Аптэчная справа

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

image_pdfimage_print

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці праведзены маніторынг стану аптэчнай сеткі і насычэння ўнутранага рынку лекавымі сродкамі на тэрыторыі Лагойскага, Нясвіжскага і Смалявіцкага раёнаў.

Маніторынг паказаў, што праблемнымі з’яўляюцца пытанні нерацыянальнага размяшчэння аптэк і неадпаведнасці іх сучасным патрабаванням, прыцягнення і замацавання на месцах маладых правізараў і фармацэўтаў, а таксама насычэння рынку айчыннымі лекавымі сродкамі і павелічэння аб’ёму імпартазамяшчэння.

У асноўным аптэкі знаходзяцца ў гарадах і ў меншай ступені ў сельскай мясцовасці. Пры гэтым камерцыйныя аптэкі размяшчаюцца ў найбольш шматлюдных месцах (на галоўных вуліцах, каля буйных гандлёвых аб’ектаў і рынкаў). Так, у Лагойскім раёне 9 з 12 аптэк сканцэнтраваны ў раённым цэнтры і гарадскім пасёлку Плешчаніцы. У раёне на адну сельскую аптэку прыходзіцца ў два разы больш насельніцтва, чым на гарадскую (адпаведна 5,6 і 2,9 тысячы чалавек). У г. Смалявічы прыватная аптэка знаходзіцца на адной з галоўных гарадскіх вуліц з магазінамі (Сацыялістычная, д. 5), а цэнтральная раённая аптэка № 23, наадварот, размешчана ў менш выгадным месцы – квартале індывідуальнай жылой забудовы па вул. Наватараў, 4. Пры гэтым дзяржаўныя аптэкі маюць менш прывабны выгляд, паколькі рамонты ў іх вядуцца гадамі, а ўтрыманне некаторых патрабуе неадкладнага паляпшэння.

Напрыклад, у Лагойску каля двух гадоў вядзецца рамонт цэнтральнай раённай аптэкі № 24, якая размяшчаецца ў падвальным памяшканні з малой і нязручнай залай для пакупнікоў. Тэрміновага капітальнага рамонту (замены пячнога ацяплення і аконных блокаў, падлогі і інш.) патрабуе будынак, у якім размяшчаецца аптэка № 144 у в. Драчкава Смалявіцкага раёна. Працяглы час у Смалявічах не працуюць аптэка № 58 па вул. 40 гадоў Перамогі, 45, з-за рамонту арандаванага будынка, які зацягнуўся на 10 месяцаў, а таксама аптэка № 230 па вул. Сацыялістычнай, 32, у сувязі з адсутнасцю спецыяліста (правізара).

Акрамя таго, маніторынг паказаў недастатковасць мер, якія прымаюцца беларускімі вытворцамі і РУП «Мінская фармацыя» па рэалізацыі айчынных лекавых прэпаратаў, у тым ліку нагляднай агітацыі (друкаваных інфармацыйных матэрыялаў) аб перавазе айчынных лекаў і іх цэнаснай даступнасці. Адсутнасць у аптэчнай сетцы належнай рэкламы прадукцыі беларускіх фармкампаній не спрыяе актыўнаму руху айчыннай прадукцыі і стрымлівае імпартазамяшчэнне на рынку лекавых сродкаў.

Пры гэтым у дзяржаўнай айчыннай сетцы не заўсёды ёсць у продажы неабходны запас лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці (не менш за 10 упаковак у аптэках першай і другой катэгорый і не менш за тры ўпакоўкі ў аптэках ніжэйшай катэгорыі), а таму грамадзяне вымушаны набываць імпартныя дарагія аналагі. Напрыклад, у Смалявіцкім раёне ў цэнтральнай раённай аптэцы № 23 (першай катэгорыі) прапаноўвалі да продажу менш за 10 упаковак 15 лекавых сродкаў, у аптэцы № 144 у в. Драчкава (трэцяй катэгорыі) – менш за тры ўпакоўкі 18 прэпаратаў.

Варта адзначыць, што ў цяперашні час укамлектаванасць дзяржаўных аптэк фармацэўтычнымі спецыялістамі ў сістэме РУП «Мінская фармацыя» складае 79%. Сярод фармацэўтычных работнікаў пятую частку складаюць людзі пенсійнага ўзросту, з якіх больш трэці працуюць у сельскай мясцовасці. У выпадку іх выхаду на пенсію работа аптэк будзе прыпынена да запаўнення вакансій.

Камітэтам унесены адпаведныя прадстаўленні Мінаблвыканкаму і накіраваны рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў РУП «Мінская фармацыя», вінаватыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

М. ФРАЛОВА,начальнік упраўлення бюджэтна-фінансавай сферы і дзяржаўных органаў КДК Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *