Да Дня інвалідаў. З намерам – cустракацца

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў у нашым раёне прайшлі мерапрыемствы. У ліку іх – адборачны тур першага абласнога фестывалю мастацкай самадзейнасці «Гарачае сэрца» сярод аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў Мінскай вобласці. У гэтым спісе – і справаздачна-выбарная канферэнцыя пярвічнай гарадской арганізацыі раённага аб’яднання інвалідаў.

Акрамя стаўбцоўскай, у склад гэтага аб’яднання ўваходзяць яшчэ дзве пярвічныя арганізацыі – Вішнявецкая і Навасвержанская. Ва ўсіх іх перад справаздачна-выбарнай канферэнцыяй раённага аб’яднання інвалідаў пройдуць справаздачна-выбарныя сходы.

На гэты раз у раённым Цэнтры культуры справаздачу трымаў Міхаіл Мазур. Ён доўгі час узначальваў раённую арганізацыю, і яму даручана было выступіць з трыбуны і расказаць аб тым, чым жыла пярвічная гарадская арганізацыя апошнія пяць гадоў. Найперш было адзначана, што тыя, каму дазваляе здароўе, застаюцца актыўнымі членамі грамадства, удзельнічаюць у культурна-масавых мерапрыемствах. Напрыклад, Лілія Хамко прадстаўляла стаўбцоўскую арганізацыю інвалідаў на фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску і атрымала дыплом. Наталля Паўлючэнка была ў складзе журы адборачнага тура першага абласнога фестывалю мастацкай самадзейнасці «Гарачае сэрца». А Іван Клімовіч і Алена Друзік выдатна выступілі ў конкурснай праграме гэтага фестывалю. Члены арганізацыі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі клубаў па інтарэсах і гурткоў тэрытарыяльнага цэнтра.

Падчас абмеркавання справаздачнай інфармацыі выступілі ўдзельнікі сходу з залы. У ліку іх – Ніна Іванаўна Ермаковіч. Яна выказала думку многіх, што арганізацыя інвалідаў прыходзіць на дапамогу яе членам у цяжкіх абставінах. Так было і ў яе жыцці, калі ёй давялося гадаваць сваіх асірацелых унукаў, а пазней яшчэ прыняць у сям’ю і прыёмных дзяцей. Потым здарылася бяда – на анкалогію захварэў муж, якога ёй прыйшлося даглядаць.

Ніна Іванаўна прывяла прыклады клопату, з якім да яе аднёсся тады старшыня раённай арганізацыі інвалідаў. Яна падышла да Міхаіла Мазура і са слязамі абняла яго ў знак удзячнасці. Цёплыя словы выказала Зінаідзе Катлашэўскай, якая на той час узначальвала Беларускае аддзяленне нямецкага дабрачыннага фонду, з любоўю і вялікай увагай дапамагала Ніне Іванаўне, каб дзеці былі апранутымі, каб мелі іншыя патрэбныя для вучобы і жыцця рэчы. Зінаіда Катлашэўская і цяпер працягвае займацца дабрачыннай дзейнасцю: яна адгукнулася на просьбу і прапанову ўзначаліць грамадскую арганізацыю – раённае аб’яданне інвалідаў. І за год сумела сваімі стараннямі актывізаваць актыўнасць членаў арганізацыі, якая за гэты час прырасла на 60 чалавек.

З вялікай павагай, клопатам да прысутных у зале выступілі перад імі намеснік начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко. Наталля Аляксандраўна зрабіла акцэнты на тым, што дзяржаўныя органы ніколі не адасабляліся ад грамадскіх арганізацый. Яны цесна супрацоўнічаюць, паколькі маюць адны і тыя ж задачы – ствараць належныя ўмовы для жыцця людзям пажылога ўзросту і з абмежаваннямі ў здароўі, дапамагаць тым, у каго з-за розных жыццёвых абставін з’явіліся сур’ёзныя парушэнні ў здароўі, не падаць духам, а падбадзёрыцца і глядзець у будучае з аптымізмам. Было адзначана, што апошнім часам улады і дзяржаўныя органы надаюць вялікую ўвагу стварэнню безбар’ернага асяроддзя. Прыкладам могуць служыць райбальніца, аддзяленні банкаў і іншыя арганізацыі ў райцэнтры, дзе зроблены пандусы і поручні. Зручны пандус абсталяваны ў райвыканкаме, што дазваляе інваліду-калясачніку пры патрэбе падняцца і самому прыйсці на прыём да адказных асоб. Прамоўца адзначыла, што яшчэ неабходна нямала зрабіць, каб павысіць якасць жыцця людзей з абмежаваннямі ў здароўі.

Загадчык аддзялення дзённага прабывання людзей пажылога ўзросту раённага тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс расказаў прысутным аб паслугах, якія аказвае цэнтр, запрасіў наведваць клубы па інтарэсах, гурткі, святочныя мерапрыемствы, што дасць магчымасць разам сустракацца, мець зносіны, і гэта зробіць жыццё больш напоўненым, не замкнутым у сваіх праблемах.

Старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Зінаіда Катлашэўская выказала спадзяванне, што грамадскае аб’яднанне ажывіць сваю работу тым, што кожны член арганізацыі будзе ахвотна адклікацца на запрашэнні сустракацца, прымаць удзел у мерапрыемствах. Зінаіда Сяргееўна данесла да прысутных такую важную інфармацыю. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Гэты спецыяльны міжнародны дагавор у галіне абароны правоў чалавека ўстанаўлівае міжнародныя стандарты забеспячэння правоў і свабод інвалідаў і канкрэтызуе абавязкі дзяржавы ў адносінах да данай катэгорыі грамадзян. Для рэалізацыі нормаў Канвенцыі распрацоўваецца Нацыянальны план, накіраваны на ўдасканаленне сістэмы медыка-сацыяльнай экспертызы, прадастаўлення сучасных рэабілітацыйных паслуг, а таксама забеспячэнне доступу інвалідаў да працы і сацыяльнай інфраструктуры. Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у кастрычніку бягучага года. Прэзідэнт краіны падпісаў гэты дакумент.

Зінаідай Катлашэўскай была выказана ўдзячнасць тым калектывам і людзям, якія аказалі арганізацыі інвалідаў спонсарскую падтрымку. У ліку іх – райвыканкам, раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, фермерская гаспадарка «Сула», ААТ «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», торфабрыкетны завод «Нёман», рэдакцыя раённай газеты «Прамень», вузел паштовай сувязі, раённы Цэнтр культуры, цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, узбуйненая друкарня, Белсаюздрук, прыватная фірма «12 крэслаў», раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа, індывідуальныя прадпрымальнікі Сяргей Пяткевіч, Таццяна Навасельская, Аляксандр Сазановіч, Ала Сагайдакевіч, Святлана Лапко, Баір Санжыеў, Сяргей Гайко, уладальнікі гандлёвых кропак рынку «Кірмаш» і тыя, хто пажадаў застацца неназваным.

Узначаліць пярвічную гарадскую арганізацыю інвалідаў на новы выбарчы тэрмін даверылі Наталлі Лобач. Выбраны дэлегаты на справаздачна-выбарную канферэнцыю раённага аб’яднання інвалідаў, якая адбудзецца ў лютым 2017 года.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *