Наша здароўе

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

9-1-12-30a

ЯК ПЕРАКАНАЦЬ НЕ КУРЫЦЬ

У перыяд з 14 па 17 лістапада ў нашым раёне прайшла інфармацыйна-адукацыйная антытунёвая акцыя, у ходзе якой былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы – лекцыі па пытаннях прафілактыкі тытунекурэння, кансультаванне па ўказаных пытаннях, дні адкрытай інфармацыі, сустрэчы ў школах, спартыўныя мерапрыемствы, круглыя сталы. Гэтая рэспубліканская акцыя была прыўрочана да Сусветнага дня некурэння, які штогод па ініцыятыве Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам праводзіцца ў трэці чацвер лістапада.

Усе мерапрыемствы мелі мэтай павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва ў адносінах да пагубных вынікаў уздзеяння тытунёвага дыму для здароўя тых, хто курыць, і тых, хто падвяргаецца ўздзеянню тытунёвага дыму, фарміравання ў грамадстве падтрымкі мер, накіраваных на барацьбу з ужываннем тытуню.

Валеалагічныя службы раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і цэнтральнай раённай бальніцы сталі арганізатарамі круглага стала з удзелам медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў сферы адукацыі, свяшчэннаслужыцеляў.

Удзельнікі круглага стала выказалі свой погляд на пытанне: якімі сродкамі данесці да маладога пакалення, што курыць – шкодна? Як дастукацца да іх, каб дапамагчы ім не ўступіць у гэтую залежнасць?

Валеолаг цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская прывяла вынікі апытання школьнікаў. На пытанне, чаму яны кураць, быў адказ: з-за цікаўнасці, для самасцвярджэння, па прыкладзе тых, хто для іх з’яўляецца аўтарытэтам. На яе думку, патрэбна змяніць тактыку, не акцэнтаваць увагу на курэнні, так як забаронны плод заўсёды прыцягальны, а наадварот – пазіцыянаваць прыклады здаровага ладу жыцця. Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаТаццяна Грамыка ва ўнісон сказанаму прапанавала больш увагі звяртаць на прыцягненне вучняў да карысных мерапрыемстваў, наведвання імі спартыўных секцый, фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Урач-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Пярхальская адзначыла, што патрэбна шукаць новыя формы работы з моладдзю, а не дзейнічаць па старых схемах, накшталт акцыі – мяняем цыгарэту на цукерку. Яшчэ яна звярнула ўвагу на такі важны момант: у кінематографе станоўчыя героі фільмаў, асабліва калі гэта хірургі, стрэс здымаюць цыгарэтай, і гэта падносіцца як станоўчы момант. Прамоўца лічыць, што курэнне не трэба пазіцыянаваць. Ірына Міхайлаўна прывяла заканадаўчыя акты нашай краіны, якія рэгулююць вытворчасць, абарот і ўжыванне тытунёвых сыравіны і вырабаў у Беларусі. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 28 прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за парушэнне правілаў грамадскага парадку, звязаных з тытунекурэннем у выглядзе накладання штрафаў. Удзельнікі круглага стала былі адзінадушныя, што патрэбна прыцягваць да адказнасці тых, хто курыць у неўстаноўленых месцах, а не закрываць на гэта вочы.

Па пытанні адказнасці бацькоў за сваіх дзяцей, кантролю за іх паводзінамі, правядзеннем імі свайго часу ксёндз Адам заўважыў, што цяпер усё мяняецца. І часам бацькі не паспяваюць за сваімі дзецьмі. Дарослыя радуюцца, што сын ці дачка не на вуліцы, дзе цяжка ажыццявіць за імі нагляд, што сядзяць дома, перад маніторам. Аднак такое правядзенне часу таксама можа быць вельмі шкодным, калі не кантраляваць, на якія сайты дзіця заходзіць, якое кола яго інтарэсаў.

Айцец Георгій Кур’ян заўважыў, што чалавека нельга пазбаўляць свабоды выбару, аднак задача ў тым, каб падштурхнуць яго да дабра.

Усе разважанні, заўвагі з прывядзеннем прыкладаў з жыцця, з практыкі работы, якія былі агучаны ў гутарцы за круглым сталом, насілі нераўнадушны характар. Чалавек становіцца ворагам сабе, аказаўшыся ў палоне згубных звычак і жарсцяў: тытунь з’яўляецца фактарам рызыкі больш чым 25-ці хвароб, у ліку іх анкалагічныя. Многія людзі могуць засведчыць: калі іх роднаму чалавеку быў пастаўлены дыягназ «рак лёгкага», ён адмовіўся ад цыгарэты ў гэты ж дзень, на што не мог і не хацеў знайсці ўнутраных сіл да гэтага.

Некаторыя маладыя людзі лічаць цыгарэту прыкметай даросласці і мужнасці. Наадварот, неабходна ўкласці ў іх свядомасць, што мужнасць патрэбна для таго, каб не пачаць курыць, калі іншыя кураць, калі гэта лічыцца модай і прыкметай сучаснага разняволенага чалавека. І калі з-за збегу абставін курэнне ўжо ўвайшло ў звычку, то таксама патрэбна мужнасць мабілізаваць усю сілу волі, каб пазбавіцца ад яе. На круглым стале было адзначана, што ў сучасны момант у арсенале медыкаў ёсць нямала сродкаў дапамагчы чалавеку справіцца з гэтай залежнасцю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ЗБЕРАЖЫ СВАЁ ЗАЎТРА

У нашым раёне прайшла міжведамасная акцыя «Зберажы сваё заўтра». Арганізатарамі яе выступілі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная раённая бальніца, аддзел адукацыі, спорту і турызму і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы камітэт БРСМ, раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа, РАУС, аддзел па надзвычайных сітуацыях, КУП «Мінаблкінавідэапракат».

Раздадзены інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы, аформлены стэнды і куткі здароўя, выставы, прайшлі кіналекторыі, тэматычныя і спартыўныя мерапрыемствы. А таксама круглыя сталы на базе аддзела адукацыі, спорту і турызму і ў раённай бібліятэцы.

Ва ўстановах адукацыі быў арганізаваны раённы конкурс малюнкаў і плакатаў пад дэвізам «Моладзь – за здаровую будучыню». Праведзена анкетаванне сярод старшакласнікаў. Прыняць удзел у інтэрнэт-апытанні на тэму «Як вы адносіцеся да курэння ў прысутнасці дзяцей?» было прапанавана ў сацыяльных сетках («Аднакласнікі», «УКантакце).

 У фізкультурна-аздараўленчым комплексе адбыўся турнір па баскетболе паміж камандамі старшакласнікаў СШ № 3 і супрацоўнікаў РАУС. Удзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі і салодкімі прызамі – тортамі.

Інфармацыя аб правядзеннпі антытытунёвай кампаніі была даведзена да ідэалагічнага актыву раёна. З намеснікамі дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце на базе Засульскай СШ праведзены семінар.

Напрыканцы акцыі ў Навасвержанскай сярэдняй школе быў арганізаваны Дзень прафілактыкі негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. Спецыялістамі Стаўбцоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра праведзены групавыя заняткі з элементамі трэнінгу «Я ўмею быць шчаслівым». Інтэрактыўныя заняткі «Разам – за бяспеку» падрыхтавала інспектар РАНС. Перад вучнямі выступіў настаяцель прыхода Святога Казіміра ў г. Стоўбцы ксёндз Адам. Заняткі «Зрабі правільны выбар» і адкрыты дыялог «Пакаленне, якое не курыць» прайшлі з удзелам валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Акцэнт быў зроблены не толькі на шкодзе курэння, але і на прафілактыцы ўжывання спайсаў. Начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС праведзены гутаркі з падлеткамі па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі. Вучнямі школы падрыхтавана выстава ўласных работ па прафілактыцы курэння.

Фінансавую падтрымку правядзення раённай акцыі аказала раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа і арганізатары акцыі.

Спадзяёмся, што праведзеная акцыя паўплывала на станоўчую дынаміку ў змяненні ўзроўню ведаў аб фактарах, якія садзейнічаюць развіццю захворванняў, звязаных з курэннем.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

ВАЖНЫ КРОК – ІНФАРМАВАНАСЦЬ

У гэтыя дні ўсе мерапрыемствы накіраваны на прафілактыку ВІЧ-інфекцыі. У Рэспубліцы Беларусь паказчык захваральнасці за 10 месяцаў бягучага года склаў 20,8 на 100 тысяч насельніцтва, ёсць рост у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Асноўны шлях заражэння – палавы. У эпідэмічны працэс найбольш уцягваюцца мужчыны. Часцей ВІЧ рэгіструецца сярод асоб старэй за 40 гадоў.

На 1 лістапада ў Мінскай вобласці зарэгістравана 3177 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у Стаўбцоўскім раёне – 38.

Пры раннім выяўленні ВІЧ-інфекцыі і своечасовым лячэнні працягласць жыцця інфіцыраванага чаалвека не адрозніваецца ад сярэднестатыстычнай у нашай краіне. Прайсці тэсціраванне на ВІЧ-інфекцыю, у тым ліку ананімнае, можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі.

Асаблівая ўвага надаецца прафілактыцы перадачы інфекцыі ад маці дзіцяці. Усе цяжарныя жанчыны праходзяць абавязковае тэсціраванне на ВІЧ. У выпадку выяўлення інфекцыі ёй назначаецца бясплатны курс антырэтравіруснай тэрапіі. Усім пацыентам з ВІЧ па паказаннях бясплатна выдзяляюцца лекавыя сродкі для лячэння.

Веды аб ВІЧ – першы крок на шляху да спынення распаўсюджвання вірусу. З асветніцкай мэтай праводзяцца лекцыі, гутаркі, арганізуюцца выстаўкі, круглыя сталы, семінары, конкурсы. Асветніцкая работа праводзіцца ў працоўных калектывах. У рамках Сусветнага для барацьбы са СНІД будзе праведзена інфармацыйна-асветніцкая акцыя з удзелам моладзі, якая вучыцца і працуе. На цэнтральных вуліцах будуць раздавацца інфармацыйныя матэрыялы прахожым. Дні інфармавання пройдуць на прадпрыемствах і ў арганізацыях.

Мерапрыемствы дазволяць яшчэ раз звярнуць увагу на сур’ёзнасць гэтай праблемы, данесці інфармацыю па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі да насельніцтва, матываваць да бяспечных і адказных паводзін і захавання здароўя.

 

АБ МЕНІНГАКОКАВАЙ ІНФЕКЦЫІ

З пачатку года на тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістраваны чатыры выпадкі менінгакокавай інфекцыі – у Дзяржынскім, Мінскім, Нясвіжскім раёнах. У тым ліку адзін выпадак – з лятальным канцом. Перахварэлі трое дзяцей і адзін дарослы.

Захваральнасць на менінгакокавую інфекцыю рэгіструецца на працягу ўсяго года, аднак часцей – з надыходам халадоў. Так як пачатковыя клінічныя праяўленні грыпу, вострых інфекцый верхніх дыхальных шляхоў і менінгакокавай інфекцыі падобныя, то ў перыяд пад’ёму захаваральнасці апошнюю нярэдка прымаюць як звычайную прастуду. Крыніцай інфекцыі можа быць хворы чалавек. Найбольшую эпідэмічную небяспеку ўяўляюць носьбіты менінгакока, паколькі, застаючыся практычна здаровымі, яны выдзяляюць узбуджальнікаў інфекцыі ў навакольнае асяроддзе, ствараючы ім умовы для далейшага распаўсюджвання. Ад чалавека да чалавека менінгакок перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры кашлі, размове, чханні.

Успрымальнасць да менінгакокавай інфекцыі ўсеагульная, аднак часцей хварэюць дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Адрозніваюць дзве клінічныя формы захваральнасці: лакалізаваную (запаленне слізістай абалонкі носа і глоткі) і генералізаваную, калі ўзбуджальнік трапляе ў кроў. Найбольшую небяспеку па цяжкасці цячэння ўяўляе другая форма. Яна працякае вельмі цяжка з павышэннем тэмпературы да 41 градуса, з моцнымі галаўнымі болямі, болямі ў мышцах і суставах. Аднак самы характэрны сімптом – гэта з’яўленне высыпкі ў месцах дробнага кровазліцця. Гэтая форма можа працякаць маланканосна з інфекцыйна-таксічным шокам і смяротным зыходам. Таму пры з’яўленні першых сімптомаў неабходна неадкладна выклікаць хуткую дапамогу і даставіць хворага ў бальніцу.

Звяртаючы ўвагу на меры прафілактыкі, рэкамендуем вылечваць хранічныя захорванні насаглоткі. Бацькам патрэбна памятаць, што ў выпадку прастудных захворванняў неабходна карыстацца марлевымі павязкамі. З дзіцем патрэбна больш гуляць на свежым паветры, пазбягаць паездак у грамадскім траспарце і доўгі час знаходзіцца ў памяшканнях з вялікай колькасцю людзей. Паколькі ўзбуджальнік няўстойлівы ў знешнім асяроддзі, актуальнымі з’яўляюцца праветрыванне памяшкання, вільготная ўборка. Ахоўныя сілы павышае загартоўванне арганізма.

На жаль, многія бацькі не ў поўнай меры ўсведамляюць небяспеку захворвання і, здараецца, адмаўляюцца ад кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. Улічваючы раптоўны пачатак і цяжкасць захворвання на менінгакокавую інфекцыю, неабходна пры першых прыкметах звярнуцца да ўрача. Ад гэтага будзе залежаць дабратворны зыход захворвання.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *