БЯСПЕКА ДЗІЦЯЦІ Ў АЎТАМАБІЛІ – НА 100%
Як паведамілі ў ДАІ Стаўбцоўскага РАУС, за дзевяць месяцаў 2016 года на дарогах рэспублікі ў 296 дарожна-транспартных здарэннях загінулі 14 дзяцей, 296 атрымалі траўмы. 116 непаўналетніх сталі ўдзельнікамі ДТЗ у якасці пасажыраў. У палове ад агульнай колькасці выпадкаў дзяцей перавозілі без засцерагальных прыстасаванняў. Указ аб іх абавязковай наяўнасці ўступіў у сілу ў студзені мінулага года. Згодна з ім перавозка дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў павінна ажыццяўляцца ва ўтрымлівальных прыстасаваннях, адпаведна вазе і росту, з пяці да дванаццаці гадоў яны могуць быць заменены на бустары, спецыяльныя падушкі для сядзення, якія дазваляюць надзейна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі.
Рамяні бяспекі, як і падушкі бяспекі, сканструяваны з улікам фізіялогіі дарослага чалавека, а дзіцячае аўтакрэсла – самы бяспечны спосаб перавозкі дзіцяці. З дапамогай аўтакрэсла захаванне жыцця і здароўя пры аварыі складае 54 працэнты, калі дзіцяці больш за тры гады, і каля 71 працэнта – для маленькіх і нованароджаных. Такія крэслы патрэбна правільна прышпільваць, замацоўваць.
З 17 па 27 лістапада па ўсёй краіне праходзіла акцыя «Бяспека дзіцяці ў машыне на 100%». За невыкарыстанне дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў прадугледжаны штраф у памеры да чатырох базавых велічынь, а за паўторнае парушэнне на працягу года – ад дзвюх да васьмі базавых велічынь.
Кожны вадзіцель асабіста нясе адказнасць за бяспеку і здароўе дзіцяці-пасажыра. Не трэба эканоміць на пакупцы спецыяльнага дзіцячага аўтакрэсла, якое дазволіць звесці рызыку і небяспеку да мінімуму.
Супрацоўнікі ДАІ праводзяць кантроль за выкарыстаннем вадзіцелем і пасажырамі транспартных сродкаў рамянёў бяспекі, дзіцячых утрымлівальных прыстасаванняў пры перавозцы непаўналетніх пасажыраў. Парушальнікі будуць прыцягвацца да адказнасці. Беражыце сябе і сваіх дзяцей.
Н. ЛЕАНІДАВА
ПАРАДЫ АД ЭКСПЕРТА
– Абавязкова неабходна ўлічваць рост i вагу дзіцяці. Kaлi крэсла малое ці ж, наадварот, бустар выкарыстоўваецца не па ўзросце рана, пры аварыі гэта можа прынесці больш шкоды, чым карысці.
– Лепш выбіраць паўнавартаснае аўтакрэсла з максімальным узроўнем абароны. Не трэба гнацца за таннасцю.
– Заўсёды трэба памятаць пра рамяні бяспекі ў самім крэсле, інакш губляецца ўвесь сэнс яго наяўнасці. Kaлi ж яны не прадугледжаны канструкцыяй, то аўтамабільны дыяганальны рэмень павінен праходзіць праз плячо i грудную клетку i не саслізгваць на шыю.
– Kaлi дзіця знаходзіцца ў свядомым узросце, то лепш выбіраць утрымлівальныя прыстасаванні разам з iм. Яно зможа «прымераць» крэсла, а таксама выбраць расфарбоўку, якая спадабаецца.
– Самым бяспечным для ўстаноўкі аўтакрэсла памылкова лічыцца месца ззаду пасярэдзіне. Гэта дакладна толькі ў тым выпадку, калі ўсе сядзенні, як у мінівэнах, падзеленыя. Інакш паверхня ў цэнтры найбольш няроўная i крэсла замацоуваецца няўстойліва. На 5% больш бяспечным з’яўляецца месца ззаду справа, бо яно далей ад сустрэчнай паласы руху.
«ПАДАРУНАК» З ДАНІІ
Службовыя асобы Мінскай рэгіянальнай мытні ў пункце мытнага афармлення «Мінская пошта» выявілі факт перамяшчэння ў міжнародным паштовым адпраўленні буйной партыі забароненай друкаванай прадукцыі.
На мытні для правядзення кантролю было прад’яўлена міжнароднае паштовае адпраўленне з Даніі ў Беларусь. У дэкларацыі ўтрымліваліся недакладныя звесткі аб тавары. У ходзе агляду ў паштовым адпраўленні былі заўважаны кнігі, CD і канцылярскія прылады.
Указаная друкаваная і аўдыяпрадукцыя была накіравана мытняй у апарат Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь для правядзення рэлігіязнаўчага аналізу.
Згодна з заключэннем спецыялістаў, выяўленая літаратура і аўдыяпрадукцыя ўяўляе сабой метадычны дапаможнік па навучанні прапаведнікаў царквы саенталогія – рэлігійнага аб’яднання, не зарэгістраванага ў якасці рэлігійнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Па папярэдняй ацэнцы, кошт выяўленай літаратуры склаў каля 9 тысяч рублёў.
У адпаведнасці з арт. 26 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», для ўвозу і распаўсюджвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэлігійнай літаратуры рэлігійная арганізацыя павінна быць афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі і прайсці працэдуру дзяржаўнай рэлігіязнаўчай экспертызы друкаванай і іншай прадукцыі рэлігійнага зместу, што ўвозіцца. Згодна з заключэннем апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, увоз у краіну выяўленай літаратуры і аўдыяматэрыялаў з’яўляецца незаконным, паколькі ўказаныя ўмовы не былі выкананы.
Прадукцыя, якая незаконна пераслана, была канфіскавана. Па гэтым факце супрацоўнікамі мытні пачаты адміністрацыйны працэс па ч. 3 арт. 14.5 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Таццяна ЛІННІК, інспектар Мінскай рэгіянальнай мытні