Са словам Коласа і песняй аб міры

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Пры поўным аншлагу ў тэрытарыяльным цэнтры прайшло выступленне двух музычных калектываў – хору «Родны кут» з ліку наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і калектыву «Судьбы», у складзе якога – былыя малалетнія вязні фашызму з Першамайскага раёна г. Мінска. І, безумоўна, у літаратурна-музычнай гасцёўні гучала слова Коласа.

Шаноўныя сталічныя госці, у рэпертуары якіх пераважаюць песні аб міры, на Стаўбцоўшчыне не ўпершыню. Сваю творчасць яны ўжо дарылі жыхарам Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. А ўвогуле яны могуць пахваліцца гастрольнымі выступленнямі ў Польшчы, Чэхіі, Казахстане, Расіі. Мастацкі кіраўнік Людміла Бурдыка зазначыла, што нядаўна «Судьбы» вярнуліся са Швецыі. Паўсюдна іх цёпла вітаюць, а песні ваенных гадоў слухачы, як правіла, падпяваюць разам з артыстамі. Удзельніца калектыву і старшыня грамадскага аб’яднання былых малалетніх вязняў фашызму Першамайскага раёна Галіна Змушко расказала аб дзейнасці аб’яднання, падзялілася творчымі планамі.

Тон сустрэчы задаў хор «Родны кут», ён жа і завяршыў праграму. Хор дзейнічае на працягу двух гадоў, але, як адзначае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс, з прыходам мастацкага кіраўніка Міхаіла Міткевіча яго голас загучаў па-новаму. Міхаіл Міткевіч – акампаніятар-віртуоз, а кожны ўдзельнік хору – індывідуальнасць, вялікі аматар песні. Хор ужо браў удзел у фестывалі ў Клецку, фестывалі песні ў раённым Цэнтры культуры і інш. Наперадзе – новыя праекты, і адзін з іх – калядны фестываль.

Репетэцыі хору праходзяць непасрэдна ў тэрытарыяльным цэнтры кожны тыдзень, а пры набліжэнні адказных выступленняў – і часцей. Усе ўдзельнікі, а іх 16 чалавек, з радасцю чакаюць кожнай сустрэчы.

Цудоўна дапоўнілі сустрэчу вершы паэтаў-нашчадкаў Якуба Коласа – Алеся Камароўскага, Алены Маскевіч, Аляксандры Бібікавай. У іх гучалі прысвячэнні песняру і яго неўміручай творчасці.

На гасціннай зямлі Коласа Сяргей Есіс уручыў гасцям падзячны ліст і падарункі, падрыхтаваныя валанцёрам Алай Мешыч (сыравіну для дэкаратыўных скураных вырабаў прадаставіў ІП Анатоль Брылеўскі). Наведвальніца аддзялення Рэгіна Хамо спякла каравай, а Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» запрасіў удзельнікаў сустрэчы на дэгустацыю сваёй прадукцыі – натуральных сокаў і нектараў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *