Навіны сельскай гаспадаркі

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

8-1-12-30r

Ірына Крывашэй працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Шахноўшчына» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Сёлета ў яе самы высокі паказчык па надоях малака ад каровы па ферме. Па папярэдніх падліках, Ірына Мікалаеўна перасягне сямітысячны рубеж пры валавым надоі звыш 290 тон. Дабівацца такога выніку жанчыне дапамагае выключная працавітасць. Звыклая да работы вясковая жанчына з разуменнем ставіцца да патрабаванняў брыгадзіра фермы. Абавязкі свае яна выконвае сумленна, прытрымліваецца тэхналогіі даення.

Практычна ўся працоўная біяграфія Ірыны Мікалаеўны звязана з жывёлагадоўчай галіной. Быў кароткі перыяд, калі яна пераходзіла на іншую работу, але зноў вярталася. Не знаходзілася лепшай, ды і душа, пэўна, не ляжала. Хоць праца даяркі і цяжкая. Ды і не кожны зможа прывыкнуць да ўстаноўленага распарадку дня. Трэба рана ўстаць, ды яшчэ не спазніцца на транспарт, які дастаўляе жывёлаводаў на ферму, бо жыве Ірына Мікалаеўна ў Любкаўшчыне. Рабочы час ненарміраваны, з вячэрняй дойкі позна вяртаецца дадому. Варта тут згадаць, што Ірына Крывашэй шматдзетная маці – нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. Чацвёра ўжо дарослыя, трое маюць свае сем’і. Самая малодшая дачка вучыцца ў дзявятым класе.

 

ЛІДЗІРУЮЦЬ РЫНКЕВІЧ І ГАПТАР

У жывёлаводаў раёна застаўся ўсяго адзін месяц да завяршэння чарговага сельскагаспадарчага года, але ўжо сёння можна з упэўненасцю сказаць, што па надоях малака ад каровы першая прыступка застанецца за добрасумленнымі работнікамі фермаў ТАА «СЖК «Налібакі», якія працуюць з высокай прыбаўкай. Дасягнуты паказчык дазволіў працаўнікам стаць пераможцамі абласнога спаборніцтва. І ў індывідуальным спаборніцтве лідзіруюць аператары машыннага даення гэтага таварыства Святлана Рынкевіч і Алена Гаптар, якія адзіныя ў раёне ўжо перасягнулі васьмітысячны надой. Жанчыны маюць практычна аднолькавы паказчык – іх раздзяляюць літаральна тры дзясяткі літраў – і абедзве маюць шанц пакарыць сёлета дзевяцітысячны рубеж.

 

У ПЯЦЁРЦЫ ЛЕПШЫХ

На базе філіяла «Нясвіжскае племпрадпрыемства» РУСП «Мінская племстанцыя» прайшоў абласны конкурс тэхнікаў-асемянатараў Мінскай вобласці. Наш раён прадстаўляла пераможца раённага конкурсу тэхнік-асемянатар ААТ «Каганец» Аксана Мельнікава. У такім мерапрыемстве малады спецыяліст прымала ўдзел упершыню. І, зразумела, вельмі хвалявалася. У пачатку спаборніцтваў Аксана Віктараўна займала трэцюю прыступку, але невялікая недакладнасць у адказе на адно з пытанняў білета не дазволіла ёй увайсці ў тройку прызёраў. Як адзначыла дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык, Аксане крышку не хапіла вопыту і смеласці. І, тым не менш, Мельнікава выступіла дастойна, і заняла пятае месца сярод 22 удзельнікаў. Выйграла конкурс тэхнік-асемянатар з Мінскага раёна, якая атрымала галоўны прыз – скутар, а прызёры – тэлевізары. Усім астатнім удзельнікам былі ўручаны каштоўныя падарункі – мікрахвалевыя печы.

 

АДНОВЯЦЬ МІНІ-ЗАВОД

Камбікармы з’яўляюцца самымі затратнымі ў структуры рацыёну жывёлы. Мала таго, што каштуюць яны нятанна, на сельгаспрадпрыемства кладуцца яшчэ і транспартныя расходы па перавозцы збожжа і гатовага прадукту. А значыць, павялічваецца і сабекошт малака і мяса. Каб знізіць затраты, многія сельгаспрадпрыемствы выкарыстоўваюць для прыгатавання камбікармоў уласныя міні-заводы. Пайсці па такім шляху вырашыла і кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі», а іменна: адрамантаваць абсталяванне на складзе ў Залужжы.

– Мы пакуль што рыхтуем на міні-заводзе кармасумесі для кармлення бычкоў, а пасля таго як адновім абсталяванне, будзем вырабляць камбікармы і для дойнага статка, – расказвае дырэктар таварыства Уладзімір Жукаў. – Закупім дзеля гэтага неабходныя бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі. Мяркуем запусціць камбікормавы завод у пачатку студзеня. Для навацельных кароў камбікармы па-ранейшаму будзем купляць.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *