«Чысты» чацвер – не для ўсіх

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

10-1-12-30t

На Стаўбцоўшчыне ў кожны другі і чацвёры чацвер месяца, згодна з распараджэннем райвыканкама, аб’яўлена ўборка і навядзенне парадку на замацаваных вуліцах, тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый і прылеглых да іх тэрыторыях. 24 лістапада акурат і значыўся для ўсіх «чыстым» чацвяргом. Як найлепш спрыяла яму і сёлетняе надвор’е перадзім’я – сухое, без марозу і снегу, з поўнасцю апалым з дрэў лісцем. Ва ўсіх адносінах самы добры момант, каб да прыходу сапраўднай зімы зрабіць усё, што не паспявалі ці адкладвалі на пазнейшы час.

Вынікі маніторынгу, праведзенага санітарнай службай раёна сумесна з рэдакцыяй газеты, прапануем у гэтым матэрыяле.

Ужо першае знаёмства з санітарным станам цэнтральных стаўбцоўскіх вуліц красамоўна гаварыла аб тым, што далёка не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі выканалі распараджэнне райвыканкама. На жаль, тых, хто выйшаў у «чысты» чацвер для навядзення парадку на замацаваных вуліцах, можна літаральна пералічыць па пальцах.

Сярод іх – лясгас, мясакансервавы камбінат, ДБТ № 7, аўтапарк № 17. На момант аб’езду іх работнікі займаліся ўборкай пяску ўздоўж бардзюраў у раёне чыгуначнага пераезда, на вуліцах Багінскага і 17 Верасня, Гагарына і Задвор’енскай. З некаторымі мы пазнаёміліся бліжэй. З раніцы дарожнікі ДБТ № 7 Дзяніс Казлоўскі, Людміла Мілова і Дзмітрый Высоцкі за рулём трактара завіхаліся на вуліцы Гагарына, слесары аўтапарка Вячаслаў Віленчыц і Леанід Хлябовіч – на вуліцы Задвор’енскай (на ўчастку ад вуліцы Якуба Коласа да моста). «Будзем працаваць, пакуль не прыбяром пясок з абодвух бакоў вуліцы», – былі аднадушнымі нашы суразмоўцы.

Пасля абеду выйшлі папрацаваць з граблямі і работнікі бухгалтэрыі Стаўбцоўскай ПМК. Дружна шчыравалі на прылеглай тэрыторыі. Побач, на замацаванай за ПМК вуліцы Ленінскай, таксама ёсць што прыбіраць – шмат пяску. Падобна на тое, што раней па вуліцы прайшла тэхніка камунальнікаў са шчоткай, але тое-сёе засталося і для ручной уборкі. Варта сказаць, што запясочана была ўся вуліца Ленінская. Выдзяляліся толькі прыпынкі грамадскага транспарту, пра стан якіх традыцыйна клапоцяцца работнікі аб’яднання камунальных службаў.

– Іншым разам некаторыя прадпрыемствы выходзяць на ачыстку замацаваных за імі вуліц горада не ў «чысты» чацвер, а, з улікам вытворчай спецыфікі, у іншы дзень тыдня, – гаворыць урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык. – Галоўнае – каб назіраліся вынікі ўборкі.

Аднак убачыць гэтыя вынікі аказалася справай не з лёгкіх. Бадай, адзіны падобны прыклад – вуліца Першамайская, дзе працавалі камунальнікі некалькі дзён таму. Большасць жа стаўбцоўскіх вуліц апошнім часам не бачыла мяцёлкі і іншых сезонных інструментаў. Гэта вуліцы Каперніка, Танкістаў, Камуністычная, М. Горкага, Свярдлова, Цэнтральная, Казлова, Сацыялістычная і іншыя. Такая ж сітуацыя характэрна і для плошчы Леніна. Здаецца, імідж плошчы ўсё больш набывае рысаў сучаснасці – мадэрнізаваны будынак былога ўнівермага «Маладзёжны», побач з ім з’явілася аўтастаянка і абазначаныя пешаходныя зоны, цяпер вядзецца абнаўленне фасада раённай бібліятэкі, – таму і на пытанне ўборкі трэба звяртаць увагу.

Калектыў аўтастанцыі, да прыкладу, сваю тэрыторыю акуратна прыбраў, а насупраць, праз дарогу, – не, хоць замацаванай за аўтастанцыяй лічыцца ўся прывакзальная плошча. Псуе выгляд плошчы і адзінае непрыбранае прыватнае домаўладанне № 80: яго гаспадары не падгрэблі лісце каля сваёй агароджы, ды і саму агароджу не знайшлі магчымасці падрамантаваць. На вуліцы Магістральнай (яна ж з’яўляецца ў межах горада і часткай рэспубліканскай аўтадарогі) нагнана ветрам да бардзюраў апалага лісця, ім засмечаны і так званыя «астраўкі бяспекі». У парку «Дружба народаў» на момант рэйду быў суцэльны дыван з апалага лісця. Гэтымі днямі лісце пачалі вывозіць.

Нельга не сказаць чарговы раз і пра культуру жыхароў Стоўбцаў. Прыпыначныя пункты ў нас, як правіла, добраўпарадкаваны і аздоблены ўсім неабходным – павільёнам, лавачкай, сметніцай, аднак на адным з іх, па вуліцы Сацыялістычнай, смецце «не данеслі» да сметніцы, нехта накідаў шалупіння ад семак акурат там, дзе сядзеў…

На здымках: Змяняецца імідж раённай бібліятэкі і плошчы Леніна; «Чысты» чацвер у работнікаў Стаўбцоўскай ПМК; На вуліцы Гагарына працуюць дарожнікі ДБТ № 7; Аўтастаянка на плошчы Леніна; Парк «Дружба народаў» на момант рэйду; Праявы «культуры» стаўбчан; Псуе выгляд прывакзальнай плошчы непарадак ля дома № 80; Не падмецена вуліца Магістральная.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАДТРЫМАННЕ ПАРАДКУ – КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ

У Год культуры варта яшчэ раз нагадаць, што навядзенне парадку – не разавая акцыя, а штодзённая сістэматычная работа. Падтрыманне ў належным санітарным стане тэрыторый, вуліц і асобных падворкаў мае як санітарна-эпідэміялагічнае, так і вялікае культурнае значэнне. Работа гэтая з’яўляецца абавязкам кожнай арганізацыі і кожнага жыхара раёна. Пра парадак нельга забываць нават тады, калі зямлю пакрые снегам.

Паважаныя жыхары Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў! Зрабіце правілам – на вуліцы каля свайго дома, плоту прыбіраць па меры неабходнасці смецце, змятаць з тратуара пясок або снег (у залежнасці ад пагодных умоў), не чакаючы, калі гэта выканаюць за вас камунальнікі ці нехта яшчэ. Будзе чыстым і камфортным наш агульны дом – будзем і мы людзьмі годнымі і багатымі!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *