Павялічыліся надоі, палепшылася і якасць малака

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Жывёлаводы малочнага цэха ААТ «Дзераўное» працуюць сёлета з прыбаўкай. З пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана звыш 3800 кілаграмаў малака. Работнікі фермаў прыкладаюць намаганні, каб да канца года надаіць на 350 тон малака больш, чым летась. І дырэктар таварыства ўпэўнены, што запланаванае жывёлаводам удасца выканаць. Юрый Тарасевіч заняў пасаду дырэктара ў красавіку. Малады кіраўнік стараецца, прыкладае намаганні, каб таварыства заняло дастойнае месца сярод гаспадарарак раёна.

7-1-12-30e

 – Грошы штодзень можна мець менавіта ад продажу малака, – гаворыць Юрый Мікалаевіч, – таму, як толькі ўзначаліў гаспадарку, асаблівую ўвагу ўдзяліў жывёлагадоўчай галіне. Не скажу, што людзі несумленна адносіліся да сваіх абавязкаў, проста патрэбна было ўмацоўваць дысцыпліну. Зараз справы ладзяцца. Павялічылася не толькі колькасць прадукцыі, а і намнога лепшай стала якасць, бо выконваецца тэхналогія. Раней практычна ўсё малако, што пастаўлялі перапрацоўшчыкам, залічвалася першым гатункам, у выніку чаго кожны месяц мы страчвалі да 50 тысяч рублёў, за якія можна было б купіць 50 тон дызпаліва. Цяпер сітуацыя змянілася – адгружаем малако гатункам «экстра» і вышэйшым. Папоўнілася каса гаспадаркі. Больш упэўнена сябе адчуваем і без праблем купляем запчасткі, спецадзенне, выкарыстоўваем грошы і на іншыя неадкладныя мэты.

Сярод вытворчых падраздзяленняў у лідарах калектыў МТФ «Ніўнае-Цэнтр». Стараннасцю вылучаецца аператар машыннага даення Алена Босая, якая наблізілася да пяцітысячнага рубяжу. Высокія паказчыкі ў Тамары Скурат, Жанны Высоцкай і Ірыны Рудовіч. Добрасумленна працуюць Ганна Мішук, Таццяна Сарокіна, Наталля Лапкоўская і Алена Пячурка.

Мясны цэх таварыства працуе пакуль што з мінусам, але робяцца канкрэтныя захады для таго, каб паправіць справы і ў вытворчасці ялавічыны. Жывёла зараз атрымлівае паўнацэнныя рацыёны, а значыць, павялічваюцца і сярэднясутачныя прывагі. Неблагія вынікі маюць жывёлаводы Таццяна Чарнец, Галіна Недзень і Сцяпан Скурат.

Паспяховасць работы ў жывёлагадоўлі напрамую залежыць ад працы работнікаў раслінаводчай галіны. Назапасяць працаўнікі палёў дастатковую колькасць кармоў – атрымаюць адпаведную і аддачу. Корманарыхтоўшчыкі стараліся, і плён іх працы відавочны. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 21,05 цэнтнера кармавых адзінак.

– Урадзіла кукуруза, сіласу заклалі ў траншэі ў два разы больш леташняга, аднак недастаткова нарыхтавана сенажу, – працягвае размову дырэктар. – Менавіта таму сёлета перазалужылі звыш ста гектараў кармавых угоддзяў на Хмелішчы. Пасеялі 177 гектараў люцэрны. Прыдатных для вырошчвання гэтай культуры зямель у нас пакуль што нямнога, таму пашыраем плошчы пад канюшынай. Згодна з праведзенымі аналізамі і сянаж, і сілас закладзены якасны.

На нарыхтоўцы кармоў парупіліся механізатары Аляксандр Зубчонак, Артур Валадзько, Дзмітрый Панасюк, Станіслаў Пячурка, Дзмітрый Дзям’янка, вадзіцелі Іосіф Полацкі і Казімір Шумчык. Дапамагалі на адвозцы зялёнай масы работнікі аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі», аўтапарка № 17 і ДБТ № 7.

Праблем ў кіраўніцтва гаспадаркі застаецца яшчэ нямала. Не хапае кадраў. У жывёлагадоўлі запатрабаваны спецыялісты – тэхнікі-асемянатары і ветэрынарныя ўрачы.

– Аднак з-за адсутнасці жылля мы не маем магчымасці ўкамплектаваць штат, – тлумачыць Юрый Мікалаевіч, – хоць у аграгарадку і развітая інфраструктура. Людзі хочуць жыць у дамах з выгодамі. Ёсць свабодныя памяшканні, дзе можна зрабіць рамонт, але дзеля гэтага патрэбны грошы. Вяскоўцы паступова выкупляюць жыллё. Сродкі ад гэтага будзем накіроўваць на рэканструкцыю. Спадзяёмся, што ўсё ў нас атрымаецца.

На здымку: аператар машыннага даення Алена Босая і тэхнік-асемянатар Раіса Талэйка.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *