулым годзе адноўлены ў бацькоўскіх правах у адносінах да траіх непаўналетніх дзяцей. Па садзейнічанні ў аднаўленні ў бацькоўскіх правах са станоўчага боку адзначаны Заямнаўскі сельвыканкам (старшыня Уладзімір Гарохавік).

Алена Гамза звярнула ўвагу на такія моманты. Працоўныя калектывы не павінны абмяжоўвацца ад сваіх працаўнікоў, у якіх узнікла цяжкае становішча, не пакідаць іх сам-насам з праблемамі, неабходна дапамагчы ўстаць тым, хто ўпаў. Гэтая ўвага можа быць праяўлена ў тым, каб прааналізаваць, чаму працаўнік дапускае прагулы, не пакідаць без увагі супрацьпраўныя яго дзеянні. Не спяшацца звольніць з працы працаўнікоў, у сем’ях якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, а дапамагчы ім своечасова прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, паглядзець, у якіх санітарных умовах жыве сям’я ў службовым жыллі, аказаць дапамогу ў прывядзенні кватэры ці дома ў больш-менш прыдатны стан для таго, каб дзеці мелі добрыя ўмовы для навучання і пражывання. І гэтая пазіцыя будзе ва ўнісон з дзяржаўным кірункам, калі сям’я прызнаецца важнейшым сацыяльным інстытутам і ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, на саццыяльна-палітычнае, культурнае і эканамічнае жыццё беларускага грамадства.

Прафсаюзны актыў раёна, уключыўшы ў парадак дня пасяджэння прэзідыума гэтыя важныя пытанні, арыентуе і прафсаюзныя камітэты не выпускаць з поля зроку такія важныя аспекты, як увага да кожнага працаўніка, своечасовая падтрымка ў цяжкія моманты жыцця, садзейнічанне ў абароне правоў дзяцей.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *