Дзе Літва, а дзе Засулле

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

12-1-12-30y

Паўтарагадзінныя канцэрты, з якімі выехалі ў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу работнікі і самадзейныя артысты Навасвержанскага дома культуры, падарылі вяскоўцам раёна вясёлы і нават гарэзлівы, з танцавальнай свабодай, настрой.

Іх выступленні ладзіліся ў Літвенскім і Засульскім дамах культуры перад працаўнікамі ААТ «Рочавічы» і ААТ «Каганец». Святочная праграма складалася з выступленняў адметных вакальных калектываў – «Дзянніца» і «Рамонак», народнага хору народнай песні «Панямонь». А своеасаблівай «разынкай»-суправаджэннем сталі гумар і трапныя жарты акурат з нашага жыцця.

– Падобны стыль канцэртнай дзейнасці навасвержанскія артысты засвоілі на працягу апошніх гадоў падчас выступаў перад работнікамі лесазавода. І ніводнага разу не пашкадавалі – лесазаводцы прымалі нас на «ўра», – зазначае хармайстар Навасвержанскага дома культуры Ала Янская.

Не выключэннем стала і выступленне перад сельскімі працаўнікамі. На канцэртах – і ў Засуллі, і ў Літве – зала адгукнулася выбухамі смеху і непасрэдным удзелам. Самыя дасціпныя падхоплівалі жарты пра сямейныя адносіны, заробак і іншыя важныя рэчы і вынаходліва развівалі іх далей, нібыта кідалі ў вір экспромтаў, не даючы знікнуць той асаблівай атмасферы, што ўзнікла паміж артыстамі і гледачамі. У пэўны момант з аднаго з радоў узнялася жанчына і вельмі шчыра, як кажуць сябры, папрасіла заспяваць песню «Деревня моя». Песня па заяўцы была выканана – акапэльна… І калі ў засульскай зале загучала танга, сярод вяскоўцаў знайшліся тыя, хто з ахвотай і настроем пайшлі ў танец, прыгадаўшы маладосць і юнацкі запал…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *