Без візы – не дакумент

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

6-2-12-03v

Юрыдычным сектарам райвыканкама візіруюцца ўсе рашэнні мясцовай улады, а таксама разглядаюцца звароты грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб. Гэта азначае, што праз юрыдычную службу дакументальна праходзіць усё жыццё раёна – ад паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, пасяўной і ўборачнай да аховы правапарадку, работы з абавязанымі асобамі, культурных акцый і т. п.

– Мая асноўная задача заключаецца ў забеспячэнні захаванасці законнасці ў дзейнасці райвыканкама і яго службовых асоб. Гэта напрамую звязана з правядзеннем юрыдычнай экспертызы праектаў нарматыўна-прававых актаў раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, разглядам сумесна з іншымі структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама зваротаў грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, – тлумачыць загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Любоў ЖЫБУЛЬ.

– Любоў Міхайлаўна, з улікам рознабаковасці жыцця раёна вам неабходна быць кампетэнтнай у розных відах заканадаўства, валодаць абстаноўкай у раёне і т. п.

– У выканкам я прыйшла юрысконсультам у 2003 годзе, і за гэты перыяд працавала з рознымі відамі заканадаўства рэспублікі (з 2005 года па 2012 год – пераважна працоўнае, выбарчае), а з лістапада 2012 года, будучы прызначанай на пасаду загадчыка юрыдычнага сектара, займаюся шырокім спектрам юрыдычных пытанняў. Акрамя таго, уключана ў склад розных камісій (адміністрацыйнай, па справах непаўналетніх і т. п.), якія працуюць пры райвыканкаме, падчас выбарчых кампаній – у склад акружной і раённай выбарчых камісій. Бяру ўдзел у прыёмах грамадзян, якія праводзіць старшыня райвыканкама. Інтарэсы райвыканкама адстойваю ў судах, у тым ліку ў Эканамічным судзе, калі справа носіць значныя фінансавыя маштабы. Пры праверцы рашэнняў, распараджэнняў на іх адпаведнасць дзеючаму заканадаўству прыбягаю да прававой базы даных «Эталон». Яна штодзённа актуалізуецца, і гэта вельмі важна для юрыста, які ставіць на дакуменце сваю візу.

– Асобныя рашэнні райвыканкама можна знайсці ў Нацыянальным рэестры прававой інфармацыі. Што гэта за рашэнні?

– Рашэнні лакальныя, мясцовага значэння, становяцца дакументам адразу пасля подпісу старшыні выканкама. Такія рашэнні, як правіла, разглядаюцца на пасяджэнні выканкама штотыдзень. Найбольш пытанняў сярод іх датычыць зямельнага заканадаўства, а менавіта прадастаўлення, выдзялення, адабрання зямельных участкаў у розных суб’ектаў гаспадарання і грамадзян.

Але на ўзроўні органаў мясцовай улады могуць прымацца і нарматыўна-прававыя акты, якія праходзяць абавязковую юрыдычную экспертызу ў галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага аблвыканкама, Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі. Пасля станоўчага заключэння гэты нарматыўна-прававы акт афіцыйна публікуецца на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале і, адпаведна, уступае ў законную сілу пасля апублікавання. Адзін з апошніх такіх актаў называўся «Аб устанаўленні броні для прыёму на работу асобных катэгорый грамадзян на 2017 год». Дакумент мае значэнне для сацыяльнай абароны малаабароненых катэгорый грамадзян.

– З кім непасрэдна вы працуеце, каб забяспечыць захаванне законнасці ў дзейнасці органаў мясцовай улады?

– У працэсе работы прыходзіцца сутыкацца фактычна з усімі суб’ектамі гаспадарання раёна, прычым не абавязкова з іх юрыстам. Часта распрацоўшчыкамі таго ці іншага праекта рашэння выступаюць людзі без юрыдычнай падрыхтоўкі (юрыст у штаце не прадугледжаны). Сярод сваіх калегаў хацелася б адзначыць юрысконсульта аб’яднання камунальных службаў Алену Хурс. З гэтым спецыялістам у нас поўнае ўзаемаразуменне, хоць вырашаць прыходзіцца дастаткова вялікі аб’ём прававых пытанняў. Актуальныя з іх на даны момант – увядзенне камп’ютарнай праграмы «Адзіны разлік», прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый. На працягу года разам з юрыстам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўшчыльную працуем над пытаннем павелічэння долі дзяржавы ў сельскагаспадарчых адкрытых акцыянерных таварыствах.

– Вы сказалі, што працуеце ў складзе розных камісій. Як часта паступаюць вам скаргі на пастановы раённай адміністрацыйнай камісіі і аналагічных камісій пры сельвыканкамах?

– Іх паступае нямнога. Часцей грамадзяне выкарыстоўваюць сваё права на абскарджанне ў судзе, а не ў райвыканкаме. Не так даўно была пададзена скарга на тое, што адміністрацыйны пратакол, складзены па факце пажару, быў разгледжаны раённай адміністрацыйнай камісіяй у адсутнасць заяўніка. Пастанова была адкладзена, а адміністрацыйны матэрыял накіраваны на новае расследаванне.

– Не раз даводзілася чуць, як грамадзяне наракаюць на недасканаласць заканадаўства. А вы што скажаце на гэты конт як спецыяліст са значным практычным вопытам?

– Неабходнасць удасканалення заканадаўства сапраўды існуе. Прыходзіцца сутыкацца з такімі сітуацыямі, якія ў законе не прапісаны. Да прыкладу, пакуль незразумела, як прадаваць аб’екты незавершанага, незакансерваванага капітальнага будаўніцтва (адсутнічае асобнае палажэнне адносна такіх аб’ектаў). Хочацца закрануць і пытанне садовых таварыстваў, якіх у раёне больш за 40. Згодна з Указам № 50 іх члены маюць права звяртацца ў райвыканкам для аказання прававой дапамогі. Аднак некаторыя дачнікі ўспрынялі гэта як магчымасць вырашэння сваіх міжасобавых спрэчных пытанняў, а не як права на прававую кансультацыю. Пытанням прававой асветы жыхароў раёна надаецца асаблівая ўвага. Зацверджана спецыяльная праграма, якая ўключае выступленні ў працоўных калектывах, пытанні-адказы на хвалюючыя тэмы. І ў Стоўбцах, дарэчы, прайшоў у гэтым годзе міжрэгіянальны прававы семінар, на які былі запрошаны суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Як стварыць свой бізнес на практыцы і заключыць дагавор так, каб не трапіць у сітуацыю спагнання даўгоў, як з найбольшай для сябе выгадай уплываць на дэбітораў – на гэтыя і іншыя злабадзённыя пытанні давалі адказы адвакат і прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама, інспекцыі па падатках і зборах, юрыдычнай кансультацыі.

– Якія вашы пажаданні юрыстам раёна напярэдадні прафесійнага свята?

– Жадаю не забываць, што наша прафесія – у ліку самых цікавых, яна вучыць бачыць не толькі агульнае, а і дэталі, дробязі. Разам з ёю мы развіваемся і пашыраем свае веды. Моцнага ўсім здароўя, шчасця і дабрабыту!

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *